“Белшына” пастаўляе на экспарт каля 60 працэнтаў прадукцыі

Брэнд са знакам якасці

“Белшына” пастаўляе на экспарт каля 60 працэнтаў прадукцыі. На экспартнай карце прадпрыемства з’явіліся Германія, Аўстрыя, краіны Скандынавіі, таксама Македонія і Балгарыя.


Аўтааматары са стажам памятаюць часы, калі прадукцыя пад маркай “Белшына” карысталася не лепшай рэпутацыяй. Асартымент быў невялікі. Ды і якасць часам кульгала. Але гэты стэрэатып ужо састарэлы. Пераканаўся на ўласным досведзе. Неяк мая машына раптам аказалася негатовай да зімы — у сярэдзіне лістапада выпаў снег, а на аўто стаяла летняя гума, на якой перасоўвацца па дарогах было даволі рызыкоўна. Пачаў шукаць шыны па сезоне. Але ні на рынку, ні ў магазінах вырабаў вядомых брэндаў не апынулася. Узяў прадукцыю “Белшыны”. І не пралічыўся. Гума паказала сябе вельмі нядрэнна. Узімку ўдавалася выбрацца практычна з любога сумёта. Ды яшчэ на буксіры выцягнуць машыны прыяцеляў, на колах якіх быў “абутак” ад знакамітых у шынным свеце вытворцаў.

З тых часоў да прадукцыі беларускага прадпрыемства перастаў адносіцца са скепсісам. І ў гэтым я не адзінокі. А на прадпрыемстве, наколькі можна меркаваць па асартыменце вырабаў “Белшыны”, які пастаянна абнаўляецца, маюць намер і далей заваёўваць новых прыхільнікаў. Некалькі гадоў назад у ААТ “Белшына” было пачата чарговае маштабнае тэхнічнае пераўзбраенне коштам у сотні мільёнаў еўра. Асноўная мэта — асваенне і ўкараненне ў вытворчасць новых тыпаразмераў шын, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, павышэнне канкурэнтаздольнасці. І хоць мадэрнізацыя яшчэ ідзе поўным ходам, ужо можна смела сказаць: на месцы старой “Белшыны” з’явілася фактычна новае прадпрыемства. Яно аснашчана на ўзроўні сусветных лідараў шыннай прамысловасці. Адрозненне толькі ў рэцэптуры гумы, якую кожны вытворца захоўвае ў таямніцы.

Не адзін раз бачыў, як робяцца пакрышкі для легкавых машын, грузавікоў. І штораз працэс зачароўвае. Аператар на станку размяшчае два “крылы” шыны, а ўсё астатняе робіць машына — праз 47 секунд нараджаецца гатовы выраб, які затым вулканізуецца. І ўсё — шыну можна ўстанаўліваць на аўтамабіль.

У бліжэйшай перспектыве плануецца асвоіць легкавыя шыны з пасадачным дыяметрам да 20 цаляў. Іншымі словамі, мадэльны шэраг шын бабруйскай вытворчасці пашырыцца настолькі, што “абуць” у іх можна будзе любы аўтамабіль — ад гарадской мікралітражкі да вялікага пазадарожніка.

А ў адным з падраздзяленняў прадпрыемства — заводзе буйнагабарытных шын — распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць шыны для энерганасычаных трактароў — як беларускіх, так і замежных. Новыя шыны здольныя вытрымліваць больш высокія нагрузкі пры эксплуатацыі і аказваюць меншую ўдзельную нагрузку на глебу.

Ці можа прадукцыя бабруйчан паспяхова канкурыраваць на сусветным рынку? Безумоўна. Ужо сёння “Белшына” фактычна ўдзельнічае ў міжнародным падзеле працы. Частка прадукцыі, выпускаемай на заводзе буйнагабарытных шын, выходзіць за вароты прадпрыемства пад брэндам сусветна вядомага вытворцы “Трэлеборг”: бабруйчане пад маркай міжнароднай групы кампаній выпускаюць для іх прадукцыю.

На заводзе звышбуйнагабарытных шын плануецца вырабляць шыны для айчынных самазвалаў грузападымальнасцю да 360 тон і замежнай кар’ернай тэхнікі. Пакуль такія выпускаюць толькі дзве кампаніі ў свеце. У хуткім часе ім складзе канкурэнцыю “Белшына”.

Пасля даволі працяглага перапынку прадукцыя бабруйскіх шыннікаў вяртаецца ў Тальяці. “Белшына” намінавана генеральным пастаўшчыком шын на АўтаВАЗ для камплектацыі новай “Лада-Веста”. Перш чым падпісаць кантракт, аўтавытворца паставіў умову: шыны павінны прайсці выпрабаванні на адным з вядучых еўрапейскіх палігонаў у Іспаніі, каб убачыць, што беларуская прадукцыя не горшая за выпускаемую пад знакамітымі маркамі. Шыны экзамен вытрымалі. Сам бачыў пратаколы выпрабаванняў, у якіх адзначана, што бабруйская прадукцыя па шэрагу паказчыкаў пераўзыходзіць самыя вядомыя брэнды.

“Белшына” пастаўляе на экспарт каля 60 працэнтаў прадукцыі. Асноўным спажыўцом з’яўляецца расійскі рынак. Аднак, разумеючы неабходнасць наяўнасці падушкі бяспекі на выпадак змены эканамічнай сітуацыі, кіраўніцтва прадпрыемства арыентуецца на дыверсіфікацыю рынкаў збыту. ААТ вяртаецца на рынак Бразіліі, Аўстраліі, істотна павялічыла пастаўкі ў Сербію, Македонію, Балгарыю. На экспартнай карце прадпрыемства з’явіліся Германія, Аўстрыя, краіны Скандынавіі. Адным з перспектыўных рынкаў з’яўляецца Інданэзія, адноўлены пастаўкі шын у Турцыю.

У мадэрнізацыю вытворчасці “Белшына” ўкладвае каласальныя сродкі. І гэтая стратэгія сябе цалкам апраўдвае. Граматнае тэхнічнае пераўзбраенне забяспечвае прадпрыемству дастойнае месца сярод сусветных лідараў.

Павел Мінчанка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter