Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Блізкія душы, сугучныя словы

На той час, калі ў выдавецтве “Беларусь” у 1967 годзе выйшла першая кніга Сяргея Панізьніка, ён быў слухачом факультэта журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай акадэміі

Сяргей Панізьнік 

“Кастры Купалля” — так называлася кніга, якой сёлета спаўняецца паўвека. Беларускімі вобразамі, таямніцамі поўняцца яе старонкі. “Што ёсць, скажы,/ Ў тваіх лугах і пашах,/ Чаго спрадвек шукалі песняры/ І пранасілі па мастах рыпучых,/ Калі ў Купалле ладзілі кастры?” Ужо з першых паэтычных радкоў адчуваецца ўлюбёнасць паэта ў маці-Беларусь. Ён апявае палеткі й лясы, захапляецца старадаўнімі звычаямі супляменнікаў, углядаецца ў будучыню Бацькаўшчыны: “На Беларусі сінеюць азёры,/ Над Беларуссю — сінія зоры.../ Над Беларуссю — срэбраны ветах,/ І Беларусь мая — папараць-кветка...” Вось з якімі прыгожымі вершамі прыйшоў у літаратуру Сяргей Панізьнік, вайсковец-паэт родам з вёскі Бабышкі, што ў Мёрскім раёне Віцебшчыны. 

Мы з Сяргеем знаёмыя даўно: ліставаліся пад час ягонай афіцэрскай службы ў Групе савецкіх войскаў у Чэхаславаччыне. Там ён не пакідаў пісаць вершы, вельмі цёпла згадваў прыгажун-горад Львоў, братоў-украінцаў. Мне так прыемна было знаходзіць у кожным з ягоных лістоў новыя вершы. Па гэты час адзін з іх лічу сапраўдным гімнам украінска-беларускаму братэрству. Вось тыя радкі: “Калісьці, паміж двух шнуроў пшаніцы,/ Спынілі двое на мяжы плугі./ І з іх адзін назваўся — украінцам,/ І беларусам вызнаўся другі./ Абодва селі ды на роднай мове/ Паміж сабой гаворку павялі,/ І стала іх ратайская размова/ Найлепшай дыпламатыяй зямлі./ Сусед суседу верыў і ахвоча/ Ня раз дапамагаў у жорсткі век./ Аб Украіне марыць Багдановіч,/ На Беларусі Камяняр жыве!”

Прыгожа! Вобразна! А Камяняр, нагадаю, гэта псеўданім класіка ўкраінскай літаратуры Івана Франка...

Нядаўна, 10 траўня, Сяргей Панізьнік адзначыў 75-годдзе. Шчыра працуе й па гэты час на карысць роднай культуры, на пашырэнне яе ў свеце. Шмат увагі надае ўмацаванню сяброўскіх стасункаў паміж народамі. Латвія, напрыклад, такія падзвіжніцкія высілкі беларускага паэта, перакладчыка, дзеяча культуры ўшанавала высокай узнагародай — Ордэнам Трох Зорак, а Беларусь — медалём Францыска Скарыны. Юбіляр — аўтар ужо 9 зборнікаў паэзіі, шматлікіх публікацый у перыядычным друку. Ён падрыхтаваў, уклаў шэрагу кніг, зборнікаў, выдаў нават на кампакт-дысках запісаныя ім песні народныя з родных мясцін Падзвіння. 

Юбілей творцы адзначылі й чальцы гурта беларускай культуры “Зорка Венера”. Для абітурыентаў навучальных устаноў Ізяслава зладзілі мы літаратурна-музычны вечар “Аб Украіне марыць Багдановіч, на Беларусі Камяняр жыве!”.

Пятрусь Капчык,
 кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”, г. Ізяслаў, Украіна



Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter