Чем Беларусь привлекает туристов

Брэнд і трэнд

Моцны штуршок на шляху сваёй турыстычнай прыцягальнасці зрабіла за апошнія гады Беларусь. Прычым як у сферы знешняга турызму, так і для падарожнікаў унутры краіны, якім цяпер прыйшлося даспадобы адпачываць на Бацькаўшчыне, наноў адкрываючы для сябе нашу Радзіму — край бясконцых азёраў і рэк, шматлікіх дзівосных куточкаў беларускай зямлі з некранутай прыроднай прыгажосцю.


Прыкметную ролю для развіцця і іміджу тургаліны адыграюць шматлікія рэйтынгі і прагнозы, што складаюць вядомыя турыстычныя медыя, інтэрнэт-рэсурсы і ўпаўнаважаныя спецыялізаваныя міжнародныя агенцтвы. Так, летась беларуская сталіца неаднойчы прызнавалася найбольш папулярным горадам для наведвання для грамадзян краін СНД, расійскіх і кітайскіх турыстаў. Разам з тым Мінск па апытанні амерыканскага сеткавага парталу The Street увайшоў у тройку самых чыстых гарадоў планеты (усяго ў згаданым спісе апынулася 30 вялікіх гарадоў свету). 

Асобная тэма — аграсядзібы, якія ў свой час атрымалі беспрэцэдэнтную падтрымку беларускай дзяржавы. Зараз такіх аб’ектаў у краіне больш за дзве тысячы, а пачыналася ўсё з трох дзясяткаў. Згодна з ацэнкай расійскага часопіса National Geographic Traveler, Беларусь двойчы прызнавалася лепшай па развіцці аграэкатурызму (у 2006-м і ў 2018 годзе).

Асноўнымі папулярнымі напрамкамі для гасцей рэспублікі па-ранейшаму застаюцца: спартыўны, медыцынскі, культурны, паляўнічы, гістарычны, прамысловы, прыгодніцкі і рэкрэацыйны турызм, сямейны і дзіцячы адпачынак у айчынных санаторыях і аграсядзібах, наведванне запаведнікаў, нацыянальных паркаў, гарналыжных курортаў Сілічы, Лагойск і Якуцкія горы.  

Бягучы год будзе вельмі багаты на выдатныя падзеі, а значыць, шчодрым і для масавага росту аб’ёмаў турыстычнай галіны. Сярод знакавых мерапрыемстваў — чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, II Еўрапейскія гульні, міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, іншыя славутыя спартыўныя і культурныя форумы.

Безумоўна, гэтаму трэнду садзейнічае мэтанакіраваная палітыка адкрытасці нашай дзяржавы: дзейнічаюць 30-дзённы бязвіз для замежных грамадзян амаль з 80 краін свету, якія наведваюць нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, бязвізавы 10-дзённы рэжым знаходжання замежных турыстаў на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей — паводле ўказа № 462 (дзейнічае з 1 студзеня 2018 года). Цяпер Міністэрства спорту і турызму рыхтуе прапановы па аб’яднанні турысцка-рэкрэацыйных зон гэтых заходніх абласцей Беларусі. Гэта дазволіць стварыць новыя турыстычныя маршруты, палепшыць адпаведную інфраструктуру, дапаможа пашырыць паток турыстаў, павялічыць тэрыторыю і час іх пражывання ў нашай краіне.

Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на намесніка дырэктара Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Віталя Грыцэвіча, па папярэднім вынікам: у 2018-м Беларусь павялічыла экспарт турыстычных паслуг на 13—14 працэнтаў, што склала каля 218 мільёнаў долараў. Да таго, па звестках Дзяржаўнага памежнага камітэта, у мінулым годзе ў нашу рэспубліку прыехалі больш чым 4,7 мільёна замежных грамадзян (для параўнання, у 2017-м іх было зафіксавана 4,3 мільёна, а з улікам усходняга патоку, па лічбах Белстата, Беларусь наогул наведала 11 мільёнаў замежнікаў). Прагназуецца: за 2018 год агульная колькасць нашых гасцей павінна выйсці на ўзровень не менш за 12 мільёнаў. Дадам таксама, што толькі Нацыянальны аэрапорт “Мінск” летась прыняў звыш за 4,5 мільёна пасажыраў. Традыцыйна да нас едуць з суседніх Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, а таксама Германіі, ЗША, КНР.

Для мэтавых беларуска-расійскіх падарожнікаў сумесна Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Беларусі і Расійскім рэестрам рэалізуецца праект па стварэнні турыстычнага атласа “Падарожнічаем разам: Расія — Беларусь”. 

У выданні збіраюцца адлюстраваць карты і інфармацыю па найбольш цікавых для наведвання турыстамі аб’ектах, санаторыях і курортах, памятных мясцінах.

А напрыканцы мінулага года на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызму было праведзена народнае галасаванне на лепшую канцэпцыю турыстычнага брэнда Беларусі — у конкурсе бралі ўдзел 17 аўтарскіх работ. У выніку вызначылася тройка лідараў, з якіх, пры неабходнай дызайнерскай дапрацоўцы, кампетэнтны экспертны савет вызначыць пераможцу. Застаецца крыху пачакаць. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter