Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Збіральнікі-энтузіясты, калекцыянеры дапамагаюць наладзіць каштоўны дыялог паміж пакаленнямі, больш даведацца пра гісторыю Бацькаўшчыны

Блізкія рэчы з далёкіх часоў

Напярэдадні Новага года ўсім хочацца прыўнесці ў жыццё абнаўленне. І калі ўсчынаем чарговае парадкаванне жыццёвай прасторы, то заўважаем: як шмат вакол нас цікавых, дарагіх нам рэчаў! Калі ўдумацца, прыгледзецца, то знойдуцца й сапраўдныя рарытэты, якія спалучаюць нас з мінулам ды люструюць частку супольнай гісторыі, культуры. А бывае й так, што артэфакты, прадметы матэрыяльнай спадчыны натхняюць энтузіястаў і на стварэнне музеяў. Скажам, у Гродне ёсць Музей праса — першы ў Беларусі праект такога кшталту. Там больш за 300 самых розных прасаў! А вы чулі пра гродзенскі прыватны “Музей побыту” калекцыянера Януша Паруліса? Экспануюцца тысячы экспанатаў, звязаных з вясковым побытам, школай, мастацтвам, фота- і кінатэхнікай, а сам Януш з ахвотай праводзіць экскурсіі.

Дзмітрый Сурскі
Пра каго б яшчэ з энтузіястаў-калекцыянераў варта было сказаць? Нямала ў СМІ матэрыялаў пра шматбаковую падзвіжніцкую дзейнасць калекцыянера-філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава. Менш вядома пра Ігара Сурмачэўскага з Мінска, які збірае, рэстаўруе старабеларускія абразы. Дзякуючы яго старанням адноўлены такія адметныя праваслаўныя абразы Беларусі, як Ружанская Божая Маці Адзігітрыя ХVІІ ст. і Дзісненская Адзігітрыя ХVІ—ХVІІ стагоддзяў. Аднойчы, ведаю, калекцыянер уратаваў ад вывазу ў замежжа цудатворны абраз Божай Маці, які напрыканцы ХVІІІ ст. апошні ваявода Мінска Адам Хмара падараваў касцёлу ў сяле Дуброва. Найбольш актыўна майстар займаецца палескімі абразамі ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў, збіраецца пісаць пра тое кнігу. Ёсць у зборах Ігара Сурмачэўскага й рэчы часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у асноўным прадметы шляхты: пячаткі, дакументы, пісьмы, карты, кнігі, посуд, жывапіс і гравюры. Некаторыя экспанаты, уратаваныя калекцыянерам, дэманструюцца ў музейных залах Беларусі. Напрыклад, шляхецкі жаночы гардэроб ХІХ—ХХ стагоддзяў — у мінскім  “Доме Ваньковічаў”.

Пра калекцыяванне ў Беларусі шмат цікавага ведае старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітры Сурскі, сам збіральнік з дзяцінства. Збіраў фанцікі ад цукерак, пазней — упакоўкі ад цыгарэт рэдкіх, як цяпер кажуць, брэндаў. З тых упаковак, дарэчы, Дзмітры стварыў пацешнага робата. Згадвае, з якім імпэтам даследаваў у дзяцінстве змесціва сарайчыка паблізу дома. Пэўна, якраз тыя дзівосныя знаходкі й падштурхнулі хлопчыка да калекцыявання. Бо знайшоў там цацачныя цягнікі, нажніцы, інструменты. І прыгожыя, унікальныя рэчы трапляліся. З часам прыйшлі ў жыццё паштовыя маркі: флора і фаўна. Тое “першае сур’ёзнае ды асэнсаванае калекцыяванне” доўжылася гадоў шэсць. У студэнцкія гады цікавасць да збірання рэчаў толькі ўзрасла. Тады ж яму пашанцавала пабываць у пасёлку, які йшоў пад знос, ды ў старых хатах знайсці, уратаваць каштоўныя артэфакты — нават беларускую тэатральную афішу 1883 года. Яна й цяпер — упрыгажэнне  каштоўнай калекцыі, якую Дзмітры з вялікім захапленнем збірае.

Акрамя плакатаў, найбольш яму цікавыя нажніцы, эмаляваны посуд. Нажніц у калекцыі — каля 150: медыцынскія, манікюрныя, цырульныя, швейныя, маленькія-вялікія... Прыцягваюць увагу як старыя мадэлі, так і сучасныя. Чаму ўзнік такі вось інтарэс? Раней Дзмітры быў кіраўніком тэмы і распрацоўваў шырокі асартымент нажніц у Інстытуце тэхнічнай эстэтыкі. Было ў дызайнера некалькі запатэнтаваных вынаходак, якія таксама ёсць у ягонай калекцыі.

Што да эмаляванага посуду, то яго, кажа, складана знаходзіць. Такі посуд каштаваў даволі танна, і калі псаваўся, то яго выкідвалі. А нешта й ацалела ў хвалях часу. У калекцыі Дзмітрыя Сурскага ёсць эмаляваныя званочак, лейка, шыльды з назвамі вуліц, вартаўнічок для малака (каб не збягала пры кіпячэнні), кружка з сімволікай маскоўскай Алімпіяды-80. Ёсць і рэчы без штампа — прадукцыя арцеляў. Асаблівую ўвагу прыцягвае кавярнік, зроблены ў Гомелі ў 1956 годзе: формай нагадвае вядомыя еўрапейскія пачатку ХХ стагоддзя. Але гэта выраб айчынны. Дзмітры ўдакладняе: такія прадметы добра дэманструюць старую тэхналогію, яе ўнікальнасць.

Адзін з плакатаў Дзмітрыя Сурскага

Цікавая ў Дзмітрыя й калекцыя жывапісу, з асабліваю ўвагай на эцюды. Ёсць у зборы эцюды, што выйшлі з-пад рук Барыса Заборава, Ізраіля Басава, Ліпы Кроля, Юзэфа Пучынскага, Віталя Цвірко. Там і працы сяброў дызайнера: Аляксандра Сільвановіча, Аляксандра Вахрамеева, Дзмітрыя Маслія, Сяргея Малішэўскага ды іншых. Пра калекцыю ўладальнік згадвае з цеплынёй і любоўю, любіць тыя творы часам разглядаць.

Марыць Дзмітры Сурскі пра тое, што ў Беларусі будзе вялікі Музей прыватных калекцый. Бо ёсць што паказаць! І падобныя музеі ўжо ёсць у свеце. А будзе музей — будзе куды аддаць рэчы, якія чамусьці замінаюць гаспадарам, “шукаюць новае месца жыхарства”. І не ўсе ж калекцыянеры маюць магчымасць запрашаць да сябе цікаўных, каб зборы паказаць. Музей — гэта і выхад на сусветны ўзровень, магчымасць працаваць з турыстамі, гуртаваць аднадумцаў. І было б нядрэнна, разважае далей Дзмітры, прыносіць на “ночы музеяў” рэчы — музеям у дар. І фарміраваць калекцыі з даступных прадметаў — ужо сёння: з тых рэчаў, якія звязаны з матэрыяльнай культурай, дызайнам Беларусі. Такія рэчы ёсць у крамах, іх выпускаюць на беларускіх прадпрыемствах — можна паказваць найбольш цікавыя экзэмпляры. Так што разам з Музеем прыватных калекцый было б няблага стварыць і Музей дызайну, і Музей тэхнікі — у Беларусі ж моцная вытворчая база. Карацей, прастора для дзейнасці — неабсяжная.

Асабіста для Дзмітрыя калекцыяванне — хобі, якое прыносіць вялікую радасць. Занятак спалучаны з прафесійнай зацікаўленасцю, дапамагае ў працы. Калекцыі ўдзельнічалі ў выставах, яны натхняюць на вывучэнне матэрыяльнай культуры Бацькаўшчыны. У прыватнасці, рэалізаваны праект Беларускага саюза дызайнераў “Back to USSR”, дзе былі прадстаўлены артэфакты эпохі, праведзена выстава рарытэтных швейных машынак. У калекцыі Дзмітрыя ёсць прадметы яго аўтарства: і згаданыя ўжо нажніцы, і плакаты. Ён займаецца рэстытуцыяй, вяртаннем у Беларусь рарытэтных беларускіх плакатаў. У свой час значная іх частка была згублена ў Расіі, цяпер дызайнер выкупляе творы, якія там захаваліся, у асноўным іх якасныя лічбавыя копіі.

Пад Новы год не варта спяшацца, парадкуючы рэчы, выкідваць усё нам непатрэбнае на сметніцу. Магчыма, нешта спатрэбіцца калекцыянерам. А калекцыйная справа ў Беларусі жыве даўно: згадаем хаця б графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, на аснове калекцыі якога працуе ўнікальны музей у польскім Кракаве. Адкрыты ж ён недалёка ад цэнтра горада: на вуліцы Ю. Пілсудскага, 12. “У 1894-м свой каштоўнейшы музейны скарб у шасці таварных вагонах граф перавёз са Станькава ў Кракаў, які быў на той час па-за межамі Расійскай імперыі”, — піша пра тое краязнаўца Лявон Целеш. (Больш падрабязна гл.: “Падарожжа ў Кракаў. — ГР, №30, 10. 08. 2017). Дарэчы, у інтэрнэт-вікіпедыі ёсць артыкул “Беларускія калекцыянеры”. Шэрагі руплівых збіральнікаў немалыя й сёння. Мне вядома, напрыклад, пра Уладзіслава Заленскага з Міншчыны, які збірае старабеларускія рэчы з сямігадовага ўзросту. За восем гадоў Уладзіслаў стварыў Музей беларускага по быту ў вёсцы Старая Падваложка Бярэзінскага раёна.

Повязь часоў, дыялог пакаленняў, спадчына, след на зямлі... Дзякуючы збіральнікам, калекцыянерам нам удаецца больш поўна захаваць згадкі-ўспаміны пра мінуўшчыну Бацькаўшчыны, нібыта пачуць галасы таленавітых папярэднікаў, ацаніць плён іх працы, стваральныя намаганні, павучыцца майстэрству. А часам і знайсці, спасцігаючы сутнасць старых рэчаў, каштоўныя падказкі для ўласных праектаў на будучыню.

Марыя Мініч, мастацтвазнаўца

Голас Радзімы № 48 (3552), чацвер, 21 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter