Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Міжрэгіянальны фестываль беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі” прысвячаўся гэтай восенню 80-годдзю Новасібірскай вобласці

Блізкія людзі з Сібіры

Захаванне народных традыцыі — гэта і вялікая, удумлівая павага да мінулага, і праца ўласнай душы ў дні сённяшнім. Як нельга на “голым месцы” ўтварыць нейкую культурную традыцыі, так і нават багатыя традыцыі хутка губляюцца, калі не маюць жывой падпіткі, нейкіх арганізацыйных захадаў з боку нашчадкаў. Каб падтрымліваць духоўныя повязі з зямлёю, культурай бацькоў-продкаў, і ладзяць беларусы Новасібірскай вобласці свае фестывалі. Сёлета ж 21 кастрычніка праходзіў ужо 15-ы Міжрэгіянальны фестываль беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”. Месцам яго правядзення стаў горад Чулым, а прысвяцілі мясцовыя беларусы святочныя імпрэзы 80-годдзю вобласці. Ладзіў свята Новасібірскі цэнтр беларускай культуры сумесна з адміністрацыяй Чулымскага раёна і мясцовым Домам культуры і вольнага часу.

На фестывалі выступалі гурты “Лявоніха”, “Белый цвет” і “Чапурушка”
Фота анжалікі нясцеркінай

Гасціннасць заўсёды была характэрнаю рысай славян, у тым ліку й беларусаў. Госця ж, паводле традыцыі, належала накарміць і напаіць уволю. Так і на беларускім фэсце гаспадары-чулымцы частавалі ўсіх ахвочых нацыянальнымі беларускімі стравамі: былі на сталах дранікі, халаднік, калдуны, пірагамі з разнастайнымі начынкамі. Перад канцэртам гасцям прапанавалі паўдзельнічаць у майстар-класах, атрымаць досвед з рук майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Як заўсёды, вялікую цікавасць выклікаў майстар-клас па саломапляценні ад Вольгі Верашчагінай, кіраўніцы Узорнай студыі “Плетение” з Ардынскага раёна. Свае асаблівыя прыёмы разьбы па дрэве ды тэхналогію вырабу беларускай лялькі з тканіны й нітак паказалі майстры з Чулымскага, Каргацкага і Куйбышаўскага раёнаў.

Госці фестывалю маглі здзейсніць і своеасаблівы экскурс у беларускую гісторыю: у фае была прадстаўлена фотавыстава, прысвечаная маштабнаму перасяленню беларускіх сялян у Сібір. А крыху пазней адкрываўся фестываль фільмам-замалёўкай пра беларусаў Чулымскага раёна.   

Вакальная група “Варенька” з Чулымскага раёна

У тэатралізаваным прадстаў­ленні нароўні з традыцыйнымі персанажамі беларускага фальклору паўдзельнічалі самадзейныя творчыя калектывы. Як добрых старых знаёмых там сустрэлі народныя гурты “Чапурушка” з Кочанеўскага раёна, “Кумушки” з Ардынскага, “Сибирский узор” з Мошкаўскага. Выступалі яшчэ калыванскі ансамбль танца народаў Сібіры “Надежда”, з сяла Заўялава Тагучынскага раёна прыехаў народны хор рускай песні “Родники”. Былі на сцэне, вядома ж, і чулымскія артысты: вакальны гурт “Варенька”, ансамбль “Звонница”, танцавальны “Вдохновение”, а таксама салісткі Валянціна Куркіна, Алена Субоціна, Таццяна Мауль, Вікторыя Талочная, Вера Косінава, Паліна Анішчанка.

Парадаваліся мы, што далучаюцца да нашага фестывалю й новыя гурты. Упершыню сёлета на ім выступілі народныя калектывы з вёскі Бальшая Талда Пракоп’еўскага раёна Кемераўскай вобласці: беларускі аўтэнтычны сямейны ансамбль “Лявоніха” (кіраўніца В. Я. Селязнёва) і яго калектыў-спадарожнік “Белый цвет” (кіраўніца Л. М. Шабаліна) прыехалі загадзя. За тры дні госці нашы наведалі Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, абмяняліся песенным досведам, рэпертуарам. Пры тым здзівілі не толькі гасцей фестывалю, але і ўдзельнікаў сваёй незвычайнай манерай, стылем выканання беларускіх народных песень, якія прыехалі ў Сібір разам з перасяленцамі напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Госці ацанілі гасціннасць, ветлівасць гаспадароў фэсту, за што й дзякавалі шчыра дырэктарцы Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасіі Дзяменцьевай і дырэктарцы Чулымскага раённага дома культуры і вольнага часу Алесі Прылепскай. І, вядома ж, запрасілі творчыя гурты беларусаў, салістаў Новасібірскай вобласці да сябе: з візітам у адказ.

Уручаючы дыпломы й памятныя прызы ўсім удзельнікам фестывалю, Анастасія Дзяменцьева адзначыла: фестываль “У гасцях у Лявоніхі” стаў сапраўдным сімвалам яднання беларускай і рускай культур. Гэтае прыгожае свята служыць высакароднай мэце: умацаванню міру, паразуменню паміж народамі, захаванню культурнай разнастайнасці.

Марыя Мельнікава, супрацоўніца Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter