Праграмiст з Брэста пачынае тэсціраваць праграму з дапоўненай рэальнасцю, аналагаў якой пакуль у свеце няма

Больш чым рэальнасць

Яму ўсяго 19, але ён ужо стварыў уласны IT-праект па распрацоўцы мабільнай праграмы з дапоўненай рэальнасцю. Ды і да гэтага студэнт трэцяга курса Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Антон Любахiнец адзначыўся ў якасці аўтара шэрага высокатэхналагічных вынаходак, напрыклад «разумнай» пальчаткі для людзей са слабым зрокам або GPS-бранзалета для бяспекі людзей, якія адпачываюць на вадаёмах. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з вундэркіндам.

Ідэй шмат

Антона калегі называюць «беларускім Iлонам Маскам». Ён не крыўдзіцца. Хлопец не першы год сочыць за навінамі ў свеце тэхналогій, і вобраз наватара з Space X яму блізкі:

— Дваццаць гадоў таму над прапановамі Ілона адкрыта смяяліся. «Запусціць ўласныя ракеты і пазбавіць людзей ад экалагічнай дэградацыі? Ды ты проста чалавек, сядзь і супакойся», — казалі яму. Але ён не супакоіўся, а стварыў кампанію па вытворчасці электрычных аўтамабіляў Tesla. Рыхтуецца да старту цяжкай ракеты-носьбіта Falcon Heavy. Калі ўсё атрымаецца, то пачнецца эпоха касмічнага турызму і на Марсе з'явяцца першыя калоніі людзей.

Каманда Антона Любахiнца.

А вось свае пражэкты Антон лічыць звычайнымі. Але гэта з якога боку паглядзець. У дзявятым класе, калі большасць аднагодкаў майго суразмоўцы завісалі ў камп’ютарных гульнях, ён прадстаўляў свой першы праект на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя». У Санкт-Пецярбургу. Тады дзевяцiкласнік брэсцкай гімназіі пакарыў журы пальчаткай-памочнікам для людзей з парушэннямі зроку.

— Прылада працуе па прынцыпе рэхалота і агучвае ўслых, што знаходзіцца побач. Яшчэ я вырашыў праблему таго, што многія вытворцы тавараў ігнаруюць азбуку Брайля. У маёй прыладзе ёсць камера — калі чалавек падносіць яе, напрыклад, да бутэлькі малака, то пальчатка гучна паведамляе, што напісана на этыкетцы.

Тады, у 2013 годзе, у Санкт-Пецярбургу Антон атрымаў дыплом трэцяй ступені. Вярнуўшыся, дапрацаваў «разумную» пальчатку і ініцыяваў дэманстрацыю сваёй распрацоўкі ў брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Намеснік старшыні абласной арганізацыі Андрэй Лявіцкі ўспамінае прэзентацыю:

— Мы з цікавасцю вывучылі распрацоўку. Прапанавалі зрабіць прыладу больш кампактнай і менш прыкметнай. Але, на жаль, дапрацаваную пальчатку нам пакуль не далі.

Распрацоўкай зацікавіліся ў іншых гарадах. Сваякі інвалідаў па зроку з Магілёва, Гомеля тэлефанавалі з просьбай дапамагчы купіць пальчатку-памочніка. Але ў дэманстрацыі ўдзельнічаў толькi вопытны ўзор. Ён не прадаваўся:

— Я падлічыў: каб зрабіць эксперыментальную партыю з дзесяці штук, мне спатрэбілася б каля сямі тысяч долараў. Грошы былі патрэбныя на вытворчасць у заводскіх умовах, каб прыгожа схаваць правады і павысіць зносаўстойлівасць прылады. Пасля кошт гатовага вырабу апусціўся б да 200 беларускіх рублёў пры меркаваным сабекошце ў 80 рублёў.

Прынцып вырабу «разумнай» рукі просты як двойчы два. Камплектуючыя Антон заказаў праз кітайскую інтэрнэт-краму, паяў дэталі дома. Інвестар не знаходзіўся. І Антон нават падумваў наладзіць зборку праз хлопцаў, якія займаюцца тэхнічнай творчасцю. Шэсць гадоў хлопец сам адхадзіў у абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Ведае па сабе, што кіраўнік аб'яднання па інтарэсах па авiямадэлiраванні Сяргей Якубовіч памылкі б не дапусціў. Але ідэя сацыяльнага прадпрымальніцтва так і засталася на паўдарозе да серыйнай вытворчасці: хлопец пачаў рыхтавацца да паступлення ў ВНУ.

А потым пайшлі сесіі, афіцыйнае працаўладкаванне і запуск уласнага праекта.

Iншая глыбiня

У мiнулую нядзелю 19-гадовы праграміст са сваёй камандай пачаў апрабоўваць самую свежую ўласную ідэю — праграму Report з дапоўненай рэальнасцю. Антон дэманструе мне праграму са свайго тэлефона:

— Report — гэта ўніверсальны сродак перадачы відэа, тэксту і фота на адлегласці і па запыце. У наш час атрымаць інфармацыю, што адбываецца ў нейкім канкрэтным месцы ў канкрэтны момант, складана, калі ў патрэбным пункце няма тваіх знаёмых. Задача Report — сцерці ўмоўнасці паміж знаёмымі і незнаёмымі людзьмі.

Для нырка ў дапоўненую рэальнасць неабходныя некаторыя тэхнічныя прыстасаванні.

Просты прыклад: пачаўся дождж, а ў вас няма парасона. Вы адзначаеце сваё месцазнаходжанне, пішаце паведамленне і выбіраеце жаданы радыус распаўсюджвання. Гэта значыць, тыя, у каго ўстаноўлена праграма і хто знаходзіцца ў зададзенай зоне, убачаць паведамленне і, калі гатовыя дапамагчы, напішуць пра гэта.

Яшчэ адзін прыклад: дзяўчыне трэба купіць чырвоную сукенку. Заказваць праз інтэрнэт-магазін — рызыка памыліцца з памерам. А аб'ехаць усе гандлёвыя цэнтры — яшчэ і пакута. З дапамогай Report дзяўчына адпраўляе запыт, і прадаўцы бліжэйшых крам, дзе ёсць сукенка, паведамляюць ёй аб гэтым. Увогуле, гэтакая мяжа паміж інтэрнэт-продажамі і рытэйлам у рэальнасці.

У праграмы ўжо ёсць кампетэнтны інвестар, з якім распрацоўшчыкі працуюць два месяцы. Прасоўваннем праекта займаецца маскоўскі эксперт маркетынгавых камунікацый Драгорад Кнезi. Афіцыйны рэліз запланаваны на зіму. Падыход вельмі арыгінальны:

— Мы прапануем вядомым блогерам шукаць кантэнт для сваіх публікацый праз наш сэрвіс. Адказы будуць падказваць іх жа падпісчыкі. Потым блогеры напішуць свае ўражанні. Пры гэтым наша галоўная задача — сачыць за рэакцыяй карыстальнікаў і рабіць высновы.

Увесну наступнага года, прааналізаваўшы зімовыя рэкамендацыі, Антон і яго каманда збіраюцца зрабіць мабільную праграму памочнікам турыстаў на чэмпіянаце свету па футболе.

Арыгінальная і манетызацыя ідэі. Хлопцы збіраюцца праз дапоўненую рэальнасць рэкламаваць брэнды. Тэхналогія нейронавых сетак і машыннага гледжання сёння папулярная, і распрацоўшчыкі Report вырашылі актыўна выкарыстоўваць яе — будуць прапаноўваць кампаніям накладваць іх рэкламу на карту або відэатрансляцыі:

— Ідэя размяшчаць лагатыпы кампаній, кантактныя даныя фірм і іншую рэкламную інфармацыю на фасадах будынкаў з'явілася, калі я працаваў у адной брэсцкай кампаніі. Мы запусцілі праект «Тэлепорт», дзе з дапамогай устаноўленых у горадзе камер на 360 градусаў стваралі анлайн-гід. Бізнес актыўна згаджаўся ўстаўляць у трансляцыі сваю рэкламу. І ў нас нават адкрылася прадстаўніцтва ў Казахстане: пункты з анлайн-трансляцыямі сёння працуюць у Астане і Алма-Аты.

Нейронавая сетка дапаможа мабільным праграмам Report распазнаваць аб'екты на карце і разумна прымацоўваць да іх рэкламу. Але гэта, як жартуюць распрацоўшчыкі, дадатковая функцыя праграмы. Асноўны ўпор хлопцы ўсё ж робяць на рашэнне практычных задач: дапамагаць карыстальнікам аператыўна рашаць свае праблемы. Дарэчы, калі хочаце далучыцца да бэта-тэсціравання, пакідайце заяўкі на сайце report.name і ўлiвайцеся ў праект.

hanna.petrachenka@yandex.ru

Фота з архіва суразмоўцы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter