Брат, сябар, знаёмая...

Занятыя сваімі справамі, мы часта забываем паслаць пісьмо, патэлефанаваць сваім дарагім людзям. І страчваем з імі сувязь, бывае, і на доўгія гады

Занятыя сваімі справамі, мы часта забываем паслаць пісьмо, патэлефанаваць сваім дарагім людзям. І страчваем з імі сувязь, бывае, і на доўгія гады

“Заўсёды, калі ёсць магчымасць, слухаю праграму “Помні імя сваё”, чытаю яе друкаваную версію. Вялікі дзякуй, што робіце людзей больш шчаслівымі, — піша Ніна Мікалаеўна Жура з Рагачоўскага раёна. — Спадзяюся, што з вашай дапамогай і я крыху акрыяю. Я шукаю стрыечнага брата, Мікалая Пятровіча Раманцова, які ў 1953 годзе нарадзіўся ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна. Ён — былы вайсковец, жыў з сям’ёй у Падмаскоўі. Некалькі гадоў таму брат пайшоў з дому і з тае пары пра яго лёс нічога невядома. На сваю малую радзіму ён таксама не прыязджаў. Магчыма, штосьці ведае яго жонка, Лідзія, але мы, на жаль, страцілі з ёй сувязь. Вось і спадзяюся на вашу дапамогу...”

Дзякуй за давер, шаноўная Ніна Мікалаеўна! Магчыма, прачытаўшы “НГ”, хтосьці адгукнецца. Але і вам не варта спыняцца ў пошуку. Трэба звязацца з Лідзіяй, гэта не той выпадак, калі можна зважаць на нейкія рознагалоссі. Не пашкодзіць таксама звярнуцца на тэлеперадачу “Жди меня”. Трэба рабіць разнастайныя захады, ну не можа такога быць, каб не з’явілася нітачка надзеі...

Антаніна Браніславаўна Ячкоўская (Будрэвіч), ураджэнка вёскі Ельна Шчучынскага раёна, якая зараз жыве ў горадзе Скідалі на Гродзеншчыне, просіць адгукнуцца сваіх стрыечных братоў, якія ў час існавання Савецкага Саюза жылі ў Польшчы. Гэта Віталь, Тадэ, Генэ, Войтак Баляслававіч Будрэвічы.

“Я, Алена Уладзіміраўна Бараноўская, да замужжа Чарнуха, шукаю роднага брата, пра лёс якога даўно нічога не ведаю, — чытаем у наступным лісце, які атрымалі з Асіповіцкага раёна. — Мой брат, Анатоль Уладзіміравіч Чарнуха, якога года нараджэння не памятаю, знаходзіцца далёка ад дома. Апошні раз мы бачыліся з ім у 1980 годзе, на вяселлі старэйшай сястры Людмілы”.

Што тут сказаць? Вельмі шкада, калі родныя людзі становяцца амаль чужымі, не сустракаюцца, не ведаюць адно пра аднаго. Для эфектыўнага пошуку і нам патрэбна больш інфармацыі: дзе жылі гэтыя людзі, адкуль прыязджалі і г. д.

Сябровак юнацтва, з якімі разам вучылася ў будаўнічым вучылішчы № 24 у Мінску ў 1959—1960 гадах, просіць адгукнуцца наша чытачка Кацярына Герасімаўна Падаляк-Аляксандрава з Мінска. Ядвіга Аскерка, Тамара Сычова, Ліда Возняк, Вера Пыталь, Тамара Сцяшко, Вера Жур, Тамара Маскова, Вера Чаропкіна, ці памятаеце вы сваё вучылішча на вуліцы Беламорскай, 39? Палова веку прайшло пасля заканчэння вучобы, а ваша сяброўка не забылася пра той час. Яна пакінула свой тэлефон 8017-220-69-51 і вельмі чакае вестачак са свайго юнацтва.

Нам таксама будзе цікава даведацца, ці падасць сігнал хтосьці з сябровак Кацярыны Падаляк-Аляксандравай.

“Дапамажыце, калі ласка, знайсці таварыша па былой вайсковай службе, — звяртаецца Уладзімір Уладзіміравіч Грышкевіч з Мядзельскага раёна. — Шукаю Андрэя Анпілогава, імя па бацьку, на жаль, не памятаю. Мяркую, што ён жыве ў Мінску. Андрэй, калі прачытаеш гэтыя радкі, адгукніся. Вельмі хачу сустрэцца з табой, пагутарыць, прачытаць табе свае вершы”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter