Ці дапамогуць новыя бонусы развіццю бізнеса невялікіх гарадах і вёсках?

Бiзнес з чыстага лiста

У новы год прынята пачынаць усё з чыстага ліста. Такі прынцып у гэты раз будзе дзейнічаць не толькі ў асабістым жыцці многіх з нас, але і ў дзейнасці бізнесменаў, якія адкрылі або распачынаюць сваю справу ў невялікіх мястэчках. На сесіях абласных Саветаў ужо зацвердзілі пералікі вёсак і гарадоў, у якіх будзе дзейнічаць Указ Прэзідэнта «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Некаторыя рашэнні ўжо ўступілі ў сілу, іншыя праходзяць юрыдычную экспертызу. Але папярэднія вынікі ўражваюць — больш за 15 тысяч вёсак трапілі пад крытэрыi доўгачаканага дакумента. У гэтым спісе таксама і 66 малых гарадоў.

фото Newsbel.by

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю не хаваюць: гэтыя лічбы не догма. У некаторых раёнах разважылі, што не перашкодзіць прыгледзецца, як жа будзе дзейнічаць механізм у самых праблемных кропках. Так што цалкам магчыма, што на працягу бліжэйшай пяцігодкі  спісы будуць папаўняцца.

Што маем цяпер? У залежнасці ад рэгіёна ў спісы ўключана ад 8 да 99,7 працэнта сельскіх тэрыторый. На Міншчыне, напрыклад, самы сціплы пералік. Сюды ўключылі 424 населеныя пункты. Гэта вёскі Барысаўскага і Пухавіцкага раёнаў, дзе трэба павысіць якасць гандлю і сферы паслуг, і тры гарпасёлкi. А вось у Гродзенскай вобласці ў спіс увайшлі якраз амаль сто працэнтаў ад агульнай колькасці населеных пунктаў. Ёсць і раёны — лідары па колькасці льготных тэрыторый. На Гомельшчыне, напрыклад, гэта Брагінскі, Буда-Кашалёўскі і Веткаўскі.

Пра якія бонусы ідзе гаворка? Вось некалькі прыкладаў. Для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на вёсцы, аказваюць паслугі грамадскага харчавання і бытавыя (а ў малых гарадах прадстаўленыя толькі сферай харчавання і «бытоўкай»), установяць паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак і па падаходным з фізічных асоб у памеры шасцi працэнтаў. Індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку сумы і зусім скароцяцца да адной базавай велічыні. Акрамя таго, прадугледжваецца вызваленне абаротаў ад падатку на дабаўленую вартасць, падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржуласнасці ў вёсках.

Яшчэ адзін плюс указа ў тым, што прадпрымальнікі могуць купляць неабходную для справы нерухомасць без аўкцыёну па рыначнай цане. Калі на нерухомасць няма рэгістрацыйных дакументаў, то будучыя новыя ўладальнікі могуць аформіць іх за свой кошт да пакупкі. А выдаткаваныя на гэта грошы будуць улічаныя пры канчатковым разліку за будынак.

І яшчэ адзiн дазвол — прадаваць алкагольныя напіткi ў вёсцы ў магазiнах незалежна ад плошчы. Юрасобы змогуць гандляваць алкаголем у аўтакрамах. Але пры ўмове, што яны ўзгодняць маршрут і асартымент, каб машына вазіла і многія сацыяльна важныя тавары. Бонусы прадугледжаны і для буйных сеткавікоў. Калі іх доля ў рознічным тавараабароце райцэнтра перавышае гранічныя 20 працэнтаў, але жаданне пашырацца не пакідае, то выйсце ёсць: дадаткова набываць ці арандаваць плошчы за межамі райцэнтра.

У Жыткавіцкім раёне, напрыклад, дзе з сотні вёсак пад указ патрапілі амаль сем дзясяткаў, вельмі спадзяюцца, што з уступленнем у сілу прэзідэнцкага ўказа істотна падцягнецца «бытоўка». Хоць сфера паслуг тут стала актыўна пашырацца ў апошнi час, але ж намаганняў прыкладна дзевяці дзясяткаў юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў недастаткова, каб закрыць усе прабелы. Таму што з «сыходам» ранейшых камбінатаў бытавога абслугоўвання тыя віды паслуг, што былі, у поўным аб’ёме да гэтага часу, на жаль, не замясцілi. У райвыканкаме абяцаюць прыкласці максімум садзейнічання ў гэтым пытанні. 

Такія аптымістычныя настроі і ў іншых рэгіёнах. Будзем спадзявацца, што гэтыя надзеі хутка ператворацца ў рэальныя поспехі.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter