Бог хоча нарадзіцца ў сэрцы чалавека

Некаторыя прапаведнікі, калі тлумачаць таямніцу Хрыстовага нараджэння, звяртаюць увагу на тры Яго “нараджэнні”: Езус нарадзіўся ў Бэтлееме, потым прыйдзе другі раз у канцы часоў. Нашае ж жыццё мае быць скіравана на тое, каб Хрыстос кожны дзень нараджаўся ў нашым сэрцы.

“Я веру ў сэрцы”, — паўтарае значная колькасць людзей, адказваючы на пытанне, ці вераць яны ў Бога і як праяўляецца іх вера. Калі перанесці гэты адказ на чалавечыя адносіны, то адразу становіцца відавочнай абсурднасць такой заявы. Уявім сабе дыялог двух чалавек: “Чаму ты не клапоцішся пра сваіх састарэлых бацькоў?” — “Таму што я люблю іх у сэрцы”.

Першая думка, якая можа ўзнікнуць як рэакцыя на такую заўвагу: Бог не чалавек. Калі Бог дасканалы, то Ён не мае неабходнасці ў нашых малітвах, ахвярах, добрым жыцці... Ні ў чым. Нельга да дасканаласці дадаць яшчэ штосьці, каб яна стала яшчэ больш дасканалай.

Рымска-каталіцкі Касцёл у літургіі вельмі проста дае адказ на гэтую заўвагу: “Нашыя гімны хвалы нічога не дадаюць Тваёй (Божай) велічы, але дапамагаюць нашаму збаўленню”. Псіхалогія чалавека мае патрэбу ў бачных праяўленнях сваёй веры. Як мы дорым кветкі дарагой нам асобе, так і можам прынесці іх да прыдарожнага крыжа, да царквы, туды, дзе мы асаблівым чынам адчуваем Божую прысутнасць. Аднак можна адорваць блізкіх людзей шматлікімі падарункамі, узгадваючы пра такіх асоб толькі некалькі разоў на год. Ніхто не хацеў бы, каб блізкія ўспаміналі пра нас толькі ў нейкія памятныя даты, напрыклад, у дзень нараджэння.

Хрысціяне дамовіліся адзначаць дзень нараджэння Хрыста 25 снежня, калі ноч становіцца карацейшай за дзень. У кожным сэрцы, якое шукае Бога, становіцца менш цемры. Сам Хрыстос можа стаць сонцам нашага жыцця. Калі адносіны з Божым Сынам для мяне важныя, то кожны дзень я буду знаходзіць час на размову з ім — на малітву — і на тое, каб жыць не толькі для сябе.

У Хрыстовым святле мы можам убачыць многія нашы слабасці і раны нашага мінулага. Калі б мы не былі слабымі людзьмі, то Хрысту не трэба было б нараджацца на зямлі. Кожны дзень Бог хоча сказаць нам: “Нягледзячы на твае памылкі, я ведаю, якой прыгожай можа быць твая душа, і таму я заўсёды цябе люблю і чакаю тваёй любові”.

Для чаго нарадзіўся Хрыстос? Адказ мы таксама можам знайсці ў літургіі рымскага абраду: “Каб мы, пазнаючы Бога ў бачнай постаці, былі Ім узнесеныя да любові нябачных рэчаў”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter