Бомбы не рвалі сон салдата

Гэты верш Пімен Панчанка напісаў праз 20 год пасля вайны

Гэты верш Пімен Панчанка напісаў праз дваццаць год пасля заканчэння вайны. Цяжка цяпер сказаць, чаму паэту спатрэбілася столькі часу, каб перадаць на паперы свае думкі пра вайну. Твор, мяркую, малазнаёмы шырокаму колу чытачоў. Тым цікавей будзе яго прачытаць.

У сорак першым

Жоўты месяц у пчаліных сотах,

І ляціць ад зор пчаліны звон.

Спіць на лузе пыльная пяхота,

Бомбы не ірвуць салдацкі сон.

Перш чым леглі, цэлы месяц беглі...

Адпачынак крохкі і малы.

Над ракой туман узняўся белы,

Маскіруе чорныя ствалы.

Камандзір чакае данясення,

Думае аб жонцы маладой:

«Эх, навошта паспяшыў 

                           з вяселлем...»

Смерць і рэўнасць ходзяць 

                                       над вадой.

Ёсць вінтоўка і махоркі пачак.

Ёсць ватоўка, хлеб і зрэдку боршч.

Б’ешся чэсна ты, а людзі плачуць,

І на сэрцы ўсё цяжэй і горш.

Будзе ганьба. Будзе акупацыя.

Будзе потым пераможны май.

А пакуль што вокліч: «Акапацца!»

Уставай, салдат, і зноў капай.

Тэхніка пазней загрукатала.

А найбольш запомнілася нам,

Як сапла, варочала, крахтала,

Ціха мацюкалася вайна.

Ноч капалі моцныя акопы,

На світанні — зноўку адступаць...

Мы перакапалі паў-Еўропы,

Перш чым перамогу адкапаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости