Плюшкіны ці перастрахоўшчыкі: чаму 65 працэнтаў беларусаў захоўваюць ва ўласных аптэчках пратэрмінаваныя лекі

Блicтар у кантэйнеры

Учора дзеля цікавасці зазірнулі з сяброўкай у нашу хатнюю аптэчку. Ад здзіўлення вочы палезлі на лоб. У мяне, чалавека, які з асцярогай ставіцца да медыцынскіх прэпаратаў і па максімуму імкнецца імі не злоўжываць, увесь кухонны стол (без перабольшвання) усыпаўся рознакаляровымі слоічкамі, цюбікамі і каробачкамі. Аказваецца, я такая не адзiная. Дзве трэці беларусаў маюць схільнасць купляць лекаў больш, чым неабходна, і з цягам часу іх назапашваць ва ўласных аптэчках. Нядаўна па ініцыятыве Цэнтра экалагічных рашэнняў у 40-й гарадской клінічнай паліклініцы Мінска з'явіўся першы ў краіне кантэйнер па ўтылізацыі пратэрмiнаванай фармпрадукцыі. Пакуль збыць непатрэбныя прэпараты могуць толькі мінчане, аднак у будучым сталічны вопыт абавязкова перакінецца і на рэгіёны.

Спецыялісты раяць выкідваць у кантэйнер, у першую чаргу, антыбіётыкі, гарманальныя і абязбольвальныя прэпараты.
Фота аўтара

Пачнём з вытокаў

Тэмай утылізацыі фармпрадукцыі Цэнтр экалагічных рашэнняў зацікавіўся яшчэ ў 2015 годзе. І на гэта былі ўсе падставы: у нашых заходніх суседак — Літвы, Латвіі, Польшчы — практычна ў кожную аптэку можна прыйсці з пратэрмінаванымі лекамі і бясплатна здаць іх там на ўтылізацыю. 

Масла ў агонь падліў яшчэ адзін факт. Падчас апошніх аналітычных даследаванняў спецыялісты знайшлі вялікую колькасць фармадкідаў у водах Балтыйскага мора. А наша водная сістэма, між іншым, таксама ўваходзіць у яго басейн. Навукова даказана, што лекі, асабліва антыбіётыкі, абязбольвальныя і гарманальныя прэпараты, не самым лепшым чынам уздзейнічаюць на флору і фаўну воднага свету. У большай ступені яны зніжаюць рэпрадуктыўную функцыю амфібій і рыб, а таксама папуляцый, якія імі сілкуюцца.

Тут прачынаецца меркантыльнасць чалавека, і адразу паўстае пытанне — ці могуць прынесці шкоду няправільна ўтылізаваныя прэпараты нам, людзям? Канешне, у першую чаргу церпіць воднае асяроддзе: мы зліваем лекі ў каналізацыю, а пасля яны патрапяць непасрэдна ў падземныя воды. Нават калі непатрэбная фармпрадукцыя апынецца на звалцы, ёсць верагоднасць міграцыі адходаў разам з глебай зноў жа ў ваду. 

Зазірнулі з сяброўкай у нашу хатнюю аптэчку і аж вочы на лоб палезлі: увесь стол усыпаўся рознакаляровымі слоікамі, цюбікамі і каробачкамі.

Падчас даследавання вады ў Вілейскім вадасховішчы, якая, як вядома, выкарыстоўваецца ў якасці пітной, спецыялісты не знайшлі слядоў медыцынскіх прэпаратаў. Таму ў нашым выпадку пра пагрозу для чалавека казаць рана. Для параўнання, амерыканскія навукоўцы знайшлі ў вадзе мясцовых вадаёмаў (у тым ліку прызначаных і для пітва) каля дваццаці назваў медпрэпаратаў. 

— Пападанне рэшткаў лекавых сродкаў у пітную ваду можа негатыўна сказацца на здароўі насельніцтва. Напрыклад, тыя ж гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, антыбіётыкі — прывесці да рэзістэнтнасці мікраарганізмаў, і пасля чалавек не здолее лячыцца ад захворванняў, якія пагражаюць жыццю, — папярэджвае загадчык кафедры фармацэўтычнай хіміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат фармацэўтычных навук, дацэнт Наталля Яранцава. 

Пакуль праблема ў краіне не дасягнула непазбежных наступстваў, у нас ёсць шанц прадухіліць яе на ранніх этапах. Для гэтага трэба арганізаваць кропкі прыёму непатрэбных лекаў. Ініцыятыву Цэнтра экалагічных рашэнняў падтрымаў камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкама, а таксама шведская кааліцыя «Чыстая Балтыка». 

Вось такі эксперымент

А пачаць вырашылі з устаноўкі спецыялізаванага кантэйнера ў 40-й гарадской клінічнай паліклініцы Мінска, што ў Каменнай Горцы. Хоць установа размясцілася на ўскрайку горада, паток пацыентаў тут даволі прыстойны: паліклініка абслугоўвае 44 тысячы насельніцтва самага вялікага Фрунзенскага раёна і разлічана на 850 наведванняў у змену. 

— Сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук мы праверылі ваду Мінскага, Віцебскага, Барысаўскага і Маладзечанскага рэгіёнаў на прысутнасць лекавых сродкаў і выявілі іх амаль у кожнай пробе. Пры ўсім гэтым у краіне пакуль не распрацаваны цэнтралізаваныя метады ачысткі сцёкавых вод ад лекаў, — тлумачыць сутнасць праблемы супрацоўніца інфармацыйнага цэнтра па пытаннях адкідаў і хімічнай бяспекі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык. — Больш таго, з кожным годам адкрываецца ўсё больш аптэк, рэцэптурнае прызначэнне не заўсёды адпавядае ўпакоўцы, а мы прызвычаіліся купляць лекі ў празмернай колькасці. 

Першы кантэйнер стаў своеасаблівым пілотным праектам: спецыялісты паглядзяць, як людзі адрэагуюць на навінку, і прапануюць варыянты па ўдасканаленні сістэмы ўтылізацыі фармадкідаў. Усе назіранні і рэкамендацыі даследчыкі накіроўваюць у Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства прыродных рэсурсаў. Магчыма, у будучым такі вопыт падштурхне да перагляду профільнага заканадаўства. 

Канешне, надзённым і найбольш актуальным застаецца пытанне фінансавае: калі насельніцтва падтрымае ініцыятыву, хто будзе плаціць за пакупку, усталяванне і абслугоўванне кантэйнераў. Пакуль у краіне дзейнічае адзіны комплекс па ўтылізацыі фармпрадукцыі — УП «Экарэс». Каб даставіць непрыдатныя лекі да базы, таксама патрэбны сродкі. А ўтылізацыя аднаго кіло медпрэпаратаў каштуе каля 4 рублёў. Па вопыту замежных краін фінансавую адказнасць дзеляць паміж сабой фармацэўтычныя кампаніі і мясцовыя органы ўлады. Хто за гэта возьмецца ў нас — пытанне адкрытае… 

Медыцынская скарбонка


Чырвоны металічны кантэйнер для лекаў стаіць у паліклініцы ўсяго тыдзень, а праз маленькую дзірачку ўжо можна ўбачыць дзясятак-другі блістараў з таблеткамі. Груваздкую і шчыльную скрыню можна пакінуць без агляду адразу ў фае ўстановы. Плюс да ўсяго сюды можна кідаць не толькі таблеткі, але і ампулы з вадкасцямі, і невялікія цюбікі з мазямі. 

А яшчэ лепш перад утылізацыяй прачытаць інструкцыю. Спецыялісты раяць прыносіць у першую чаргу антыбіётыкі, гарманальныя і абязбольвальныя прэпараты — яны найбольш устойлівыя ў навакольным асяроддзі, не разлагаюцца і доўга захоўваюць сваю форму. А вось вітаміны, розныя мікстуры, раслінныя лекі тыпу валяр'янкі ці сардэчніку лепш не несці — яны не прыносяць шкоды мікраарганізмам, а сродкі лепш сэканоміць на ўтылізацыю небяспечных рэчываў. 

У перспектыве падобныя кантэйнеры могуць з'явіцца не толькі ў сталічных, але і ў рэгіянальных установах. У большай ступені гэта залежыць ад нас з вамі — наколькі падтрымаем ініцыятыву і папоўнім непатрэбнымі лекамі спецыялізаваныя скрынкі.

ДАВЕДКА

Кантэйнер для збору непатрэбных лекаў даступны для ўсіх ахвотнікаў у фае 40-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска па адрасе: Люцынская, 3 у гадзіны работы ўстановы (пн-пт: з 7 да 20 гадзін; сб: з 8.30 да 15 гадзін).

ПРОСТАЯ  МОВА

Святлана ШЫШКО, галоўная медыцынская сястра 40-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска:

— Наша ўстанова цалкам падтрымала праект. Мы з радасцю размясцілі ў сябе першы ў горадзе кантэйнер для збору непатрэбных лекаў і ўнеслі свае рэкамендацыі пры распрацоўцы інструкцыі па яго эксплуатацыі. Праект толькі распачаўся, а на сайт паліклінікі рэгулярна сыплюцца пытанні ад насельніцтва. Людзі хочуць ведаць, што можна прыносіць і ў якой колькасці. Нашы медработнікі — урачы агульнай практыкі, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, участковыя медсёстры — падчас хатніх аглядаў робяць рэвізію аптэчак сваіх пацыентаў і рэкамендуюць здаць непатрэбныя прэпараты на ўтылізацыю.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter