Больш чым гульня

У гэтыя дні не засумуюць ні старыя ні малыя
Вядома, што на некаторыя масленічныя абрады (кшталту “Пахавання Дзеда”) раней дапускаліся толькі пажылыя людзі — шмат было “далікатных” момантаў. Аднак у цэлым Масленіца — сямейнае свята, якое спрадвеку любілі і дарослыя, і дзеці. Хтосьці можа засумнявацца, ці спадабаецца гэтае старажытнае свята сучасным дзецям, якія жывуць гаджэтамі і віртуальнымі гульнямі. Аднак Масленіца такая ж шматгранная, як і мультымедыя: тут вам і музыка, і анімацыя, і вогненныя эфекты, і, вядома ж, кулінарная атрыбутыка. Дастаткова хоць раз паўнавартасна адзначыць гэтае свята з дзецьмі, каб яно ператварылася ў добрую сямейную традыцыю.

Майстар-клас на кухні

Перш чым забаўляць дзіця, трэба патлумачыць яму пра свята. З маленства павінна фарміравацца разуменне, што Масленіца — гэта не толькі бліны, што Масленічны тыдзень з’яўляецца пэўным рытуалам провадаў зімовых месяцаў і што па яго завяршэнні пачынаецца адзін з самых строгіх пастоў у хрысціянскай рэлігіі. Такую размову можна правесці і падчас гатавання бліноў.

Фота БЕЛТА

Дзеці любяць дапамагаць матулям на кухні, а таму з вялікім задавальненнем адмераюць патрэбную колькасць мукі, разаб’юць яйкі і замесяць цеста. Але зусім малых да пліты лепш не падпускаць. Ім можна ўручыць відэлец з кавалкам масла — яны лёгка справяцца з прамасліваннем выпечкі. Можна даверыць дзіцяці заварочванне начынкі, а таксама маляванне варэннем ці згушчонкай вясёлых тварыкаў на блінах. Добра, калі ўся сям’я збярэцца за накрытым сталом і арганізуе ўрачыстае паяданне масленічных прысмакаў — малыя будуць задаволеныя, што іх працу ацанілі.

Цётка “абжыруха”

Каб блінная гара глядзелася яшчэ больш эфектна, можна вырабіць невялікае хатняе пудзіла. Для гэтага трэба ўзяць дзве драўляныя шпажкі, замацаваць паміж сабой крыж-накрыж і накруціць на іх пасмы саломы, леташняй травы, лёну ці нават звычайнай паперы. Лялька “апранаецца” ў абрэзкі каляровай тканіны і ўтыкаецца ў бліны. Яна не павінна быць вельмі сімпатычнай. Усё ж такі гэта “блінаедка”, “абжыруха” з пышнай фігурай, растапыранымі рукамі, з якой не сумна развітвацца напрыканцы Масленіцы.

Сёння вельмі папулярная традыцыя спальваць пудзіла. Але ўлічыце, што малыя і ўражлівыя дзеці могуць спалохацца, убачыўшы, як гарыць нешта падобнае на чалавека. Таму варта альбо адкласці ўдзел у такім абрадзе на больш позні ўзрост, альбо папярэдне падрабязна расказаць малому пра сутнасць гэтага акта.

Акрамя хатняга пудзіла, можна вырабіць у падарунак бабулям, дзядулям і іншым блізкім бліны-паштоўкі. З кардону жоўтага ці залацістага колеру выразаецца круг і складваецца напалам. Унутры малюецца начынка і дапісваецца ўсяго адно слова — “Частуйся!”. Такая просценькая паштоўка пад сілу нават самым малым.

Вырві хвост

Найбольш вясёлая частка Масленіцы — актыўныя гульні на свежым паветры. Традыцыйнымі для гэтага свята лічацца катанні на санках і павозках, скочванне з пагоркаў і забавы-паядынкі, якія дазваляюць удосталь “паразмяць плечы” без крыўды для праціўніка. Паядынкі могуць быць рознымі, але амаль усе яны праходзяць у коле, якое чэрцяць палачкай на снезе ці зямлі або, на выпадак дрэннага надвор’я і святкавання Масленіцы дома, выкладваюць каляровай стужкай на падлозе. Да прыкладу, адна з самых простых і любімых гульняў у хлопчыкаў — “Сарві шапку”. У кола становяцца два праціўнікі з кепкамі на галаве, задача — першым сарваць шапку з галавы другога.

Жартаўлівы паядынак — “Пеўневы бой”, ці “Вырві хвост”. У вобласці таліі завязваюць паясы або шалікі, а за іх ззаду падтыкаюцца каляровыя дзявочыя хусткі — атрымліваецца штосьці падобнае на хвост пеўня. Байцы ходзяць у коле адзін насупраць другога і стараюцца хутчэй выдраць хустку з-за пояса, каб вярнуць яе гаспадыні.

З меншымі дзеткамі можна пагуляць у “Патрап блінком у печ”. Печ майструем самі. Можна ў кардоннай скрынцы выразаць вусцейка, а можна пабудаваць печ са снегу. Блінкі выразаюцца са старога лінолеуму або іншага цвёрдага матэрыялу і кідаюцца з адлегласці ў самае вусце. Несапраўдныя бліны можна не толькі кідаць у печ, але і лавіць на патэльню. Такія гульні падыходзяць і для аднаго дзіцяці, і для некалькіх каманд.

Калі Масленіца святкуецца вялікай колькасцю людзей, можна згуляць і ў “ланцужок”. Усе бяруцца за рукі і стараюцца паўтарыць траекторыю руху вядучага, які, знаходзячыся першым у ланцугу, спецыяльна віхляе, прыпыняецца, паскараецца. Важна не адчапіцца ад астатніх. Той, хто не ўтрымліваецца ў ланцугу, выбывае з гульні.

ВАЗЬМІЦЕ НА ЗАМЕТКУ

Куды адправіцца ўсёй сям’ёй

Дзе: Замкавы комплекс “Мір”, Гродзенская вобласць

Калі: 16—17 лютага

Мірскі замак вядомы не толькі сваёй унікальнай архітэктурай, але і арыгінальнымі экскурсійнымі праграмамі. Ужо з мінулай нядзелі тут частуюць блінамі і забаўляюць арыгінальнымі гульнямі і вясёлай музыкай. На тэрыторыі замка працуе некалькі імправізаваных пляцовак — “Народная майстэрня”, “Зімняя рыбалка”, “Забі цвік”, “Масленічная кухня”. Завершыцца святкаванне вялікім фолк-праектам, які прадставяць заўтра з 12.00 да 15.00.

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Мінскі раён

Калі: 17—18 лютага

Музей народнай архітэктуры і побыту прапануе адзначыць старажытнае свята ў асяроддзі стогадовых беларускіх хат. Заўтра з 12.00 да 16.00 тут дадуць майстар-класы па вырабе масленічнай лялькі-абярэга і пляценні паясоў, пакажуць батлеечныя спектаклі, прадэманструюць унікальныя масленічныя абрады “Пахаванне Дзеда” і “Наведванне бабкі-павітухі”. Госці змогуць выпрабаваць свае сілы на рыцарскай пляцоўцы з лучнікам, паўдзельнічаць у масленічных забавах і гульнях, паслухаць народныя калектывы. У нядзелю з 13.00 да 15.00 музей запрашае на праграму “Даравальная нядзеля” з карагодамі ля вогнішча і спальваннем пудзіла.

Дзе: Бярэзінскі біясферны запаведнік, Віцебская вобласць

Калі: 16—18 лютага

Святочныя выхадныя ў запаведніку напэўна запомняцца маленькім гасцям. У праграме “Э-гэ-гэй Масленіца” не толькі традыцыйныя пачастункі блінамі, карагоды, катанне на санках і павозках. Гасцям прапануюць пазнаёміцца з жыхарамі Ляснога заапарка, наведаць адзіны ў краіне Музей міфалогіі, зайсці ў Музей прыроды і проста прагуляцца маляўнічымі сцежкамі.

Дзе: Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Брэсцкая вобласць

Калі: 17 лютага

А як вам ідэя правесці зіму ў сядзібе Дзеда Мароза? Каму як не гэтаму сівому жыхару Белавежскай пушчы ведаць, калі надыходзіць час развітвацца з халоднай парой і сустракаць вясну! Аматараў смачнай ежы запрашаюць пакаштаваць румяныя бліны, духмяны травяны чай і пачастункі палявой кухні. Акрамя таго, у гэты дзень запланаваны казачныя экскурсіі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, забаўляльныя праграмы, народныя гульні “Маладзецкія забаўкі”, выстава-продаж пушчанскіх сувеніраў. Кульмінацыяй свята стануць праводзіны Матухны-Зімы ў Антарктыду і традыцыйнае спальванне пудзіла пад карагоды і народныя песні.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter