На што спадзяюцца ў 2016 годзе жыхары старажытнага мястэчка — паўночнага полюса Беларусі Езярышча, што мяжуе з Расіяй

Блiжэй да Арктыкi, а хочацца ў Афрыку

На што спадзяюцца ў 2016 годзе жыхары старажытнага мястэчка — паўночнага полюса Беларусі Езярышча, што мяжуе з Расіяй 


АНАМАЛЬНА цёплы снежань завяршаецца завірухай і маразамі. У сёлетнюю Піліпаўку, калі ад сцюжы і голаду звычайна, як пісаў беларускі класік Янка Купала, “воўк нема вые”, у палісадніках да апошніх дзён адыходзячага года красаваліся вынослівыя маргарыткі і нагаткі. У ціхіх закутках адгукнуліся падатлівыя на цяпло чаромха, бэз, кусты смародзіны. 

У самым паўночным беларускім мястэчку Езярышча, што на Віцебшчыне, метэаролагі зафіксавалі тэмпературны рэкорд. Ртутны слупок 23 снежня ўзняўся да 10,2 градуса цяпла. Летась навагодняе свята гэты паўночны куток Беларусі сустракаў у белым снегавым убранні таўшчынёю амаль чвэрць метра. Старажылы паселішча памятаюць больш халодныя і снежныя зімы, калі за ноч завея панамятала сумётаў да самых дахаў хат. Людзі праз танелі выбіраліся са снегавога палону.

ДЗЕВЯНОСТАГАДОВЫ Рыгор Бацюлёў, які шмат гадоў кіраваў у былым райцэнтры камунальнай гаспадаркай, узгадвае, як у сцюдзёныя пасляваенныя зімы адмянялі заняткі ў школе. Круглыя суткі дымілі коміны ў мястэчку. Зорнымі начамі трашчалі ад лютага холаду парканы і сцены драўляных збудаванняў. Цялятак, казлянят, парсючкоў, курэй забіралі ад сцюжы ў хаты. Каровак і коней цёплым пойлам сагравалі. У садзе старэйшай жыхаркі Езярышча Наталлі Каранчуковай ад моцнага арктычнага націску вымярзала палова яблынь і груш. На калгасных палях рунь ад пагібелі ратаваў высокі снегавы покрыў. Галодныя ваўкі рыскалі сярод белага дня па завулках. І цяпер у гэтым лясным кутку Беларусі звяры часта трапляюцца на вочы жыхарам. З расійскіх пушчаў, што пачынаюцца за езярышчанскім возерам, завітваюць бурыя мядзведзі. Вось і нядаўна касалапы госць спакойна прагульваўся ўздоўж чыгуначнага палатна. 

У Расіі дазваляецца паляванне на мядзведзя, а ў нашай рэспубліцы забаронена. Звяры мігрыруюць у пошуках спакойных мясцін. Лежбішча касалапых бачыла на былым аэрадроме начальнік Езярышчанскай метэаралагічнай станцыі Таццяна Кірэева. Працуючы аграметэаролагам, яна ездзіла на веласіпедзе па навакольных палях саўгаса імя Дзімітрава, дзе выяўляла пашкоджанне раслін з-за неспрыяльных прыродных умоў. Перад адной такой вандроўкай яе папярэдзілі, што на аўсянай ніве ласуюцца два мядзведзі, і параілі ўзяць на ўсялякі выпадак свісток, каб адпудзіць іх. Свістка не знайшлося, і Таццяна Пятроўна на палявой дарозе гучна спявала. Звяроў не застала, але запрыкмеціла стаптаны імі ўчастак аўса.

За дванаццаць гадоў працы на метэастанцыі яна неаднойчы сустракалася з ляснымі жыхарамі. Грацыёзная касуля спакойна выйшла з падлеску і стала абнюхваць пакінуты метэаролагам на ўскрайку поля веласіпед. Падыходзіла да яго з розных бакоў, пільна ўглядалася ў бліскучыя дэталі. Губамі спрабавала на смак пакінуты побач каляровы берэт. І ўсё гэта навідавоку Таццяны Кірэевай, якая застыла пасярод поля ў зачараванні. 

Начальнік Езярышчанскай метэастанцыі Таццяна КІРЭЕВА замервае колькасць ападкаў.

Цікавай была і сустрэча з ласём на лясной сцяжынцы, які так заўзята абнюхваў каляровую паперку на траве, што не звярнуў увагі на атарапелую жанчыну, якая ў дваццаці метрах спыніла веласіпед. Кашлянула, каб адпужнуць сахатага. І той, з каронай раскошных рагоў на галаве, умомант  ірвануў у густы лес. Толькі трэск галля даносіўся. 

Звычайны заяц на жытнёвым полі так спужаў метэаролага, як быццам самы страшны звер. З-пад ног шугануў, толькі пяткі замільгалі.

Кожная сустрэча з ляснымі жыхарамі — сапраўдны цуд. Навагоднім дзівам для Наталлі Дзярыбінай, якая шмат гадоў працуе на Езярышчанскай метэастанцыі, была начная сустрэча. Апоўначы выйшла здымаць паказанні метеаралагічных прыбораў і заўважыла ў густой цемры бліскучыя вугалькі. Мільганула думка, што гэта ваўкі, вось і кінулася ў памяшканне. Праз вакно разгледзела мордачкі лісянятак. Яны з лета жылі ў нары на ўскрайку пасёлка. Дачнікі падкормлівалі іх і прыручылі. Навагодняй ноччу звяркі на агеньчык прыйшлі падсілкавацца.

ЕЗЯРЫШЧАНСКАЯ метэастанцыя — адна з 56 дзяржаўных станцый Беларусі. На працягу больш за паўвека шэсць супрацоўнікаў назіралі за змяненнямі надвор’я па пашыранай праграме. Установу аснасцілі сучасным электронным абсталяваннем, і цяпер два спецыялісты спраўляюцца з гідраметэаралагічнымі назіраннямі на паўночным фарпосце Беларусі. Начальнік Езярышчанскай станцыі Таццяна Кірэева як летапісец занатоўвае  самыя экстрымальныя сітуацыі.

— Рэкордна холоднай была навагодняя ноч у Езярышчы 31 снежня 1978 года, — канстатуе Таццяна Пятроўна. — Тэмпературны слупок апускаўся да мінус 38,6 градуса. 

— Як на сапраўдным Паўночным Полюсе планеты?

— Таму і называюць наш гарадскі пасёлак паўночным полюсам Беларусі. Халодныя патокі паветра з Арктыкі прымаем першымі. Пасля працяглых халадоў так хочацца цяпла, каб хаця тыдзень у Афрыцы пагрэцца. Але і там бывае, што зімою снег выпадае. А ў нас звычайна ў чэрвені ці жніўні здараюцца замаразкі. І дажджы часта заліваюць палі і лугі. Летась 23 жніўня за адну гадзіну выпала 55 міліметраў ападкаў. Лілося з неба сцяною. А ў другім кутку Гарадоцкага раёна ні каплі дажджу ў той дзень не выпала. Чорная хмара вісела над намі. А зімой мяцеліца гаспадарыць. 

— Навагодняе свята сустракаеце як належыць: з марозам і снегам? 

— Двойчы за вечар сустракаем Новы год. Калі маскоўскія куранты б’юць дванаццаць гадзін, падымаем першы келіх. Усяго кіламетр аддзяляе гарадскі пасёлак ад Невельскага раёна Пскоўскай вобласці Расіі. Пад беларускі гімн уздымаем зноў бакалы. Вось так і прыходзіць да нас Новы год. Святкаваць дамоў вяртаюцца з заробкаў езярышчанскія мужчыны. Большасць з іх вымушаны працаваць на будоўлях Расіі, бо тут уладкавацца няма дзе. І расіяне перад Новым годам прыязджаюць на свае лецішчы ў Езярышча праводзіць калядныя канікулы. Ажывае ў гэты зімовы час гарадскі пасёлак. 

Механізатар КУСГП імя Дзімітрава Гарадоцкага раёна Сяргей БАБІЧ

— Таццяна Пятроўна, якіх цудаў чакаеце ў навагоднюю ноч?

— Каб прайшла яна без прыродных катаклізмаў. Калегі з Мінска прадказваюць паніжэнне тэмпературы да мінус дваццаці градусаў. Важна, што да моцных маразоў зямлю ўхутае снег. Асабліва такі покрыў патрэбен хлебным нівам, дзе пасеяны азімыя. Новы год будзем сустракаць з зімовым надвор’ем. А калі яно пратрымаецца і да Каляд, то, па народных прыкметах, зорнае неба ў гэтае свята абяцае шчодрую ніву і багаты ўраджай чарніц. Дай Бог, каб так і было!

АДЫХОДЗЯЧЫ год запомніўся ў рэспубліцы небывалай засухай, якая захапіла і землі Гарадоцкага раёна, гаспадаркі імя Дзімітрава, у якой дзевяць тысяч гектараў не надта ўрадлівай зямлі. Намалацілі збожжа напалову менш мінулагодняга, што адмоўна адбілася на агульнай рэнтабельнасці. Пажадана мець лепшыя паказчыкі і ў жывёлагадоўлі. Стратная вытворчасць малака і мяса. Але прыкметны ўжо станоўчыя зрухі.

— За год надоена малака да ўзроўню леташняга больш як на 130 працэнтаў, — адзначае кіраўнік гаспадаркі Людміла Усеваладава. — На нашых малочна-таварных фермах утрымліваецца звыш 600 дойных кароў. Востра стаіць праблема жывёлагадоўчых кадраў. 

З-за недахопу абаротных сродкаў гаспадарка не ў стане разлічвацца за электраэнергію, таму кантора, збожжаток, складскія памяшканні адключаны ад энергасеткі і пераведзены на электразабеспячэнне ад дызельнага генератара. Не абысціся без электраэнергіі ў рамонтных майстэрнях. Цёплая восень і першы зімовы месяц спрыялі тэмпам рамонту тэхнікі. Адзін з лешых механізатараў Сяргей Бабіч на магутным “Беларусе” восенню рыхтаваў глебу пад веснавую сяўбу, а з першых дзён новага года плануе заняцца рамонтам пасяўных агрэгатаў. Яго сямігадовай дачушцы Ксеніі, як і ўсім дзецям працаўнікоў, падрыхтаваны навагоднія падарункі.

Цудоўным падарункам для мясцовых жыхароў, на думку старшыні Езярышчанскага гарпасялковага Савета Уладзіміра Катаржэўскага, будзе будаўніцтва ў надыходзячым годзе аўтазаправачнай станцыі на дзесяць працоўных месцаў. Уладзімір Іванавіч заклапочаны, што моладзь не затрымліваецца. У сярэдняй школе, дзе зусім нядаўна было звыш паўтысячы навучэнцаў, цяпер 130. За мінулы год нарадзілася 8 немаўлят і зарэгістравана 9 шлюбаў. Некалькі гадоў таму закрылі дом для інвалідаў па зроку і ў будынку размясцілі сацыяльна-педагагічны цэнтр для дзяцей з сем’яў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. Ёсць у гарпасёлку дзіцячы садзік, бальніца, участак жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аддзяленне сувязі, філіял ашчаднага банка, участак аб’яднання “Віцебскэнерга”, лясніцтва, метэастанцыя, ветлячэбніца, пажарна-аварыйна-выратавальны пост, Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, бібліятэка, некалькі магазінаў і кафэ “Вясна”. 

У пасляваенныя гады ў раённым цэнтры Езярышчы пражывала звыш трох тысяч жыхароў. Пасля аб’яднання з Гарадоцкім раёнам паступова іх колькасць змяншаецца. Палову дамоў у пасёлку і навакольных вёсках скупілі жыхары Мурманска і Санкт-Пецярбурга. У сезон сем’ямі з’язджаюцца на свае лецішчы расіяне. Павялічваецца гандлёвая выручка ў райспажыўсаюзаўскіх крамах, дзе асартымент тавараў не горшы, чым у сталічных супермаркетах. 

Цэнтральную плошчу пасёлка ў навагоднія святы традыцыйна ўпрыгожвае высокая ёлка, якую пасадзілі ў былыя гады каля будынка раённай улады. Каляровымі электрагірляндамі ўпрыгожвалі стройнае дрэва. Сёлета правады памянялі на кабель, і ёлка засталася без святочнага ўбранства. Высокую лясную прыгажуню прывезлі з мясцовага лясніцтва і ўсталявалі ў прасторнай актавай зале сярэдняй школы. Вучні з настаўнікамі па традыцыі менавіта каля яе сустракаюць Новы год. 

Завуч ЕзярышчанскайсярэдняйшколыГанна ІВАНОВАі вучні ўпрыгожваюць навагоднююёлку.

— Для жыхароў Езярышча падрыхтавалі навагоднюю канцэртную праграму, — дзеліцца планамі святкавання Уладзімір Катаржэўскі. — Пасля апоўначы  збіраемся ўсім пасёлкам у Доме культуры. Як заўсёды, парадуюць выступленнямі вакалісты, два танцавальныя калектывы, народны калектыў “Азярыца”, якім кіруе выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Жанна Комава. А на Ражаство Хрыстова ў кожнай хаце будуць вітаць калядоўнікаў. У нашых краях святкуецца бедная і багатая куцця, і сталы адпаведна накрываюцца, славіцца Хрыстова нараджэнне. У царкве Успення Прасвятой Багародзіцы святар Міхаіл Сініцкі ладзіць урачыстае набажэнства. Як сведчаць дакументы, у 1800 годзе ў Езярышчы быў пабудаваны праваслаўны храм Святога Міколы Цудатворца, але войны і час бязвер’я не захавалі яго. Дзесяцігоддзі не было ў нас храма. Жыхары за свае сродкі ўзвялі невялікую цэркаўку. Выдзелілі памяшканне і для каталіцкай канфесіі. З Гарадка прыязджае ксёндз і праводзіць набажэнства.  

— Уладзімір Іванавіч, вы мясцовы?

— Тут яшчэ мае продкі жылі. Пасля сярэдняй школы закончыў Гарадоцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі і працаваў экскаватаршчыкам у ПМК-74, а пасля ліквідацыі арганізацыі паступіў у Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Паўтара дзесяцігоддзі настаўнічаў. Завочна вучыўся ў Мазырскім педагагічным інстытуце. Пяты год узначальваю гарпасялковы Савет. Праца з людзьмі цікавая. Кожны дзень дорыць новае. Калі я ездзіў на сесіі ў Мазыр, здзіўляўся, што палескія вёскі патаналі ў белай квецені садоў, а ў Езярышчы ў гэты час яшчэ на лыжах каталіся. На Палессі ўпершыню ўбачыў, як цвітуць абрыкосы і грэцкія арэхі. Для нашай мясцовасці такія дрэвы — экзотыка. Хаця на поўдні Беларусі значна цяплей і вясна там настае рана, але свой паўночны куток з марознымі снежнымі зімамі не прамяняю.

Пасёлак  Езярышча за часы існавання некалькі разоў уваходзіў у склад Расійскай імперыі і вяртаўся пад беларускую юрысдыкцыю. Некалькі гадоў таму пасля ўтварэння Езярышчанскага гарпасялковага Савета да яго далучылі вёскі Кайкі, Мястэчка, Студзёнка, Сурміно, Жукава, Панкры, Аўдзейкава, аграгарадок Лісагорск. 

Уладзімір Катаржэўскі пастаянна сустракаецца з жыхарамі, цікавіцца іх клопатамі. Спадзяецца знайсці магчымасць і ў надыходзячым годзе падсыпаць гравіем вуліцы і пад’яздныя дарогі да вёсак. Верыць Уладзімір Іванавіч, што старэйшая жыхарка гарадскога пасёлка Езярышча Наталля Карэнчукова свой 100-гадовы юбілей адзначыць з роднымі і землякамі ў абноўленым Доме культуры. Сваіх двух сыноў-школьнікаў бачыць дастойнымі продкаў з паўночнага полюса Беларусі.

Уладзімір СУБАТ, “СГ”

Гарадоцкі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter