Браты нашы меншыя

Некалькi разоў у нашых знаёмых уцякаў з выгулу вялiзны чорны сабака па мянушцы Блэк. Для гаспадароў гэта станавi­лася сапраўднай драмай...

Блэк  на  дыскатэцы

Некалькi разоў у нашых знаёмых уцякаў з выгулу вялiзны чорны сабака па мянушцы Блэк. Для гаспадароў гэта станавi­лася сапраўднай драмай. Аднойчы гаспадыня аб’ездзiла на таксi паўгорада, пакуль не знайшла свайго любiмца ў адным з далёкiх двароў. Лiчыльнiк «матора» накруцiў суму ледзь не ў месячны кошт аплаты за кватэру i камунальныя паслугi. Але жанчына плакала  ад шчасця. 

Самы прыкольны нумар аўчар-неслух выкiнуў, калi невядома ў каторы раз збег на... мала­дзёжную забаўляльную вечарыну. Гэта потым стала вядома, што Блэк неспадзеўкi зазiрнуў на дыскатэку. Паводзiў ён сябе, як сапраўдны рыцар. Нi на каго не брахаў, нi да каго не чапляўся, а дужа iнтэлiгентна i паважна назiраў за выкрутасамi юных гарэз. I па ўсiх прыкметах «чорны рыцар» прыйшоўся даспадобы гаспадарам вечарынкi. Хiба што не знайшлося для Блэка адпаведнай сяброўкi. Ды i рэпертуар адпачынку не зусiм сабачы. 

На шчасце, на дыскатэцы аказалiся хлопцы i дзяўчаты з Блэкавага дома. Напэўна, вялiзны чорны аўчар таксама пазнаў «землякоў». Бо, калi нацешыўся вiдо­вiшчамi мала­дзёжнага адпачынку, ён высакародна дазволiў  узяць сябе за ашыйнiк i даставiць па месцы пастаяннай «прапiскi». Кажуць, што наведваць дыскатэкi пасля гэтага ў «чорнага рыцара» прапала ўсялякая ахвота. Цьфу-цьфу, каб не сурочыць! 

А  ваш  кот    не  наркот?

Вельмi непрыемная гiсторыя здарылася з катом Цiшкам. Знайшоў, гарэза, згубленую iголку з кароткай нiткай i... у нядобры час заглынуў. Ды так, што iголка стала ўпоперак горла. 

Перапалоханы насмерць кот равеў благiм матам. З акрываўленай пашчы ляцела ружовая пена. Не менш жывёлiны перапалоха­лiся i гаспадары. Аднак да iголкi не падступiцца анiяк. 

Давялося тэрмiнова даставiць «самагубца» на кафедру хiрургii Акадэмii ветэрынарнай медыцыны. Там спаўна праявiлi айбалiтавы спрыт. Праўда, давялося ўвесцi адну дозу снатворнага прэпарата. Але ў перапэцканага крывёю i слiнаю Цiшкi ад звычайнай дозы – нi ў адным воку! Давялося дабавiць другi ўкол, пасля якога бедалага заснуў. 

— А ваш кот выпадкам не наркот? – пажартаваў ветурач, калi выцягнуў з пашчы параненага паганую iголку. 

— Гэта ў яго з перапуду такi «апетыт», — павесялеў гаспадар, — наркотыкамi Цiшку не частуем... 

Ужо вечарам кот ачомаўся ад нядаўняга стрэсу i як нi ў чым не бывала ласаваўся малаком са сподачка. 

Вясковы  «Вiскас»

Доўгiмi зiмовымi вечарамi сяляне цяпер, як i ў горадзе, бавяць вольны час перад блакiтным экранам. Але часам узнiкаюць свайго роду стыхiйныя вячоркi. На адных пайшла гаворка пра дамашнiх жывёлiн. 

Суседка распавядае суседцы, што яе кошка Аксана летам любiць паласавацца агуркамi ў суседнiм агаро­дзе. Пры гэтым чамусьцi грызе жоў­ценькiя, пераспелыя. На гэта сяброўка ёй адказвае, што яе кот Цiгрык часцяком з асалодай трускае не толькi агуркi, а нават сырую бульбу. 

— А вось мая Мурка, — уступае ў дыскусiю трэцяя кабета, — аб’ядае верхнiя лiсты капусты. Можа, ёй вiтамiну С у арганiзме не хапае? 

— Можа, i так, — пагаджаецца чацвёртая маладзiца. — Толькi мая кошка Пушынка дапамагае мне лузгаць семкi сланечнiка. I каб абавязкова былi падсмажаныя. Цырк на дроце! Насыплю ёй семак, дык Пушынка спачатку раскусiць семку, шалупiну адкiне ўбок, а зярнятка з’ядае. Самы сапраўдны цырк, суседачкi вы мае! 

Што далей, то гiсторый усё болей. Адна з кабет распавядае, што яе беспародны дварняк Бобiк не грэбуе капустай, агуркамi i бульбай. А ўлетку i таго мудрэй: сам «збiрае» з кусцiкаў чорныя парэчкi i садовыя малiны. Можа, i да агрэсту дабраўся б, ды той надта калючы... 

— I ў мяне сучачка Лада сама сiлкуецца морквай i агуркамi з агарода, а яблыкамi з саду. Я нават i не ганяю яе, бо яна гэта так акуратна робiць, што iншыя людзi могуць павучыцца... 

Вось у такой шчырай ды гумарыстычнай гамонцы праводзяць вечары ў адной з вёсак на беларускай поўначы. I падво­дзяць адпаведную рысу ў тэме. Маўляў, гарадскiя кошкi ды сабакi ў цёплых кватэрах гатовым «Вiскасам», iншымi вiтамiннымi далiкатэсамi частуюцца. А ў сялянскiх жывёлiн i доля сялянская: самiм трэба мiнеральныя рэчывы i вiтамiны з прыроднай кладоўкi здабываць. З чым мурзiкi i тузiкi адмыслова спраўляюцца! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter