В Национальном художественном музее откроется персональная выставка Владимира Толстика

Блізкі погляд

Народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. 
Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1949-м. Жывапісу вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У ім жа, цяпер ужо ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, больш за 40 гадоў выкладае сам. Загадвае кафедрай акадэмічнага малюнка. Прафесар. Народны мастак Беларусі.

Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Персанальныя выставы — у шэрагу краін блізкага замежжа і ў Еўропе. Карціны — у многіх музеях і прыватных зборах на радзіме, у галерэях ЗША, Францыі, Італіі.

Яго почырк пазнавальны, а творчасць называюць яркай з’явай у сучасным мастацтве. Пра што б ні былі яго палотны, па манеры пісьма, вобразах, каляровай гаме, па сутнасці сваёй яны застаюцца праўдзіва беларускімі. Адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры — адна з асноўных тэм яго твораў.

28 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца персанальная выстава Уладзіміра Тоўсціка «Тэрыторыя партрэта. Блізкі погляд», прымеркаваная да 70-годдзя майстра.

На выставе будзе прадэманстравана каля 30 жывапісных работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, фонду Беларускага саюза мастакоў, у тым ліку партрэты апошняй серыі «Блізкі погляд» з калекцыі мастака. Многія творы пакажуць упершыню.

Ідэю захаваць у партрэтах вобразы сваіх сяброў, калег-мастакоў Уладзімір Тоўсцік выношваў некалькі гадоў. Частыя сустрэчы, развагі пра мастацтва, абмеркаванне бягучага мастацкага працэсу сталі ўнутранай матывіроўкай для стварэння партрэтаў Леаніда і Святланы Шчамялёвых, Валерыя Славука, Васіля Шаранговіча і яго дачкі Наталлі, Георгія Скрыпнічэнкі, Гаўрыіла Вашчанкі і многіх іншых вядомых дзеячаў беларускай культуры.

Замыкае партрэтную серыю сам Уладзімір Тоўсцік. Ён адзіны з усіх адлюстраваных герояў, які не пазірае прама на гледача, а паўстае ў працэсе працы за вялікім і яшчэ не зафарбаваным палатном. Куратар выставы кандыдат мастацтвазнаўства Кацярына Ізафатава гаворыць, што гэта адначасова і адхіленне, і рэфлексія, і красамоўнае сведчанне таго, што серыя «Блізкі погляд» увесь час папаўняецца ўсё новымі і новымі творамі, убіраючы ў сябе герояў розных узростаў, творчых памкненняў, якія пайшлі ў свет іншы, і дзеючых асоб беларускай мастацкай сцэны. Сутнасць праекта не ў выбудоўванні рэйтынгу лепшых і годных, а ў самой паэзіі ўважлівага бачання чалавека, у захаванні прынцыповай сувязі з вялікімі культурнымі традыцыямі мінулага. У пошуках зыходзячага часу Уладзімір Толсцік засяродзіўся на самым каштоўным — чалавеку, стварыўшы дзіўную галерэю партрэтаў, якія хочацца глядзець, разгадваць і сузіраць.

svirko@sb.by

Фота Аляксандра КУШНЕРА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter