Блеф

Адна з найбольш закрытых краін свету, Паўночная Карэя, усё ж адзначыла Дзень Сонца — 105-ю гадавіну з дня нараджэння Кім Ір Сэна. Памятную дату правадыра адсвяткавалі новым пускам балістычнай ракеты. Праўда, няўдалым.

Сітуацыя на Карэйскім паўвостраве сёння сярод топавых палітычных тэм. Яе развіццём занепакоены не толькі дзяржавы “ядзернага клуба”. Масква патрабуе ўрэгулявання ядзернай праблемы Паўночнай Карэі ў ранейшых фарматах.

Нягледзячы на пагрозы Злучаных Штатаў нанесці прэвентыўны ўдар па “краіне Кімаў”, калі апошнія правядуць яшчэ адно ядзернае выпрабаванне, КНДР абвясціла аб спыненні амерыканскай пагрозы ўласным ударам. Напярэдадні, для стрымлівання Паўночнай Карэі, да карэйскіх берагоў накіравалі перадавую амерыканскую групоўку ваенна-марскіх сіл. Пакуль яна не задзейнічана. Але цярплівасць бакоў можа скончыцца нечакана...

Днямі віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пенс і выконваючы абавязкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі Хван Гё Ан падчас наведвання тамтэйшай амерыканскай ваеннай базы абяцалі Пхеньяну “карныя захады” ў выпадку новых правакацый. Пенс папярэдзіў: адміністрацыя Дональда Трампа не будзе прытрымлівацца палітыкі “стратэгічнага стрымлівання”, параіўшы “паўночным” узгадаць нядаўні ўдар ЗША крылатымі ракетамі па Сірыі. Аднак Пхеньян не Дамаск — тут ядзерная зброя.

Паміж ЗША і Паўночнай Карэяй цяпер гучыць ваяўнічая рыторыка. Першыя абяцаюць узмацніць ціск, разгарнуўшы сістэму супрацьракетнай абароны на тэрыторыі свайго саюзніка. Пры гэтым Штаты заяўляюць, што не дамагаюцца змены ўлады ў КНДР і не жадаюць канфлікту.

Адначасова з гэтым Кім Чэн Ын вядзе “вайну нерваў” і ў выпадку правакацыі загадаў ракетным войскам падрыхтавацца да нанясення ўдараў па Паўднёвай Карэі, Японіі, базах ЗША ў Ціхім акіяне.

На працягу апошніх гадоў КНДР знаходзіцца пад уплывам жорсткіх  міжнародных санкцый, неаднойчы была на мяжы голаду, але перыядычна выпрабоўвае ядзерную зброю і ажыццяўляе ракетныя пускі.  Напружанасць на Карэйскім паўвостраве і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне не змяншаецца.

Прэзідэнт Трамп спадзяецца, што паўночнакарэйскі лідар хоча мірнага ўрэгулявання, аднак упэўнены: праблемы з Пхеньянам павінны былі вырашыць яшчэ яго папярэднікі. Гіпатэтычна, улічваючы наступствы магчымых ядзерных атак, хуткай перамогі над “паўночнымі” ЗША не атрымае. Менавіта таму сітуацыя на Карэйскім паўвостраве будзе і надалей больш нагадваць палітычны блеф.

І гандаль.  

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter