Дранікамі і тушанай капустай турыстаў ужо не здзівіш. Чым тады іх частаваць?

Боршч для роздуму

Тыдзень беларускай кухні прайшоў ужо ў 16-ы раз, і як заўсёды з аншлагам. Гэта не дзіўна — духмяную гарбузовую поліўку, свіныя рэбры ў глазуры з квасу, блінцы з тварожна-мятным крэмам жадалі пакаштаваць многія. Пакаштавала і я: усё спадабалася — такія прысмакі і турыстам не сорамна прапанаваць. Толькі як? У іншыя дні гэтыя арыгінальныя стравы ў кафэ знайсці няпроста. Але мы паспрабавалі. А заадно даведаліся, чым наша грамадскае харчаванне будзе здзіўляць турыстаў будучых маштабных Еўрагульняў.

За рамкамі Тыдня беларускай кухні пацешыць страўнік сваімі, родненькімі, стравамі праблематычна.
Калаж Юлii КОСЦIКАВАЙ

Каўбаскі са скваркамі

На хвілінку вернемся да Тыдня беларускай кухнi. Цікава, што меню кожнага такога гастрафэсту заўсёды рознае, таму самыя «смачныя» рэцэпты вырашылі аб’яднаць у кулінарную кнігу. Магчыма, мы ўбачым яе на юбілейным фэсце. Не сумняваюся, ён пройдзе яшчэ больш шырока. Бо пачыналася ўсё даволі сціпла: на старце кулінарнага праекта ўдзел у ім прымалі ўсяго 10 кафэ, а зараз лічба дасягнула 90 аб’ектаў грамадскага харчавання. 

Уяўляю сябе турыстам. Пункт А — чыгуначны вакзал. Па сутнасці, менавіта адсюль і пачынаецца знаёмства гасцей з горадам. А падчас пешых прагулак, усім вядома, вельмі лёгка і хутка можна нагуляць зверскі апетыт.

Праходжу больш за кіламетр, і страўнік падае сігнал: трэба падсілкавацца. Заходжу ў кафэ, інтэр’ер якога проста крычыць: тут смачна і сытна накормяць беларускімі стравамі. Прапануюць меню, і я адразу губляюся:

— Парайце нешта каларытнае, беларускае. Такую страву, якую я, ра-сіянка, у сваёй краіне не каштавала, — па-майстэрску выдаю сябе за турыста.

Афіцыянтка ахвотна верыць і імкнецца дапамагчы:

— Пакаштуйце «Патэльню з каўбаскамі і скваркамі». Або вось «Мачанку з грыбамі» часта бяруць. «Шляхецкую рульку» вазьміце — сама не ела, але, кажуць, смачна. А, дранікі ж ёсць!

Мы, вядома, бульбянымі блінамі па горла сытыя. Ды і расіян, натуральна, такой стравай наўрад ці здзівіш. Але раптам іншыя замежнікі зацікавяцца?

— «Святочныя» давайце, назва прыгожая, — зрабіла выбар нарэшце.

Пяць хвілін марную за вывучэннем меню. Акрамя вышэйпералічаных страў, тут ёсць пельмені, гародніна на грылі, аліўе... Выбар вялікі, але не зусім «беларускі». Дарэчы, мае дранікі таксама не нацыянальная кухня. Аладкі з натаркаванай бульбы ўпрыгожылі лустачкамі ласося, а гэта не самы характэрны для нашай краіны інгрэдыент.

Дзякуй, не трэба

Рухаюся па праспекце Незалежнасці, і ў памяці ўсплываюць моманты сустрэчы з экспертам беларускай кухні і гісторыкам кулінарыі Аленай Мікульчык. Яна тады згадала шмат незвычайных слоў і спалучэнняў — гэта, аказалася, былі назвы нашых традыцыйных страў. На жаль, многія нашы рэстаратары ідуць па лёгкім шляху: абмяжоўваюцца ўсяго некалькімі самымі папулярнымі. Прапануюць наведвальнікам усяго пару варыяцый прыгатавання бульбы, капусты, мяса з праслойкай, саленняў. Яшчэ «пальцам пханай» каўбасой могуць накарміць. Падобныя меню, дзе нацыянальная кухня прадстаўлена вельмі бедна, назіраю яшчэ ў пяці ўстановах на праспекце. Іду далей.

— У нас ёсць суп. Боршч, — горда заяўляе афіцыянт яшчэ аднаго кафэ на маім шляху.

Дзякуй, не трэба — суп я і дома пасмакую. Беларускімі стравамі тут не здзівілі, затое далі добрую параду: падказалі адрас месца, якое, па словах персаналу кафэ, проста гастрана-мічны рай. Што ж, паглядзім.

У кафэ на вуліцы Карла Маркса і сапраўды здзівілі: у меню ўстановы грамадскага харчавання простая сялянская ежа спалучаецца са стравамі багатых шляхціцаў. Заказваю кумпяк і верашчаку — сытая і задаволеная. Падобнае захапленне было яшчэ ў дзвюх установах, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці ад цэнтра горада. Праўда, адразу знайсці іх не атрымалася: прыйшлося пералапацiць інтэрнэт, начытацца водгукаў наведвальнікаў. Ці будуць так рабіць турысты, невядома. Верагодна, што замест доўгага пошуку выберуць бяспройгрышны варыянт — піцу або сушы, якімі, як ні парадаксальна, у нас можна паласавацца літаральна на кожным кроку.

Дранікі — не ў лік 

Прайшло дзве гадзіны пешых прагулак: з дзесяці кропак грамадскага харчавання, якія папаліся мне на шляху, невялікі выбар нацыянальных страў знайшла толькі ў трох установах. Добрае меню было толькі ў адным кафэ. Але i яму яшчэ ёсць да чаго імкнуцца.

Напрыканцы, калі ўжо наблізілася да ЦУМа, заходжу яшчэ ў адну ўстанову. Загадзя шукаю гэтае кафэ ў інтэрнэце. Пункт грамадскага харчавання там пазіцыяніруе сябе як «Рэстаран беларускай нацыянальнай кухні». Унутры, вядома, гэта тыповае бістро, а ў абед больш нагадвае сталовую. Але паесці тут можна: ёсць з дзясятак нацыянальных страў. Праўда, вельмі простых, а не вытанчаных. Турыстам наўрад ці спадабаюцца.

— Вы не там шукаеце, — адна з наведвальніц здагадалася, навошта я тут.

— Праўда?

— У Мінску ёсць некалькі добрых месцаў, куды не сорамна замежных гасцей паклікаць. Такіх страў, як там гатуюць, яны сапраўды не каштавалі, — задавальняе маю цікаўнасць. — Але на гэтым усё. У астатніх месцах вы знойдзеце не беларускую, а народную кухню. Многія не звяртаюць увагі на гэты надпіс. А «народная» — гэта вельмі шырокае паняцце. Пад яго могуць падыходзіць стравы самых розных кухняў, якія проста даўно ў нас прыжыліся...

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter