Нацыянальны статыстычны камітэт назваў самыя папулярныя музеі і тэатры Беларусі ў 2016 годзе

Больш чым лічбы

Па даных, якія прыведзены ў зборніку “Беларусь у лічбах”, апублікаваным на сайце Белстата, самым папулярным музеем у 2016 годзе, як, зрэшты, і ў 2015-м, стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У мінулым годзе ён пераадолеў адзнаку ў 559 тысяч наведванняў. Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” наведалі за той жа перыяд 423,3 тысячы разоў, а Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” — 412,4 тысячы. Яны занялі ў рэйтынгу другое і трэцяе месцы адпаведна. Усяго за 2016 год адзначаецца 6,3 млн наведванняў беларускіх музеяў. Дарэчы, у нашай краіне 156 музеяў, у іх налічваецца амаль 3,32 млн экспанатаў асноўнага фонду.

Што тычыцца тэатраў, па даных Белстата, самым папулярным у мінулым годзе зноў стаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, яго наведалі 239,7 тысячы разоў. На другім месцы Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, на рахунку якога 137,6 тысячы наведванняў. Тройку лідараў замыкае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага з 83 тысячамі наведванняў. Усяго ў Беларусі 28 тэатраў. Агульная колькасць іх наведванняў за мінулы год склала 1,711 млн.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter