Познаем Беларусь: почему Ильин день в старину считали началом осени

Бліскавіцы ад вогненнай калясніцы

Як нашы продкі засцерагалі на Іллю свае дамы і агароды ад моцнага дажджу і маланкі

На наступным тыдні праваслаўныя вернікі адзначаць дзень святога прарока Іллі. У славян ён належыць да самых шанаваных святых, разам з Міколам Цудатворцам. Ілля — першы святы, якога сталі шанаваць на Русі. Згодна з біблейскім паданнем, ён жыў у IX стагоддзі да Раства Хрыстовага. Тварыў цуды і жывым узнёсся на неба.


Дата свята з году ў год нязменная. Праваслаўныя вернікі адзначаюць яго 2 жніўня. Ільін дзень называюць таксама Ілля, Ілья, Льля. У народных уяўленнях гэты святы быў богам грому і навальніцы. Адна з легенд расказвае, што ён раз’язджаў па небе ў вогненнай калясніцы, ад грукату якой ішоў гром, а ад удараў конскіх капыт выляталі маланкі. Ілля — распарадчык дажджоў і навальніц, абаронца ад зла, апякун нівы.

У даўнія часы прыкмячалі, што прарок мог і злавацца, наслаць на зямлю моцныя дажджы, навальніцы, град. Таму святога ўсяляк стараліся задобрыць. Вельмі падыхо­дзілі для гэтага курыныя яйкі. Іх пасля набажэнства ў храме закопвалі ў барозны на агародзе. Гэта быў своеасаблівы падарунак святому і абарона ад стыхіі, якую ён мог абрынуць. Акрамя таго, каб засцерагчы дом ад грому і маланкі, на кожны кут хаты лілі ваду з калодзежа.

Існавала і такая легенда: быццам Ілля спасылае на зямлю шмат вады, таму што сам у гэты час аблівае сябе, каб яго адзенне не загарэлася ад моцнай спякоты. Калі ж надвор’е было цёплым, людзі казалі: Ілля сушыць сваё прамоклае адзенне.

У даўнія часы прыкмячалі: пасля 2 жніўня лета паціху саступае восені. Надыходзіла пара збору ўраджаю і падрыхтоўкі да зімы. Дарэчы, на Ільін дзень пяклі хлеб з першага ўраджаю збожжа і неслі для асвячэння ў храм. Верылі, што святы прарок можа паўплываць на ўраджай гародніны. Таму імкнуліся абганяць бульбу, спяшаліся зрэзаць першы качан капусты, выкапаць моркву, буракі. Лічылася, што тады і астатняя гародніна будзе буйная і сакавітая.

Цікавае назіранне: калі жаданні сучаснага чалавека ў сярэдзіне лета больш сківараваны на тое, каб сонечных дзён было больш, то нашы продкі маліліся пазбавіць іх ад засухі. Добры дожджык спрыяў багатаму ўраджаю. Менавіта таму прасілі святога Іллю накіраваць усю ваду на палі. Магчыма, адсюль і паходзіць забарона на купанне адразу пасля свята. Лічылася, калі яе парушыць, то можна патануць.

У некаторых рэгіёнах беларусы па даўняму звычаю на Іллю ішлі да вадаёмаў, каб узяць вады на запас і выкарыстоўваць потым яе ў якасці лекаў ад хвароб і пазбаўлення ад сурокаў. Незамужнія дзяўчыны на Ільін дзень прасілі святога дапамагчы хутчэй выйсці замуж. Гэты час па традыцыі быў перыядам вяселляў.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Прыйшоў Ілля, то i лета няма.

♦ На Іллю да абеду лета, а па абедзе — восень.

♦ Петр і Павел час убавіў, а Ілля-прарок аж два ўвалок.

ДАРЭЧЫ

Па народным календары на Іллю адбываўся пераход на восень. Таму ў гэты дзень апошні раз за лета спяшаліся купацца ў вадаёмах. Лічылася, што адразу пасля Іллі вада ў рэках і азёрах псуецца.

kuzmich@sb.by

Фото pixabay.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter