Божая будоўля

Галоўным касцёлам у свеце з’яўляецца базіліка Святога Яна на Латэране — катэдральны касцёл Рыма.
Калі мы чуем слова “Ватыкан”, то гэта рэзідэнцыя рымскіх пап у нас асацыіруецца менавіта з фасадам базілікі Святога Пятра, з велічным купалам і каланадай. Таму многія лічаць яе галоўным каталіцкім касцёлам свету. Аднак гэта не так.

Галоўным касцёлам у свеце з’яўляецца базіліка Святога Яна на Латэране — катэдральны касцёл Рыма. Яна адыграла значную ролю ў гісторыі хрысціянства. Таму Рымска-каталіцкі Касцёл адзначае адмысловы дзень, які нагадвае момант яе пасвячэння.

Назва месца, дзе стаіць базіліка, паходзіць ад уладальнікаў гэтых земляў. Імператар Нерон стварыў ілюзію замаху на яго жыццё і забіў Планцыя Латэрана, забраўшы яго палац. Канстанцін Вялікі падарыў гэты палац Рымскаму Папе святому Сільвестру І. Там да 1308 года знаходзілася рэзідэнцыя рымскіх пантыфікаў.

Імператары Канстанцін і Ліцыній выдалі ў 313 годзе Міланскі эдыкт, які афіцыйна дазваляў вызнаваць хрысціянскую веру. Па загадзе Канстанціна каля былога палаца Латэранаў была пабудавана святыня Хрыста Збаўцы. Пазней яе пачалі называць базілікай Святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста, ці скарочана — Яна на Латэране. Гэта была першая базіліка, пабудаваная пасля Міланскага эдыкта. Яе пасвяціў 9 лістапада Папа Сільвестр І. З ХІІ стагоддзя ў гэты дзень у Рыме пачалі адзначаць гадавіну пасвячэння Латэранскай базілікі. З цягам часу свята было пашырана на ўвесь Рымска-каталіцкі Касцёл, выражаючы такім чынам еднасць са сталіцай апостала Пятра.

Над уваходам у гэтую святыню — надпіс на лацінскай мове: Mater et Caputomnium Ecclesiarum Urbis et Orbis (Маці і Галава ўсіх касцёлаў Горада [Рыма] і Свету). Прыведзеныя словы найлепш выражаюць ролю гэтага месца. Пасля заканчэння авін’ёнскага палону рымскіх пап кіраўнікі Касцёла перанеслі сваю рэзідэнцыю на Ватыканскае ўзвышша, паколькі Латэранскія базіліка і палац былі зруйнаваны.

Адзначаючы дзень пасвячэння Латэранскай базілікі, мы выражаем сваю ўдзячнасць за ўсе святыні свету, якія былі пабудаваны яго вернікамі. Кожная супольнасць веруючых мае абавязак клапаціцца пра свае сакральныя будынкі, якія з’яўляюцца рэлігійнай і гістарычнай спадчынай. Зададзімся пытаннямі: “Як я паводжу сябе ў святыні, як я апранаюся? Ці не перашкаджаю я іншым сваімі паводзінамі або сваім выглядам?”

Тэксты Святога Пісання нагадваюць нам важную праўду: святыня з цэглы з’яўляецца сімвалам жывога Касцёла (Царквы). “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” — задае пытанне апостал Павел. Як з паасобных камянёў ці цаглінак складаецца будынак касцёла, так і з вернікаў складаецца Хрыстовы Касцёл (Царква). Мы з’яўляемся святыняй у двайным значэнні. Па-першае, кожны з нас паасобку — святыня Духа Святога, але і ўсе мы разам з’яўляемся Божай святыняй. Кожны з нас нібы тая цаглінка, элемент Божай будоўлі. Няма элементаў няважных, непатрэбных.

Падмуркам Касцёла (Царквы) з’яўляецца Хрыстос, а скалой — апостал Пётр і яго наступнікі — рымскія папы. Просім Бога, каб ён пераўтвараў нас у сваю святыню — святую і верную Яму. Будзем жа шукаць тое, што нас яднае, а не раздзяляе.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter