Чем на Масленицу угощают гостей в Докшицком районе

Блінцы на калодзе і аладкі з печы

Шчодры Масленічны тыдзень — найлепшы час, каб пабываць у гасцях у докшыцкіх гаспадынь і адчуць народнае беларускае свята

Тут выпякаюць блінцы на калодзе, а запіваюць іх спрадвечнай раўгеняй і гарбатай з 70 відаў зёлак. У нашай кулінарнай экспедыцыі мы нават сустрэліся з цёзкамі па нашай рубрыцы — клубам нацыянальнай гульні і кухні «Смачна есці» ў Крыпульскім сельскім клубе-бібліятэцы.

Вольга Квачонак, Наталля Варашэнь, Людміла Суднік, Ірына Сварцэвіч, Вольга Яроменка.

Удзельніцы клуба, жыхаркі вёскі Крыпулі Лідзія Каляга і Лілія Лініч, рыхтавалі стол з традыцыйнымі стравамі загадзя. Як вядома, Масленіцу таксама называюць Сырным тыднем. Падчас раённага фестывалю «Сырны разгуляй» у вёсцы Сітцы менавіта гэты прадукт крыпульскага клуба быў прызнаны найсмачнейшым. Яго вараць па традыцыйным рэцэпце: літр малака, 2 пачкі тварага, яйка, чайная лыжка солі, па столькі ж соды і кміну, 50 грамаў масла. Гаспадыня гатуе ўсе інгрэдыенты на вадзяной бані. У выніку атрымліваецца падобны да плаўленага дамашні зярністы кругалёк. 

– А вось пакашчуйте аладкі з печы, — запрашае загадчык Крыпульскага сельскага клуба-бібліятэкі Ірына Штоль. — Звычайна іх рыхтавалі на вяселле ці хрэсьбіны. Памятаю, як мама несла вялікі сподак. 

Здавалася б, ну што незвычайнага можна прыдумаць з аладкамі? Але ў Крыпулях іх адразу прамазваюць мяккім салодкім тварагом са смятанай. Атрымліваецца нібыта торт, добра прапітаны і вельмі смачны. Пякуць іх у сквародцы на гаршчку, каб добра прапякаліся знізу і зверху. 

Таксама гатуем з дранай бульбы ў чыгунку кашу-дранку — так у нас называюць бабку, — расказвае Лілія Іосіфаўна. — Дабаўляць ў яе малако ці цыбуліну, залежыць ад гаспадыні. Да абеда гэтая страва таміцца ў печы. Як у нас кажуць, раніцай патопаеш — у абед палопаеш.

Лілія Лініч і Лідзія Каляга.

А культарганізатар Святлана Лініч звяртае нашу ўвагу на стравы, якія да месца будуць падчас Вялікага паста, што наступае ў панядзелак. Гэта традыцыйная поліўка з грыбамі. Акрамя дароў леса ў ваду докшыцкія гаспадыні таксама кладуць лусту хлеба. Прыкалачваецца, як тут кажуць, і мука, часам дадаюць цыбулю і поснае масла. 

Наша дапраўка — тры «К», — тлумачыць Лідзія Міхайлаўна. — Гэта кмен, кроп і каляндра. 

Таксама для вітамінаў на вясну тут гатуюць мачоныя яблыкі. На яблыкі ў трох трохлітровых слоіках патрэбны наступны расол: 5 літраў вады, 400 грамаў цукру, 100 — солі, лісце смародзіны і хрэну. Два месяцы яблыкі настойваюцца ў халодным месцы. 


У вёсцы Вецера на створанай у мінулым годзе этнасядзібе нас чакаў не меньш цікавы досвед. Удзельніцы народнага клуба нацыянальнай кухні і гульні «Шчадроўка» аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Цэнтра традыцыйнай культуры на чале з кіраўніком Людмілай Суднік сустракалі нас з патэльняй наперавес над драўлянай калодай. Адмыслова расколатае дрэва прыстасавана, каб падсмажыць блінцы або яечню з яйкамі і скваркамі. 

Іна Карпенка.

♦ Мая бабуля ўсё жыццё уставала зацемна, каб зранку напеч для дзеда дранікаў, ён жыць без іх не мог, — расказвае яшчэ адна ўдзельніца клуба Вольга Квачонак. — У нас таксама любяць клёцкі з душамі. Пры гэтым, калі ў некаторых мясцовасцях на Саракі пякуць фігуркі птушак, то пад Докшыцамі — 40 клёцак. Некаторыя кажуць, што на Масленіцу блін нагадвае сонейка, а у нас гаспадыні і яйкі разбіваюць так, каб атрымлівалася «сонейка», не змешваючы бялок з жаўтком. А фірменныя аладкі з кіслай капусты, якімі можна пачаставацца на Масленіцу, у нас называюцца ляпанкамі. 

У сядзібе «Вецера» праводзяць тэатралізаваныя экскурсіі, у тым ліку і для дзіцячай аудыторыі. Сустракае школьнікаў міфічны персанаж Гарцук — дух ветра, што жыве ў вёсцы Вецера. Знаёмяць моладзь і з сялянскім побытам, і з кухняй, і з традыцыйнымі вераваннямі. Акрамя таго, дзякуючы супрацоўніцтву з Нацыянальнай акадэміяй навук побач з сядзібай высадзілі больш за 70 відаў розных зёлак, нават лаванду. Загадчык аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Ірына Сварцэвіч «Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці» расказвае пра ўласціваці розных траваў. Для распаўсюджвання ведаў пра іх упершыню у мінулым годзе арганізавалі спецыяльны фэст. 


♦ Падзяліліся з намі і рэцэптам фірменных хрушчоў (інакш — хвораст). Ён перадаўся ад 97-гадовай бабулі Вікторыі Пятроўны Шнітко, жыхаркі вёскі Барсукі Докшыцкага раёна. Па сямейная легендзе, яе муж быў ваенным пісарам ў Вільні. Менавіта там сялянка навучылася гатаваць гэты салодкі прысмак. Для яго патрэбны 3 яйкі, 3 жаўтка, 2 сталовыя лыжкі цукру, 3 сталовыя лыжкі гарэлкі, 6 лыжак смятны. Цеста трэба раскатаць вельмі тонка, каб ліст свяціўся. Абжарвала бабуля на свіным тлушчы, зараз гаспадыні карыстаюцца звычайным алеем. 


Не адпусціла нас гасцінная Віцебшчына і без хлеба. Загадчык Докшыцкага раённага дома рамёстваў Іна Карпека, ураджэнка мясцовай вёскі Варганы, засвоіла майстэрства яго выпячэння ў сталым узросце. Цікава, што ў жыхаркі вёскі Порплішча першая адукацыя — рэстаўратарская справа. Але прызванне знайшла спачатку як майстар па лепцы гліны, потым засвоіла і лазу, і саломапляценне. Выпякала заўсёды і аднойчы вырашыла, што не богі гаршкі абжыгаюць, таму зможа сама вывесці закваску для хлеба. Цярпенне і праца — і ўсё атрымалася. Зараз штотыднёва сям'я Іны Генадзеўны спажывае самаробны хлеб. Гаспадыня нават звярае прапорцыі на куханных вагах. Без яе караваяў ніколі не абыходзіцца адно з найбольш вядомых мясцовых святаў.


У Докшыцах бяруць свой пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна і разыходзяцца ў розных кірунках. Адна нясе воды да Балтыйскага мора, другая — да Чорнага. Гэты факт натхніў жыхароў краю на арганізацыю фестывалю «Дзве ракі», які сёння займае ганаровае месца сярод іншых брэндавых мерапрыемстваў, у тым ліку і Віцебскай вобласці. Менавіта на ім можна паспрабаваць усе прысмакі, якімі слаўная гэтая зямля.


yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter