Райцэнтр у Віцебскай вобласці атрымаў грант у суме 600 тысяч еўра на развіццё энергазберагальных тэхналогій па міжнародным “Пакце мэраў”

Браслаў жадае быць першым

Райцэнтр у Віцебскай вобласці атрымаў грант у суме 600 тысяч еўра на развіццё энергазберагальных тэхналогій па міжнародным “Пакце мэраў”


 Гэты “Пакт мэраў” — буйны праект, удзельнікі якога імкнуцца да ўстойлівага энергетычнага развіцця і эканомнага выкарыстання паліўных рэсурсаў. У пакце ўдзельнічаюць 5 тысяч гарадоў па ўсім свеце. Браслаў стаў сёмым у Беларусі. Згодна з праектам усе гарады добраахвотна бяруць на сябе абавязацельствы “20-20-20”: на 20 працэнтаў скараціць выкіды вуглякіслага газу, на столькі ж паменшыць спажыванне энергіі і да 20 працэнтаў павялічыць долю выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. І зрабіць усё гэта да 2020 года. На практыцы рэалізацыя такой задачы заключаецца ў распрацоўцы кожным горадам-падпісантам Плана дзеянняў па ўстойлівай энергетыцы, які ўключае шэраг мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання рэсурсаў пры захаванні камфортнасці пражывання мясцовых жыхароў. 

Стаўшы падпісантам “Пакта мэраў”, Браслаў змог удзель­нічаць у конкурсе на атрыманне гранта Еўракамісіі па праграме “Падтрымка гарадоў “Усходняга партнёрства” ва ўкараненні плана дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці ў рамках ініцыятывы “Пагадненне мэраў”. У выніку 30 снежня Браслаўскі раён падпісаў грант-кантракт з Еўракамісіяй. Яго конкурсны праект “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі” прадугледжвае, што да 2030 года эмісія СО2 у рэгіёне стане такой, што будзе цалкам нейтралізоўвацца за кошт крыніц кіслароду. Агульны бюджэт праекта складае 735 тысяч еўра, з якіх 600 тысяч — заходнееўрапейскія грошы. Тэрмін рэалізацыі — трыццаць месяцаў, пачатак актыўнай фазы — у маі 2015 года.

За гэты час мяркуецца правесці даследаванні па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі ў раёне, ацаніць магчымасці рознага энергазберагальнага абсталявання і набыць яго, рэалізаваць шэраг дэманстрацыйных праектаў. “Напрыклад, мы хочам устанавіць два катлы магутнасцю 1,5 МВт кожны, у якасці мясцовых відаў паліва для якіх будзе выкарыстоўвацца салома, што застаецца на палях пасля сельгасработ. Таксама будзе заменена больш за 1 кіламетр цепласетак, устаноўлены сонечныя калектары на дахах дзіцячых садоў для аўтаномнага нагрэву вады. Яшчэ адным дэманстрацыйным праектам стане ўстаноўка цеплаабменніка ў адной са шматпавярховак, у якой няма цэнтральнага ацяплення. У пад’ездах установім датчыкі гуку і руху, ажыццявім частковую замену вулічнага асвятлення на святлодыёдныя свяцільні і гэтак далей”, — пералічыў намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Андрэй Давыдзенка частку запланаваных у праекце мерапрыемстваў.

Сёння ў Браславе акрамя старту новага праекта па ператварэнні раёна ў першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі падводзяцца вынікі іншага праекта па энергазберажэнні. Ён быў накіраваны на пашы­рэнне энерга­зберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні, рэалізоўваўся яшчэ з 2012 года пры падтрымцы некамерцыйнай арганізацыі “Цэнтр экалагічных рашэнняў” за кошт фінансавання Еўрасаюза. Праект уключаў мноства мерапрыемстваў: ад семінараў і азнаямленчых паездак у суседнія краіны для атрымання досведу выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі да рэалізацыі дэманстрацыйных праектаў. Напрыклад, у Браслаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі стары кацёл быў заменены на новы энергазберагальны. Гэты праект быў закліканы паказаць усе плюсы інвестыцый у энергазберагальнае абсталяванне, якое хоць і даражэйшае за звычайнае, але ў шмат разоў акупляе затраты з цягам часу, а таксама з’яўляецца больш экалагічным і бяспечным. А завяршыў план мерапрыемстваў яшчэ адзін дэманстрацыйны праект: на будынку дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Браслаўскага раёна ўстанавілі сонечныя калектары для забеспячэння гарачай вадой душавых у школе з мая па кастрычнік. Устройствы коштам каля 4 тысяч еўра набыты ў канцы мінулага года і прэзентуюцца сёння, як і распрацаваныя за гэты час лакальныя энергетычныя і кліматычныя планы рэгіёна. 
“Зніжэнне спажывання энергіі з’яўляецца адным з нямногіх артыкулаў раённага бюджэту, расходы па якіх можна значна скараціць. Да гэтага часу нашымі прадпрыемствамі і арганізацыямі не было выпрацавана дакладнай сістэмы ацэнкі магчымых шляхоў скарачэння спажывання энергіі, страт у інжынерных сетках дастаўкі энергіі і рэсурсаў да канчатковых спажыўцоў. Таму распрацоўка лакальных энергетычных і кліматычных планаў — важная задача. З гэтай жа мэтай у лютым 2014 года Браслаў далу­чыўся да еўрапейскай праграмы “Пакт мэраў”, — растлумачыў Андрэй Давыдзенка.

Намеснік старшыні райвыканкама дадаў, што новы праект стане прамым прадаўжэннем гэтай работы. Плануецца пачаць рэалізоўваць стратэгічны план па зніжэнні СО2 з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій, палепшыць работу муніцыпальных сэрвісных служб у гэтай галіне, а таксама далучыць насельніцтва да гэтых працэсаў і перадаць перадавы досвед іншым зацікаўленым рэгіёнам. “Мы хочам паказаць магчымасці аднаўляльных крыніц энергіі. Вада, сонца, іншыя даступныя нам крыніцы, калі цалкам і не заменяць электраэнергію, то дадуць магчымасць значна скараціць яе расход. У нашым раёне ўжо ёсць нямала такіх прыкладаў. Іх папулярызацыя і разуменне таго, як іх можна прымяняць, важныя, паколькі цэны на энергарэсурсы пастаянна растуць”, — растлумачыў Андрэй Давыдзенка сваё бачанне мэт новага праекта.

Уладзімір Хромаў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter