На вуліцы Сяліцкага, у мінскім мікрараёне Шабаны, узвышаецца “Брама памяці”

Брама памяці

На вуліцы Сяліцкага, у мінскім мікрараёне Шабаны, узвышаецца “Брама памяці” — 10-метровая бронзавая скульптура з фігурамі змардаваных вязняў фашысцкага канцлагера
На вуліцы Сяліцкага, у мінскім мікрараёне Шабаны, узвышаецца “Брама памяці” — 10-метровая бронзавая скульптура з фігурамі змардаваных вязняў фашысцкага канцлагера. Лагер знаходзіўся тут у гады Другой сусветнай вайны. На скульптуры целы ахвяр пераплятаюцца са створкамі брамы і калючым дротам, што сімвалізуе немагчымасць вырвацца з палону. Скульптура стала цэнтральным манументам мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”, стварэнне якога пачалося пасля наведвання гэтай трагічнай мясціны Прэзідэнтам 8 чэрвеня 2014 года. Аляксандр Лукашэнка тады заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам пад памятны валун, адзначыўшы: “Гэта будзе даніна памяці тым пакаленням, на якія абрынуліся ўсе нягоды і выпрабаванні ХХ стагоддзя, месца пакланення ўсіх людзей, якім дарагія каштоўнасці гуманізму і мірная будучыня”.


Яшчэ 14 мая 2007 года Пастановай Савета Міністраў тэрыторыя былога лагера смерці “Трасцянец” была занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных помнікаў. Назва “Трасцянец” аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благоўшчына — месца расстрэлаў; уласна лагер — побач з вёскай Малы Трасцянец уздоўж вуліцы Сяліцкага; урочышча Шашкоўка — месца спальвання вязняў.

Фарміраваннем архітэктурна-скульптурнага ансамбля між Малым Трасцянцом і вуліцай Сяліцкага займаўся інстытут “Мінскпраект” — пад навуковым кіраўніцтвам Ганны Аксёнавай. Cкульптурная кампазіцыя “Брама памяці” — работа Канстанціна Касцючэнкі. Яшчэ ў 2010 годзе гэтая праца была выбрана на рэспубліканскім конкурсе. Над стварэннем мемарыяла працавала цэлая брыгада майстроў.

Ад вуліцы Сяліцкага да “Брамы памяці” вядзе Алея памяці. А яшчэ год таму тут было чыстае поле і руіны пабудоў былога канцлагера. У зямлі спачывае попел тысяч людзей, спаленых нацыстамі... Цяпер памяць ахвяр генацыду, нарэшце, ўвекавечана. Уздоўж алеі ўсталяваны пліты з інфармацыяй пра найбольшыя канцлагеры Беларусі часоў нямецкай акупацыі. Сімвалічна, што першымі, хто наведаў гэтае месца, сталі грамадзяне Германіі — іх дэлегацыя пабывала тут у пачатку мая гэтага года.

Лагер у ваколіцах Малога Трасцянца быў створаны Мінскай паліцыяй бяспекі і СД у пачатку 1942 года як “працоўны” на 200 гектарах угоддзяў даваеннага калгаса імя Карла Маркса — для абслугоўвання дапаможнай гаспадаркі акупантаў. Рукамі ваеннапалонных тут быў пабудаваны дом для каменданта, памяшканні для аховы, гараж. Ад Магілёўскай шашы да лагера праклалі нешырокую дарогу, уздоўж якой пасадзілі маладыя таполі.

Лагер быў агароджаны калючым дротам пад электрычным токам, па перыметры стаялі вышкі для кругласутачнай аховы, узброенай кулямётамі і аўтаматамі.

Да мая 1942 там была створана вялікая гаспадарка па вытворчасці прадуктаў харчавання. Працавалі млын, тартак, слясарная, сталярная, шавецкая, кравецкая і іншыя майстэрні.

З вясны 1942 года двойчы на ты­дзень у Трасцянец пачалі прывозіць для знішчэння грамадзян розных нацыянальнасцяў. Часам эшалоны прыбывалі на станцыю Мінск, але значна часцей па спецыяльнай чыгуначнай ветцы палонных падвозілі амаль да самога Трасцянца. Іх выгружалі на пляцоўку, забіралі рэчы і, каб супакоіць, выдавалі квітанцыі, якія пераконвалі асуджаных на смерць людзей у тым, што іх усяго толькі перасяляюць на новыя месцы. Ішоў пільны адбор спецыялістаў — электрыкаў, слесараў, сталяроў, краўцоў, шаўцоў — іх адпраўлялі ў лагер, а іншых адпраўлялі ў крэматорыі.

Колькасць вязняў хутка павялічвалася, і гэта выклікала патрэбу ўдасканаліць сістэму аховы лагера. Асабліва старанна ахоўваліся баракі смяротнікаў. Глыбока ўкапаныя ў зямлю, з вузенькімі, ледзь высунутымі з зямлі акенцамі, са шматпавярховымі нарамі і земляной падлогай, яны былі акружаны трыма радамі калючага дроту. Праз сярэдні рад праходзіў ток высокай напругі. На кутах лагернай агароджы ўзвышаліся вышкі для вартаўнікоў з кулямётамі. Вакол — земляныя валы. На насыпах — некалькі танкаў. Сапраўдная крэпасць, за сценамі якой знішчалі людзей.

Усе гады акупацыі Трасцянец быў таксама месцам фізічнай расправы з мінскімі падпольшчыкамі і партызанамі. Спачатку арыштаваных знявольвалі ў турму на вуліцы Валадарскага (так званы “Пішчалаўскі турэмны замак”). Пасля допытаў і катаванняў іх адпраўлялі ў лагер на вуліцы Шырокай, адтуль — у Трасцянец.

Незадоўга да вызвалення Мінска і ваколіц ад нацыстаў на тэрыторыі лагера былі выкапаны два вялізарныя катлаваны. На іх дне пабудавалі доўгія баракі-зямлянкі, у якіх трымалі тых, каму быў падпісаны смяротны прысуд. Калі па ахвяр прыязджалі машыны, смяротнікі стараліся забарыкадаваць дзверы. У такіх выпадках гітлераўцы закідвалі іх гранатамі.

Для масавага знішчэння людзей газам выкарыстоўваліся душагубкі — спецыяльна абсталяваныя аўтамашыны з крытым кузавам, ацынкаванымі сценкамі і герметычна зачыненымі дзвярыма. Душагубкі ўвесь час вывозілі ў Трасцянец вязняў турмы на вуліцы Валадарскага і канцлагера на вуліцы Шырокай.

Фабрыка смерці ў Трасцянцы не спынялася ні на хвіліну. У канцы чэрвеня 1944 года, за некалькі дзён да вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй, на тэрыторыі лагера ў былым калгасным хляве было расстраляна, затым спалена 6500 зняволеных, прывезеных з турмы на вуліцы Валадарскага і лагера на вуліцы Шырокай. Выратаваліся толькі двое — Сцепаніда Савінская і Мікалай Валахановіч.

“Трасцянец” будзе для ўсяго свету святым месцам памяці і пакаяння. “Мінскпраект” працягвае праектаванне і распрацоўку другой чаргі будаўніцтва мемарыяла.


Дарэчы


Археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з мая 2014 года праводзілі на тэрыторыі былога канцлагера раскопкі і выявілі шмат артэфактаў, якія праліваюць святло на тое, што адбывалася ў Трасцянцы ў перыяд акупацыі, і падзеі больш ранняга часу.

У час раскопак выяўлена вялікая колькасць чалавечых астанкаў: фрагменты чарапоў, костак. Акрамя таго, адзначана прысутнасць у зямлі спаленых костак і попелу. Сярод астанкаў масава сустракаліся фрагменты абутку (мужчынскія чаравікі пад “абмоткі”, жаночыя туфлі). Сярод знаходак — гузікі, лыжкі, відэлец, шкло ад пенснэ. Усё гэта сведчанні зверстваў лагернай адміністрацыі, калі ў канцы чэрвеня 1944 года ў былым калгасным свірне было знішчана, а затым спалена мноства людзей.

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” археолагі даследавалі і закансервавалі рэшткі падмуркаў разнастайных будынкаў.

Вадзім Кошман, загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі, раскрыў падрабязнасці:

— Агляд гэтых падмуркаў паказаў, што ён збудаваны не ў перыяд 1942-1944 гадоў, калі існаваў канцлагер. Падмурак складзены з каменю і чырвона-карычневай цэглы-пальчаткі. Цэгла-пальчатка ў Беларусі ў XV-XVIII стагоддзях была асноўным будаўнічым матэрыялам. Тут жа выяўлены рэшткі посуду, кафлі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Верагодна, перад намі падмурак колішняй шляхецкай сядзібы, верхнія паверхі якой, хутчэй за ўсё, былі драўляныя. На картах пачатку ХХ стагоддзя тут зафіксаваны “фальварак Ярлова”, які таксама вядомы як маёнтак Юрлова. Гэты дом, мабыць, у 1930-я — 1941 гадах выкарыстоўваўся адміністрацыяй калгаса імя Карла Маркса, а ў перыяд нямецкай акупацыі — адміністрацыяй лагера смерці “Трасцянец”.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter