Бог прыйшоў да нас у вобразе чалавека

Пастырскае  пасланне на  Нараджэнне  Пана  2008 г.

Пастырскае  пасланне на  Нараджэнне  Пана  2008 г.

Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялiкую радасць: нара­дзiўся вам сёння ў горадзе Давiда Збаўца, якiм ёсць Хрыстус Пан (пар. Лк 2, 10–11).

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, шаноўныя закон­нiкi i законнiцы, умiлаваныя браты i сёстры! Гэтымi словамi, з якiмi Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вiтаю вас ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму i Еве, прадказаны прарокамi, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет — прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека.

Вядомы сучасны iрландскi пiсьменнiк Сэмюэл Бэккет напiсаў драму аб чаканнi. Акторы як прадстаўнiкi чалавецтва на тэатральнай сцэне стараюцца знайсцi адказ на найбольш важныя жыццёвыя пытаннi, а таксама спасцiгнуць сэнс жыцця чалавека. Пры гэтым яны чакаюць нейкага прышэльца. Не ведаюць, хто гэта будзе, але чакаюць, бо спадзяюцца, што ён адкажа на iх пытаннi. Аднак чаканы госць не прыходзiць, i драма завяршаецца дарэмным чаканнем... Галоўная думка гэтага твору ў тым, каб паказаць, што без дапамогi з вышынi ў пошуку адказу на экзiстэнцыяльныя пытаннi чалавек можа толькi дарэмна чакаць... У духоўным сэнсе драма Сэмюэля Бэккета — гэта не што iншае, як вобраз чалавека, якi страцiў Бога i застаўся сам-насам са сваiмi праблемамi.

Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Божага госця, якi змог бы адказаць на пытаннi, што яго хвалявалi. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў не проста нейкi прышэлец, не iншапланецянiн, але хтосьцi значна большы — прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсцi Яго i зразумець самога сябе. Ён, якi iснуе спрадвеку, прыйшоў у гэты свет у канкрэтную пару, калi, як гаворыць святы Апостал Павел, надышла паўната часу (пар. Гал 4, 4). Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялiчкiм мястэчку Бэтлееме. Ён, бясконца вялiкi, стаўся маленькiм бездапаможным немаўляткам, каб нас зрабiць вялiкiмi. Ён сышоў з неба на нашую зямлю, каб нас узнесцi на нябёсы. Ён стаўся падобным да людзей (пар. Флп 2, 7), каб мы, абагаўляючыся Божаю ласкаю, прыпадобнiлiся да Яго. Ён уцелавiўся, прыняў вобраз нашага падданага цярпенню цела, каб узяць на Сябе нашыя цяжкасцi (пар. Мц 8, 17; Гал 6, 2) i такiм чынам аблегчыць iх.

Прыйсце Сына Божага ў свет стала сапраўднаю рэвалюцыяй як для самога чалавека, так i ў яго адносiнах з Богам. Гледзячы чыста чалавечымi вачыма на наро­джанага ў беднасцi Езуса, можна спытацца, а што новага Ён, якi распачаў сваё жыццё ў бэтлеемскай стаенцы, а завяршыў на дрэве крыжа, прынёс у наш свет i нашае жыццё? Ён не стаў Хрыстафорам Калумбам i не адкрыў Амерыкi, не стаў Iсакам Ньютанам i не адкрыў закону сусветнага прыцягнення, не стаў Альбертам Эйнштэйнам i не адкрыў тэорыi адноснасцi, не стаў вучоным з сусветным iмем i не адкрыў, напрыклад, законаў тэрмаядзернай рэакцыi цi генетыкi, не стаў першым касманаўтам i не адкрыў шляхоў у бязмежны сусвет — гэты пералiк можна працягваць амаль да бясконцасцi.

Вiдавочна, што ўсе гэтыя i падобныя справы Езус пакiнуў рабiць чалавеку, адорваючы яго розумам i вольнаю воляю. Але Ён зрабiў тое, чаго сам чалавек нiколi не змог бы зрабiць. Ён з’явiўся перад людзьмi як уцелаўлёны Бог, Бог з чалавечым аблiччам i сэрцам. Дзякуючы гэтаму Бог стаў блiзкiм чалавеку i яго патрэбам — мiласэрны i ў той жа час справядлiвы. Праз сваё ўцелаўленне Езус надаў сэнс жыццю чалавека i вярнуў яму годнасць Божага стварэння. Ён не ацэньвае чалавека на падставе колеру скуры, мовы, адукацыi, банкаўскага рахунку, здольнасцяў цi iншых другасных рэчаў, але робiць гэта паводле крытэрыяў нязменнай вартасцi. Ён першы сказаў тое, што сённяшняя дэмакратыя любiць прыпiсваць сабе, а менавiта, што чалавек — гэта не нейкая рэч i адны людзi не могуць выкарыстоў­ваць iншых. Такiм чынам Ён падкрэслiў роўнасць усiх людзей. Дзякуючы Яму кожны чалавек з’яўляецца дзiцем Божым i братам Богачалавека, паклiканым да вечнага шчасця.

Ад усяго сэрца вiншую вас, браты i сёстры, а таксама ўсiх людзей добрай волi з урачыстасцю Нараджэння Пана!

Вiншую вернiкаў iншых хрысцiянскiх канфесiй, асаблiва братняй Праваслаўнай царквы. Езус прыйшоў да ўсiх людзей, i ўсе мы, хоць i належым да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, верым у аднаго Збаўцу, якi нарадзiўся з Панны Марыi ў Бэтлееме, i вызнаем тую самую веру ў Богаўцелаўленне. Наша супольнае iмя — хрысцiянiн — паходзiць ад Хрыста — нашага Збаўцы. Таму i наша вера i радасць супольныя.

Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснасцi мы яшчэ мацней павiнны з’яднацца ў супольным вызнаннi нашай веры, каб своечасова i годна на iх адказаць i тым самым будаваць нашу будучыню на каштоўнасцях Евангелля.

Жадаю вам радасцi ў нованароджаным Месii! Няхай Ён сваёю ласкаю заўсёды нараджаецца ў нашых сэрцах. Не трэба баяцца, бо сёння нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11), якi ёсць Бог з намi (пар. Мц 1, 23) — наша радасць, надзея i збаўленне!

Давяраючы ўсiх вас апецы Багародзiцы Марыi, якая дала свету Збаўцу Езуса Хрыста, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца i Сына i Духа Святога. Амэн.

(Друкуецца скарочана)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter