Больш ведаць суседзяў

Майстры пяра з Расіі і Арменіі правялі ў Магілёве майстар-класы

Вядомыя майстры пяра з Расіі і Арменіі правялі ў Магілёве майстар-класы для ўдзельнікаў II Беларуска-расійскага форуму маладых журналістаў «Агульны погляд у будучае».

Яскравымі, насычанымі на падзеі і, галоўнае, на новыя знаёмствы і адкрыцці былі тры дні працы медыяфоруму. Пачынаючыя журналісты прагна ўбіралі ў сябе кожнае слова намесніка галоўнага рэдактара «РИА Новости» Валерыя Леўчанкі, галоўнага рэдактара «Вячэрняй Масквы» Аляксандра Купрыянава, знакамітага блогера з Арменіі Тыграна Качарана і іншых вядучых майстар-класаў. Прафесіяналы журналістыкі далі сваім маладым калегам тлумачэнні аб такіх паняццях, як «глабальная лакальнасць», «гаджатызацыя», і іншых, пазнаёмілі з аўтарскай журналістыкай, раскрылі аспекты псіхалогіі сучаснага работніка СМІ.

— Для мяне гэтыя заняткі вельмі плённыя, — гаворыць супрацоўнік «Ліпецкай газеты» Дзмітрый Броўкін. — Прычым не толькі ў прафесійным плане. Я шмат чаго даведаўся пра Беларусь.

Дарэчы, як паказала экспрэс-апытанне, больш ведаць пра тое, як жывуць суседзі, і наогул часцей пісаць аб працэсах інтэграцыі жадаюць многія ўдзельнікі форуму. «Калі пераважная большасць беларускіх журналістаў лічыць, што інтэграцыйная тэматыка ў айчынных СМІ асвятляецца дастаткова, то звыш 70 працэнтаў іх калег з Расіі не змаглі адказаць на гэтае пытанне», — адзначыў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід Ротман.

— Кожны форум павінен прырастаць новымі ідэямі, — выказаў сваю думку першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Ігар Бузоўскі. — Таму хацелася б, каб ён стаў больш практычным, больш канкрэтным. Не будзе лішнім і прааналізаваць, наколькі эфектыўна папрацавалі на ім журналісты.

А што талентаў многа, было зразумела ўжо ў час ацэнкі прац, якія былі дасланы на конкурс Беларускага саюза журналістаў «Дэбют».

— Конкурс нарадзіўся разам з форумам, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Вадзім Гігін. — І зноў прадэманстраваў: сярод пачынаючых прадстаўнікоў СМІ шмат добрых пёраў. Таму ў некаторых намінацыях было нават па два пераможцы.

А лідарамі «Дэбюту» сталі карэспандэнты газет «Советская Белоруссия», «7 дней», «Віцьбічы»: Юлія Леановіч, Анастасія Корж і Алеся Саматой. Сярод пераможцаў конкурсу — рэдактар аддзела газеты «Голас Веткаўшчыны» Сняжана Варабей, радыёвядучая радыё «Беларусь» Таццяна Гаргалык, тэлевядучая ТРК «Пінск» Людміла Акапян і рэдактар ТРК «Магілёў» Седа Каспарава. Акрамя таго, Саюз журналістаў Беларусі прысвоіў званне журналістаў-настаўнікаў галоўнаму рэдактару газеты «Віцьбічы» Ніне Тулінавай і рэдактару аддзела рэгіянальных праграм тэлерадыёкампаніі «Брэст» Праскоўі Якіменка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter