Старадаўняе традыцыйнае свята Пакровы цяпер, як і даўней, адзначаюць беларусы Прыбайкалля

Бліжэй да зямлі

Старадаўняе традыцыйнае свята Пакровы цяпер, як і даўней, адзначаюць беларусы Прыбайкалля


Мудрыя кажуць: усяму свой час і сваё месца. Калі браць тое да ўвагі, то кожнае традыцыйнае свята, калі перанесці яго на сцэну, нешта вельмі важнае страчвае ад “сцэнізацыі”. А як адчуць, скажыце, таемнасць, высокі духоўны сэнс Купалля, калі “адзначаць” яго… у рэстаране? Ці Гукаць Вясну ва ўтульным офісе?.. Можна, вядома, пагуляць у такую “народнасць”, аднак не забываць: жывы агонь народных традыцый душу вашую наўрад ці сагрэе. А тады — навошта?


Пакровы ў Тургенеўцы: Алег Рудакоў і гурт аўтэнтычнай песні “Крывічы”

Нашы продкі-язычнікі, сцвярджаюць даследчыкі мінуўшчыны, і храмаў не будавалі, абрады спраўлялі на прыродзе. То й нам, паважаючы традыцыі, варта быць да яе, да зямлі бліжэй. Хаця б час ад часу… Пра тое, дарэчы, я разважаў, расказваючы, як актывісты іркуцкага клуба “Крывічы” ўзнавілі абрад Багач у вёсцы Тарнопаль Балаганскага раёна (“Жывы агонь даўніх традыцый”, ГР, 6.11.2014). А летась мы правялі абрад Пакровы ў вёсцы Бабагай — за 260 кіламетраў ад Іркуцка (“Каравай як абярэг”, ГР, №41 (3449), 5.11.2015). Сёлета ж мы спачатку правялі абрад Багач у вёсцы Жызнеўка  Заларынскага раёна (гл.: “Пришел Багач — кидай рогач”, газета “Союз. Беларусь—Россия”, №762 (38)). А 16 кастрычніка “Крывічы” правялі Пакровы ў Тургенеўцы — вёсцы беларускіх перасяленцаў у Баяндаеўскім раёне.

Нагадаю, Пакровы — рубежная дата ў народным, земляробчым календары беларусаў. Свята — з дахрысціянскіх часоў, сімвалізуе заканчэнне восеньскага цыкла гаспадарчых работ. Да Пакроваў імкнуліся закончыць усе палявыя справы, пераараць зямлю, прыбраць у агародзе. Каб пасля “замкнуць” Зямлю на зіму. Працы па гаспадарцы пераходзілі з “поля” на “двор”. Кажуць, паколькі ў такую пару церлі лён (траста пры тым падзяляецца на валакно і кастрыцу), то й месяц беларусы назвалі: кастрычнік. На Пакровы і кароў ставілі ў хлеў: больш не выганялі ў поле. Продкі нашыя імкнуліся жыць у гармоніі з Прыродай, былі ўважлівыя да таго, што адбываецца навокал. А назва Пакровы ў першасным сэнсе звязана з тым, што звычайна ў такі дзень зямля пакрыта ўжо лісцем, а мог выпасці першы снег і пакрыць зямлю белай “коўдрай” — пра тое сведчыць і шэраг народных прыказак, прымавак. Увогуле шмат цікавага пра Пакровы можна знайсці ў розных крыніцах — толькі б не ленавацца…

Наш Моладзевы клуб “Крывічы” імкнецца зберагаць, пашыраць даўнія традыцыі беларусаў. Дзеля таго збіраем гістарычны матэрыял, робім этнаэкспедыцыі па вёсках Прыбайкалля, заснаваных перасяленцамі з Беларусі. Здабыўшы неабходныя веды, складаем сцэнар і праводзім святы. Прычым ужо 20 гадоў! Апошнія гады імкнемся “вярнуць” беларускія абрады ў беларускія вёскі: у сілу розных абставін там яны падзабыліся. У тым ліку і ў вёсцы Тургенеўцы, якую заснавалі ў 1909 годзе перасяленцы з Гродзенскай губерні, з Заходняга Палесся. Вёска вельмі ўнікальная, шмат у чым захавала традыцыі. Ёсць там і беларускі народны хор “Варэнічкі”, а ў мясцовай школе — фальклорная студыя “Ручнічок”: там дзеці вывучаюць беларускія традыцыі. А Каляды, Гуканне Вясны, Купалле, Дажынкі ў Тургенеўцы не забылі: святкуюць.

Абрад Пакровы для сучасных тургенеўцаў — незнаёмы. Кажуць, старажылы нешта расказвалі, але ўжо даўно свята не адзначалі. Вось мы і вырашылі (25 чалавек прыехала з Іркуцка!) правесці Пакровы “ўзорна-паказальныя”. І свята ўдалося на славу! Вяскоўцы разам з кіраўніцай паселішча Святланай Недасекінай дзякавалі нам за “творчы дэсант”, паабяцалі: будзем праводзіць Пакровы штогод! Мы ж спачатку з песнямі ды караваем хадзілі ад хаты да хаты, “замыкалі” Зямлю, “кралі” дзяўчыну — усё з песнямі, прымаўкамі, вясёлым запалам. Асабліва стараўся гурт аўтэнтычнай песні “Крывічы” на чале з Воляй Галанавай: дзяўчаты абышлі 12 хат, і кожнай спявалі па некалькі песень. А быў лёгкі марозік, спяваць — няпроста. І гурт “Варэнічкі” (кіраўніца Ксюша Васільева) суправаджаў нас, падтрымліваў, дапамагаў ладзіць абрадавыя дзеі.

А пасля ўсе госці ды шмат хто з тургенеўцаў сабраліся ў клубе. Разам зладзілі канцэрт “Крывічы” і “Варэнічкі”. Гучалі як даўнія народныя беларускія песні, так і сучасныя аўтарскія. Адзін хлопчык прачытаў па-беларуску прыгожы верш, прысвечанае восені, ураджаю. І ўрэшце — танцы! Мы навучалі ўсіх ахвочых беларускім танцам: Лявоніха, Полька, Падэспань… Было шумна і весела. Тургенеўцы зладзілі яшчэ застолле. Колькі страў, цікавых рэцэптаў… Дарэчы, у нашых краях сёлета, кажуць сяляне, добры ўраджай. То пэўна ж і мы тут недарма стараемся: нашы святы — свайго роду народная магія, якая, упэўнены, утварае своеасаблівы “духоўна-эмацыйны зарад” на шчасны год! Не верыце? Тады самі паспрабуйце!

Іркуцк—Тургенеўка—Іркуцк

Фота: Ларыса Савельева

Голас Радзімы № 41 (3497), чацвер, 3 лістапада, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter