Помнікі архітэктуры Супрасля і Бяла-Падляскі, запаведная Белавежская пушча могуць стаць магнітам трансгранічнага турызму паміж Беларуссю і Польшчай

Браму скарбаў адчыняйце

Помнікі архітэктуры Супрасля і Бяла-Падляскі, запаведная Белавежская пушча могуць стаць магнітам трансгранічнага турызму паміж Беларуссю і Польшчай


Сёлета, калі ўвесь свет адзначае 70-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны, мы згадваем не толькі мільёны людзей, якія загінулі ў тыя страшныя гады. Мы падлічваем страты культур розных народаў. Разбураныя помнікі архітэктуры, спаленыя бібліятэкі, разрабаваныя музеі, знішчаныя карціны, скульптуры — незлічоныя помнікі мінуўшчыны былі ператвораны ў попел або зніклі без вестак у полымі і дыме вайны. Адной са страт, якую панеслі адразу дзве краіны — Беларусь і Польшча — стала разбурэнне нямецкімі акупантамі найкаштоўнейшага ўзору дойлідства XVI стагоддзя — царквы Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы ў Супраслі.

Супрасль — невялікае мястэчка. Некалі належала Вялікаму Княству Літоўскаму, Расійскай імперыі, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, Польскай Рэспубліцы. З 1944 года — зноў тэрыторыя Польшчы. Але там жывуць і беларусы, праваслаўныя, людзі іншых нацыянальнасцей. Гэта ўнікальная мясціна, каб пазнаць традыцыі розных еўрапейскіх народаў.

Мясцовая царква нядаўна была адноўлена. Так загаілася адна з ран, нанесеных вайной. На жаль, не бясследна. Разам з узарваным храмам чалавецтва страціла бясцэнныя фрэскі. Ад іх захаваліся толькі фрагменты, сабраныя навукоўцамі пасля абследавання руін. Цяпер гэтыя аскепкі колішняй прыгажосці яшчэ больш каштоўныя.

Царква ў Супраслі, нягледзячы на тое, што яна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, уключана ва ўсе даследаванні па гісторыі беларускага сярэдня­вечнага мастацтва. І гэта невыпадкова. Прамяні ад гэтага цэнтра духоўнасці і мастацтва ішлі далёка, асвятляючы ў тым ліку беларускія землі.

Пабачыць на свае вочы шэдэўр я марыў даўно. І вось стаю перад высокімі мурамі храма. Ён адбудаваны ў наш час, але дакладна паўтараецца першаўзор, які паўстаў тут у стылі готыкі амаль паўтысячагоддзя таму.

Падобныя да супраслеўскай царквы праваслаўныя храмы захаваліся непарушныя ў Беларусі: у Сынкавічах і Мураванцы. Падобныя цэрквы ацалелі таксама ў Вільні, сталіцы Літвы: Свята-Траецкая, Святога Мікалая Цудатворцы і Найсвяцейшай Багародзіцы. Усе яны XVI стагоддзя, у стылі готыкі — вельмі рэдкі ўзор дойлідства. Бо готыка — стыль заходнееўрапейскі, уласцівы каталіцкім касцёлам. А тут праваслаўны храм — і гатычны! Аднак гэта не павінна здзіўляць. Бо Беларусь і сумежныя землі Польшчы, Літвы ляжаць на мяжы дзвюх цывілізацый: Захаду і Усходу Еўропы, каталіцтва і праваслаўя. Тут многія з’явы перакрыжоўваюцца, у тым ліку мастацкія стылі.

Гатычны храм унутры размалёўвалі ў традыцыях візантыйскага мастацтва майстры з Сербіі. А першымі насельнікамі тут былі манахі з украінскага Кіева і грэцкага Афона. Сапраўдным інтэрнацыянальным брацтвам стаў гэты храм і манастыр пры ім.

Пра значэнне манастыра ў мінулым і сучаснасці сведчыць тое, што тут спыняўся ў 1582 годзе сербскі патрыярх Габрыель. Ён, дарэчы, надаў права манастыру насіць высокі тытул лаўры. У 1589 годзе гэты асяродак духоўнасці наведаў канстанцінопальскі патрыярх Ерамія. У 2012-м тут пабываў патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл.

Тут была вялікая бібліятэка, у якой захоўваўся найстаражытнейшы славянскі рукапіс — створаны ў XI стагоддзі Супрасльскі кодэкс. Ён знойдзены ў 1823 годзе Міхалам Баброўскім. У 1838-1839 гадах Баброўскі адаслаў манускрыпт славенскаму філолагу Ернею Копітару, каб той апублікаваў яго. Частка рарытэта з Копітаравага збору перайшла да Нацыянальнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі ў Любляне. Другая частка трапіла ў Варшаву, адтуль у лістападзе 1939 года была вывезена ў Берлін, вернута ў польскую сталіцу ў 1941-м, у 1944-м бясследна знікла і толькі ў 1967 годзе каштоўнасць знайшлі ў ЗША і вярнулі ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаве. У 1856 годзе некалькі аркушаў рукапісу трапілі ў Санкт-Пецярбург, дзе захоўваюцца да цяперашняга часу. Цяпер Супрасльскі кодэкс унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


Калісьці ў царкве захоўваліся іншыя не менш каштоўныя царкоўныя рэліквіі. Але тое-сёе ў 1915 годзе было вывезена ў Расію, а таксама разрабавана ў часе сусветных войнаў.

З 1693 да 1803 года ў манастыры дзейнічала друкарня, якая выпусціла каля 500 кніг, прычым не толькі рэлігійных, але і свецкага зместу: на польскай, царкоўнаславянскай, старабеларускай, лацінскай, літоўскай мовах.

Так Супрасль на працягу некалькіх вякоў пашыраў свой уплыў далёка па-за межы Польшчы і Беларусі.

Падарожжа вуліцамі мястэчка адкрывае яшчэ безліч цікавых фактаў. Ад праваслаўнай царквы дарога вядзе да былога пратэстанцкага храма, за ім стаіць касцёл. Захавалася многа прыватных дамоў, якім сто і больш гадоў. А пра тое, што тут жывуць дагэтуль беларусы, сведчыць рэстаран беларускай кухні “Прынука” ў адным з гатэляў. Ёсць у мястэчку і рэстаран “Татарскія прысмакі”. Што невыпадкова. Недалёка адсюль вось ужо паўтысячагоддзя жывуць татары.

Яшчэ адна мясціна недалёка ад мяжы з Беларуссю нагадвае пра шчыльныя гістарычныя і культурныя сувязі нашай краіны з Польшчай. Гэта мяс­тэчка Бяла-Падляска. Тут знаходзіцца консульства Беларусі. А падарожнікам будуць цікавыя сведчанні мінуўшчыны. Старыя каталіцкія, праваслаўныя і яўрэйскія могілкі сведчаць пра карэнных жыхароў гэтага краю — палякаў, беларусаў і яўрэяў. Захаваліся да нашых дзён праваслаўная царква, некалькі касцёлаў, некаторыя з якіх выстаялі з пачатку XVII стагоддзя. У самым цэнтры гарадка стаіць помнік Юзафу Ігнацыю Крашэўскаму, чые карані — з-пад беларускіх Пружан, хаця жыццё сваё вялікі польскі пісьменнік правёў і ў Літве, і ва Украіне, і ў Польшчы. А ў Бялай-Падляскай Крашэўскі вучыўся ў 1822—1826 гадах — у школе, што ў той час насіла высокае званне Бяльскай акадэміі.

Недалёка ад акадэміі высяцца пагоркі. Гэта рэшткі ўмацаванняў колішняга замка Радзівілаў, магнацкага роду, які лічыцца самым вядомым у беларускай гісторыі. На жаль, да на­шых дзён не захаваўся палац магнатаў, але ацалелі брама, вежа, некаторыя гаспадарчыя пабудовы, капліца. Усе яны пабудаваны пачынаючы з XVII стагоддзя. Беларускія рэзідэнцыі Радзівілаў у Міры і Нясвіжы ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Бяльская сціплейшая, але таксама варта таго, каб аматары мінуўшчыны яе наведалі.

Багатыя культурныя традыцыі беларуска-польскага памежжа спрыяюць развіццю тут трансгранічнага турызму.

Падарожнічаючы ад Супрасля да Бялай-Падляскай, вы праедзеце праз запаведны лес — Кнышынскую пушчу. А трохі далей — Белавежская пушча, яшчэ адзін аб’ект гэтага рэгіёна, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сюды вам раю абавязкова збочыць, кіруючыся ў Беларусь. Гэты старажытны лес таксама аб’ядноўвае Польшчу і Беларусь, бо знаходзіцца на тэрыторыі нашых дзвюх дзяржаў. Раней польскія турысты не маглі лёгка трапіць на беларускую тэрыторыю пушчы. Цяпер яны маюць такую магчымасць. Прэзідэнт Беларусі нядаўна падпісаў Указ, згодна з якім у пункце пропуску праз дзяржаўную мяжу “Перароў” (“Белавежа”) будзе існаваць бязвізавы ўезд і выезд. Цяпер турысты з-за мяжы змогуць праз гэты пункт пропуску трапіць у Белавежскую пушчу на тэрмін да 72 гадзін (3 сутак). Гэта, як кажа Вадзім Кармазін, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, добры жэст з боку Беларусі для ўсіх, хто хоча адкрыць для сябе нашу краіну. Пушча — адна з візітных картак дзяржавы. Яна ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У перспектыве, калі схема прыёму турыстаў без віз тут будзе адпрацавана, разгледзяць магчымасць спрошчанага ўезду і ў іншыя рэгіёны краіны. А значыць, рана ці позна і блізкія беларусам Супрасль, Бяла-Падляска з аднаго боку, і багатыя на польскія старонкі гісторыі Ружаны, Мерачоўшчына, Ваўкавыск адкрыюць адно аднаму яшчэ шырэй свае брамы.

Віктар Андрэеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter