Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нават на італьянскай Сардзініі, адным з астравоў Міжземнага мора, сёлета можна з галавой акунуцца ў плынь беларускай культуры

Блізка як ніколі раней

Сярод лепшых навучэнцаў культурна-адукацыйнай праграмы “Менеджар па турызме” Вучэбнага цэнтра “Сардзінія Глобал”, які працуе ў Мінску, сёлета была і Дар’я Колесава з Гомеля. Выпускніца не стрымлівала эмоцый, слёз радасці, калі ўручалі ёй сертыфікат на гадавую стажыроўку ў адным з гатэляў вострава Сардзінія. Пасля прызналася: у тым рэгіёне Італіі бывала — па праграме аздараўлення дзяцей з пацярпелых пасля Чарнобыльскай аварыі тэрыторый Беларусі. Помніцца Дар’і той райскі куточак: празрыстае мора, чысцюткія пясочныя пляжы, ярка-зялёнае лісце фікусаў ды пальмаў... Некалькі разоў дзяўчына жыла ў сардзінскіх сем’ях. У Беларусі ж вывучала італьянскую мову. Калі ўбачыла ў інтэрнэце аб’яву пра набор слухачоў для навучання па вышэйзгаданай праграме, то адразу ж падала дакументы.

Ансамбль танца “Чабарок” на фальклорным фестывалі ў сардзінскім Іглесіасе

Падрыхтоўка менеджараў па турызме — адна з сумесных праграм паміж Беларуссю і Сардзініяй. Увогуле двухбаковыя стасункі даўнія, ім болей за 25 год. Пачыналіся з Чарнобыльскіх праектаў, дзякуючы ім тысячы беларускіх дзяцей аздаравіліся ў сардзінскіх сем’ях. З часам аформіліся навуковыя, эканамічныя, турысцкія, адукацыйныя стасункі, з’явіліся партнёрскія сувязі паміж універсітэтамі.

Летась, напрыклад, Сардзінія была прадстаўлена на Сусветным тыдні італьянскай кухні, што праходзіў у Мінску. Сёлета ў сакавіку для ўмацавання кантактаў між універсітэтамі Кальяры і навучальнымі ўстановамі Беларусі былі праведзены Дні адукацыі ды навукі Сардзініі ў Мінску. Пад час Міжнароднай выставы “Адпачынак-2017” Сардзінія прадставіла свой стэнд, прайшла й прэзентацыя турпатэнцыялу вострава пад назвай “Сардзінія — пярліна Міжземнамор’я і скарб Італіі”. Адна з навін, пра якую паведаміў нам Ганаровы консул Беларусі ў Кальяры Джузэппе Карбоні, — Універсітэт г. Кальяры (Сардзінія-Італія) і Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы інклюзіўнай адукацыі.

А Годам беларускай культуры на Сардзініі абвешчаны 2017-ы. У маі ў гарадах Кальяры і Сасары перад мясцовай публікай выступіў фольк-гурт “Вурай”. “Музыканты калектыву, саліст Сяржук Доўгушаў, гітарыст Іван Арцімовіч, кантрабасіст Эрык Арлоў, скрыпачка Насця Папова, барабаншчык Данііл Залескі збіраюць народныя беларускія песні ў экспедыцыях па краіне. Затым надаюць ім новае гучанне ў студыі. Вынікам іх працы з’яўляецца добра збалансаваная сумесь фольку, рока, джаза і псіхадэлічных эфектаў. Сумяшчэнне традыцыйных народныx беларускіх песень і сучасныx аранжыровак выклікала вялікі поспех у італьянскай публікі, асабліва ж у моладзевай аўдыторыі”, — піша Джузэппе Карбоні.

Сёлета на востраве з канцэртамі пабывалі спявачка Жанна Версо і ансамбль “Рапсодыя” з Брэсцкай абласной філармоніі. А мастак з Гомеля Юры Пташынскі прывозіў выставу “Шоу пясчаных карцін”. У чэрвені на Сардзініі выступіў ансамбль танца “Равеснік”. У ХХІ Міжнародным фальклорным фестывалі “Су Масу” ў горадзе Эльмас паўдзельнічаў у канцы ліпеня – пачатку жніўня народны вакальна-харэаграфічны гурт “Сеніца” з Мінскага раёна. Беларускі ансамбль народнага танца “Чабарок” выступіў на Міжнародным фольк-фэсце ў сардзінскім горадзе Іглесіас.

Фольк-гурт “Вурай” выступаў у Кальяры і Сасары на Сардзініі

І надалей запланавана шмат розных імпрэз: у верасні пройдуць “Дні беларускай кухні на Сардзініі”, у кастрычніку — сустрэчы з пісьменнікамі ды кінематаграфістамі з Беларусі, у лістападзе на Міжнародны фестываль харавых спеваў духоўнай музыкі “Каледж Каларытанум” запрошаны адзін з беларускіх хораў.

Хоць і падаецца, што Беларусь і Сардзінія далёка адно ад другога, але ўжо шмат што нас лучыць. Сёлета ж, у Год беларускай культуры, можна ўвогуле адчуць сябе на італьянскім востраве як дома, з галавой акунуцца ў плынь роднай культуры.

Дарэчы, у сезон адпачынкаў усё часцей сустракаюцца на Сардзініі беларускія турысты. Спрыяюць таму і нядаўна заключаныя дамовы паміж тураператарамі Сардзініі ды авіякампаніяй “Белавія”. Цяпер на востраў можна трапіць рэйсамі праз Рым з начлегам і экскурсіямі, альбо з прыпынкам у сталіцы моды Мілане. А тым, хто марыць найхутчэй апынуцца на пляжах, ля ласкавага мора, можна перасесці ў рымскім аэрапорце на адзін з шматлікіх рэйсаў да Сардзініі.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 30 (3534), чацвер, 10 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter