Брат-і-сястра, ці Напісанне праз злучок складаных назоўнікаў.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У маўленчай практыцы нярэдка ўзнікаюць сітуацыі, калі словы, якія функцыянуюць самастойна і маюць канкрэтныя значэнні, могуць аб’ядноўвацца ў найменне аднаго прадмета. Ёсць даволі рамантычныя назвы раслін, напрыклад, брат-і-сястра, што па-руску перадаецца як иван-да-марья. Часам гэтую кветку называюць мар’яннік дубраўны, братаўка ці браткі. Назвы, як правіла, маюць цікавую этымалогію. Ва ўсходнеславянскім фальклоры даволі распаўсюджаны баладны сюжэт пра разлучаных у дзяцінстве брата і сястру, якія ў юнацкім узросце сустрэліся і пакахалі адно аднаго. Аднак, даведаўшыся пра кроўнае сваяцтва, яны палічылі немагчымым быць разам. У адной з купальскіх балад чытаем:
Пойдзем, сястра, у поля,
Разсеемся абоя:
З мяне будзе жоўты цвет,
З цябе будзе сіні цвет.
Будуць дзеўкі краскі рваць
Й брата з сястрою
памінаць:
Гэта тая травіца,
Што брацейка
 з сястрыцай.
(З вуснай народнай творчасці.)
У энцыклапедыях фіксуюцца больш матываваныя назвы. Напрыклад, рускае не-тронь-меня — травяністая расліна сямейства бальзамінавых. Ад дотыку да гэтай расліны яе лісткі згортваюцца. Адсюль і назва. Ці вось як апісваў кветку любишь-не-любишь Леў Талстой: “Есть прелестный подбор цветов этого времени года: красные, белые, розовые, душистые, пушистые кашки; наглые маргаритки; молочно-белые с ярко-желтой серединой “любишь-не-любишь” с своей прелой пряной вонью...”.
Перад намі арыгінальныя назвы раслін, складнікі якіх у асобным выглядзе маюць зусім іншыя значэнні. І толькі аб’яднаўшыся ў адно, яны набываюць вобразнае гучанне, выступаюць у ролі наймення. Зразумела, што такое злучэнне патрабуе асаблівага правапісу, які мог бы перадаваць семантычныя нюансы і мелодыку створанага народам вобраза-кветкі.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” зафіксавана: пішуцца праз злучок субстантываваныя спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі раслін: брат-і-сястра. Тэрмін “субстантываваныя” абазначае пераход іншых часцін мовы ў назоўнік. У нашым выпадку такому пераходу падлягае спалучэнне трох слоў.
Часта праз злучок пішуцца запазычаныя імёны ўласныя. Сюды адносяцца прозвішчы, імёны, геаграфічныя назвы. Ужо не раз падкрэслівалася, што ў любой арфаграфіі найбольшыя цяжкасці выклікаюць напісанні запазычанняў. І гэта натуральна, бо запазычанае слова “вырастае на сваіх дражджах” і можа не падлягаць агульным заканамернасцям мовы, у якую трапляе. У такім выпадку актуалізуецца пытанне аб транслітарацыі, “гукавым перакладзе” на родную мову іншамоўнага слова. Напрыклад, прыстаўныя і канчатковыя элементы прозвішчаў звычайна абазначаюць на мове арыгіналу “сын” або “дачка”. Напрыклад, у шатландскіх прозвішчах Мак- абазначае “сын”, што ўказвае на гэльскае паходжанне. У большасці выпадкаў пішацца праз злучок, аднак ёсць выключэнні: Макдональд, Макдаўэл, Макбет і інш.
Цікава, што ў некаторых мовах перакладная частка “сын” знаходзіцца ў канцы прозвішча. Напрыклад, у ісландскай мове Свен Тарвардсан з’яўляецца сынам Торварда, а яго сын будзе мець “прозвішча” Свенсан (Sven’s Son). У англійскіх прозвішчах тыпу Джэксан, Джонсан, Андэрсан, Петэрсан, Ніксан апошняя частка -сан таксама расшыфроўваецца як “сын” (Джэка, Джона і г.д.). Такія назоўнікі не ўспрымаюцца намі як складаныя і пішуцца разам. Хаця ў мове-крыніцы яны ўтвораны ад двух слоў.
Праз злучок жа пішуцца:
састаўныя прозвішчы, імёны і назвы геаграфічных аб’ектаў: Бялыніцкі-Біруля, Дунін-Марцінкевіч, Жан-Жак Русо, Бурат-Манголія, Эльзас-Латарынгія, Аўстра-Венгрыя, Камянец-Падольскі, Буда-Кашалёва, Пераяслаў-Хмяльніцкі,  Давыд-Гарадок, Камень-Кашырскі;
уласныя геаграфічныя назвы, якія з’яўляюцца спалучэннем назоўніка з назоўнікам у месным склоне і прыназоўнікам на, а таксама падобнымі іншамоўнымі спалучэннямі слоў з дэ, сюр: Растоў-на-Доне, Франкфурт-на-Майне, Па-дэ-Кале, Булонь-сюр-Мэр.
Выклікае цяжкасці напісанне арабскіх, цюркскіх, персідскіх імён уласных, у якіх часткі -ага, -аглы, -ад, -аль,
-аш, -бай, -бей, -бек, -задэ,
-зуль, -кызы, -паша, -хан, -шах і інш. пазначаюць сацыяльнае становішча, сваяцкія адносіны і да т. п. Яны пішуцца праз злучок: Ахмат-шах, Асман-паша, Ізмаіл-бей, Курман-бай, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Зейнал-кызы, Асман-бек. Сюды ж адносіцца Бухар-жырау.
Праз злучок пішуцца іншамоўныя ўласныя назвы асоб і геаграфічных аб’ектаў з пачатковымі часткамі Ван-, Мак-, Нью-, Сан-, Санкт-, Сен-, Сент-: Ван-Дэйк, Мак-Магон, Мак-Кінлі, Нью-Кастл, Сан-Себасцьян, Сан-Марына, Санкт-Пецярбург, Сен-Санс, Сент-Экзюперы; а таксама ўласныя назвы паселішчаў з пачатковай часткай Усць-, Верх-, Соль-: Усць-Каменагорск, Верх-Ірмень, Соль-Ілецк.
Калі ў назве, якая складаецца з двух і больш назоўнікаў, першы абазначае родавае паняцце, а другі з’яўляецца ўласным імем, яны пішуцца асобна: рака Днепр, горад Мінск, вулкан Везувій, маёр Кравец, дзед Янка.
Артыклі і часціцы (да, дэ, ла, ле, ля і інш.), а таксама словы дэр, дон, фон, ван у іншамоўных уласных назвах пішуцца асобна: Леанарда да Вінчы, Шарль дэ Кастэр, Анарэ дэ Бальзак, ла Валета, ла Мот, ле Шапелье, ля Крэзо, Ван дэр Мейлен, фон дэр Гольц, дон Хуан, Людвіг ван Бетховен. Некаторыя з іх могуць указваць на сацыяльнае становішча. Так, французскае дэ сведчыць пра дваранскае паходжанне носьбіта прозвішча і пазначае родны склон “з” (Сезар дэ Вандом).
Асобна пішуцца словы ў геаграфічных уласных назвах, якія з’яўляюцца спалучэннем поўнага прыметніка ці парадкавага лічэбніка з назоўнікам: Стары Свержань, Белы Груд, Карнаты Дуб, Вялікія Радванічы, Старыя Дарогі, Астрашыцкі Гарадок, Восьмая лінія (вуліца), Першая пасялковая (вуліца), Першы чыгуначны (завулак).

Зваротная сувязь

Добры дзень! Як правільна пісаць па-руску і па-беларуску словы полу бог полу герой? Дзякуй.
golas-09/

— Арфаграфічна карэктна: паўбог-паўгерой і полубог-полугерой.

Прыміце мае вітанні! Як правільна пісаць: падпіска-2010, уступная кампанія-2010, міс Беларусі-2010. Дзякуй.
 З павагай Вольга Міхайлаўна, г.Мінск

— Незмяняльны дадатак, які перадаецца на пісьме лічбамі, далучаецца злучком: “Падпіска-2010”. Аднак калі перад лічбай стаіць не слова, а спалучэнне слоў, то ставіцца працяжнік (з прабеламі): “Уступная кампанія — 2010”, “Міс Беларусі — 2010”.

Добры дзень, прафесар Іўчанкаў (на жаль, у газеце не ўказана Ваша поўнае імя!). Скажыце, як правільна напісаць уласна(?)беларускі, чыста(?)беларускі характар, уласна(?)гістарычны? Вялікі дзякуй.
Навуковы супрацоўнік НАН Беларусі

— Арфаграфічна карэктным трэба прызнаць напісанне: уласна беларускі, чыста беларускі характар, уласна гістарычны, але ў тэрміналагічным значэнні: уласнабеларуская лексіка.

Прывітанне! Ці скланяецца складанае прозвішча тыпу Карафа-Корбут? Як правільна напісаць: з роду Карафа-Корбут(аў)?
Зоя Іванаўна, г.Мінск

— У прозвішчах, першая частка якіх не з’яўляецца славянскай, скланяецца толькі другі складнік: Карафа-Корбута, Карафа-Корбуту, з роду Карафа-Корбутаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter