Браты меншыя да братоў большых

На адным са штучных азёраў у Гомелі запрыкмецілі андатраў

Незвычайных суседзяў на адным са штучных азёраў мікрараёна Сельмашаўскі ў Гомелі запрыкмецілі жыхары вуліц Чапаева і Фадзеева.

Каб «ідэнтыфікаваць» вадаплаўных істот, спатрэбілася дапамога заолагаў. Па словах старшага выкладчыка кафедры заалогіі, фізіялогіі і генетыкі ГДУ імя Францыска Скарыны Дзмітрыя Патапава, насельнікамі гарадскіх вадаёмаў сталі андатры. Як яны трапілі сюды, застаецца загадкай, бо гэтыя звяркі звычайна селяцца ў аддаленых ад людзей мясцінах, часцей — на багатых расліннасцю балотах і меліярацыйных каналах.

Андатраў, відавочна, хтосьці спецыяльна прывёз і выпусціў у вадаём. На ўсякі выпадак да звяркоў спецыялісты раяць гараджанам не набліжацца, бо яны могуць з’яўляцца пераносчыкамі інфекцый, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам.

Цікава, што ў мінулую нядзелю ранкам вадзіцелі, якія праязджалі ў раёне адміністрацыйнага будынка СЭЗ «Гомель-Ратон» на вуліцы Фядзюнінскага, бачылі трох дарослых ласёў, якія няспешна гулялі па газоне непадалёк ад адміністрацыі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter