«Добрай раніцы, Беларусь!» у новым тэлевізійным сезоне падрыхтавала сюрпрызы для гледачоў

Блог у дапамогу

Адна з візітовак галоўнага канала краіны — праграма «Добрай раніцы, Беларусь!» — у гэтым тэлевізійным сезоне па традыцыі падрыхтавала для гледачоў мноства сюрпрызаў. У эфіры ўжо з`явіліся адмысловыя «восеньскія» ролікі ад рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Юрыя Ярошыка з удзелам вядучых папулярнай ранішняй праграмы. Сярод навінак таксама прэм`еры рубрык і відэаблогі.


Вядучыя праекта «Добрай раніцы, Беларусь!» вырашылі падзяліцца сакрэтамі з гледачамі — у прамым эфіры яны будуць распавядаць нейкія прыклады са свайго жыцця, дзяліцца ўражаннямі пра свае «набітыя гузакі» і набытым вопытам па тым ці іншым пытанні.

Яўген Перлін, да прыкладу, свой відэаблог прысвеціць таму, што яго ўражвае ў сацыяльных сетках: пра што кажуць, на якія тэмы спрачаюцца і канфліктуюць уладальнікі акаўнтаў. Вядучы нават гатовы навучыць таму, як «прасунуць сябе» ў інтэрнэце і набраць як мага больш падпісчыкаў.

Вера Карэтнікава будзе распавядаць пра тое, якія адкрыцці зрабіла, пасля таго як стала мамай і хатняй гаспадыняй. Акрамя гэтага ў яе відэаблогу тэлегледачы лёгка знойдуць пацверджанне таго, што Вера — выдатны кулінар-кандытар. Дарэчы, сама вядучая абяцае падзяліцца сакрэтамі выпечкі.

Святлана БАРОЎСКАЯ падзеліцца мудрымі думкамі.


Вольга Рыжыкава вырашыла весці відэаблог пра тое, што трэба паспець зрабіць і чаму навучыцца да 30 гадоў. Яе сувядучы — Юрый Вашчук, ён жа Тэа, ён жа муж — у эфіры будзе прадстаўляць гледачам аўтарскую кароткую песню або прыпеўку, прысвечаную якой-небудзь важнай падзеі, а таксама дапаможа гледачам злавіць пазітыўную хвалю.

Блог Святланы Бароўскай умоўна можна назваць «мудрасць на злобу дня». Вядучая будзе агучваць нейкія важныя для яе цытаты і прыводзіць прыклад са свайго жыцця пра тое, як канкрэтныя мудрыя выказванні дапамаглі ёй.

У Дзяніса Дудзінскага блог прысвечаны падарожжам. Як правільна арганізаваць паездку, што ўзяць з сабой, асаблівасці падарожжаў у розныя краіны — вядучы раскажа пра ўсе тонкасці. Акрамя таго, Дзяніс простай мовай і з дапамогай немудрагелістых малюнкаў будзе тлумачыць нейкія складаныя паняцці. Напрыклад, што такое адронны калайдар і як ён працуе.

Дзяніс ДУДЗІНСКІ ведае ўсе тонкасці падарожжаў.

У Надзеі Цімафеевай — б’юці-блог. Яна з задавальненнем па­дзеліцца сакрэтамі прыгажосці, парадамі па доглядзе за сабой і навучыць правілам макіяжу.

Глеб Давыдаў у сваім блогу раскажа пра тое, як лепш за ўсё арганізаваць імпрэзы і мерапрыемствы: ад невялікіх і камерных да вяселля або карпаратыву.

Адна з навінак сезона ў праекце «Добрай раніцы, Беларусь!» — рубрыка «Родная мова», дзякуючы якой можна палепшыць веды па беларускай мове.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter