Лекавыя травы могуць стаць брэндам і прыносіць даход

Бізнес глядзіць у корань

Маё знаёмства з Гродзенскай навукова-вытворчай кампаніяй “Біятэст”, што займаецца вырабам лекаў з расліннай сыравіны, пачалося з музея-аптэкі. У старажытным горадзе над Нёманам гэта месца, якое не мінае ніводзін турыст. Прыцягваюць тысячы людзей у аптэку, створаную манахамі-езуітамі тры стагоддзі таму і не маючую аналагаў у Беларусі, унікальныя экспанаты, сярод якіх старажытныя рэцэпты з гаючых траў. А з нядаўніх часоў тут нарасхват ідзе брэндавы сувенір не толькі кампаніі, але і горада — “Гарадзенская гарбата”. Гэты незвычайны напой прадстаўлены шасцю травянымі зборамі, вырабленымі па рэцэптуры нашых продкаў. Інтрыгуе нават само арыгінальнае афармленне ўпакоўкі з выявай старадаўніх вуліц горада над Нёманам. Задумка арыгінальная: п’еш гаючы чай і ў думках вандруеш па гістарычных мясцінах. Дарэчы, “Гарадзенскую гарбату” кампанія “Біятэст” выпусціла менш за год таму. Умомант стаўшы папулярным далёка за межамі Гродна, гаючы напой ужо набыў прызнанне на ўзроўні краіны: стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”.

Фота з архіва прадпрыемства

Журналісцкі інтарэс прывёў да дырэктара кампаніі Мікалая Дарашкевіча — кандыдата біялагічных навук, бізнесмена. Аказалася, што музей-аптэка — гэта яго мецэнацкі праект. Дваццаць гадоў назад гэтаму гістарычнаму двухпавярховаму будынку, які прымыкае да знакамітага Фарнага касцёла, вярнулі яго прызначэнне. А да гэтага моманту быў у такім непрывабным стане, што нават жадаючых яго арандаваць не знаходзілася.

Пры сустрэчы высветлілася, што “Біятэст”, ля вытокаў якога стаіць навука, працуе па прынцыпе: традыцыі важныя для тых, хто глядзіць у будучыню. Мікалай Дарашкевіч тлумачыць, у чым сэнс такога падыходу:

— Па маім глыбокім перакананні, лекавыя сродкі з расліннай сыравіны — гэта вытокі нашай медыцыны. Бо ў гісторыі чалавецтва часавы інтэрвал выкарыстання сінтэтычных лекаў — толькі малая частка. Мы яшчэ не ведаем, якія наступствы прынясе лячэнне імі. Насельніцтва Зямлі пачало ўжо ўсведамляць, што лекавыя расліны — гэта тонкі рэгулятар функцый арганізма. Таму мы з поўнай адказнасцю ставімся да развіцця справы, якую заснавалі два дзесяцігоддзі таму.

А пачыналася ўсё ў 1990 годзе, калі група гродзенскіх навукоўцаў рызыкнула стварыць прыватную фармацэўтычную кампанію. Для нашай краіны гэта было незвычайна, а на энтузіястаў ад навукі, якія прынялі рашэнне падацца ў бізнес, многія тады глядзелі скептычна. Маладых і перспектыўных калег, гатовых зрушыць горы, тады блаславіў на ўласную справу дырэктар Гродзенскага інстытута фармакалогіі і біяхіміі НАН акадэмік Юрый Астроўскі. Ён прадбачыў, што для інстытута пачнуцца нялёгкія часы, а таленавітым кадрам і іх важным для краіны ідэям трэба прасоўванне.

Іду па тэрыторыі сучаснай вытворчасці ТАА “НВК Біятэст”, дзе сёння выпускаюць каля сотні найменняў лекавых прэпаратаў і біялагічна актыўных дабавак, чайных напояў, вырабленых выключна з расліннай сыравіны, і на свае вочы пераконваюся ў тым, што тут створана вытворчасць будучыні.

Мікалай Дарашкевіч успамінае, што пачыналі сваю справу на энтузіязме:

— Будучы навукоўцамі, мы не ўмелі працаваць па папулярным у тыя гады прынцыпе “купі-прадай”, таму кааператыў наш спачатку заняўся складанай вытворчасцю колагеназы — ферментнага прэпарату. У Савецкім Саюзе мы былі першапраходцамі. А праз сем гадоў прадпрыемства сканцэнтравалася на фармацэўтычнай вытворчасці лекавых сродкаў з расліннай сыравіны.
Травамі лячыліся спрадвеку. Сёння, у рыначную эпоху, яны адносяцца не толькі да катэгорыі здароўя, але і да эканомікі, паколькі могуць стаць своеасаблівым беларускім брэндам, які мае глыбокія карані ў нашым мінулым.
Сучасную фармацэўтычную вытворчасць мне паказвае ў дэталях прадстаўніца новага пакалення вучоных, якіх узяў у свой калектыў Мікалай Дарашкевіч, намеснік дырэктара Таццяна Грахоўская:

— У нас усё пачынаецца з вельмі строгага кантролю якасці, і кампанія атрымала “Сертыфікат адпаведнасці вытворчасці лекавага сродку патрабаванням Належнай вытворчай практыкі (GMP)”. У нашай прафесійнай сферы гэта высокае прызнанне, што адкрывае новыя перспектывы. Няма сумненняў у натуральнасці і экалагічнасці нашай прадукцыі, бо працэс вытворчасці — ад сыравіны, у тым ліку вырашчанай на ўласных плантацыях, да гатовага прадукту — ажыццяўляе створаная тут акрэдытаваная выпрабавальная лабараторыя.

Нядаўна прадпрыемства, у штаце якога каля сотні супрацоўнікаў, пераехала на новыя плошчы, добраўпарадкаваныя на вышэйшым узроўні. Мікалай Аляксандравіч кажа, што гэта яшчэ не мяжа ў развіцці. Будучы кандыдатам біялагічных навук, які вывучае біяэнергетыку, М. Дарашкевіч не проста філасофствуе з нагоды не зразумелай або забытай чалавекам прыроднай сілы гаючых траў, ён разам з калегамі ўвасабляе свае высновы на практыцы. Тлумачыць, што прынцып просты: здароўе знаходзіцца ў нас “пад нагамі” — гэта лекавыя травы, якія растуць у той мясцовасці, дзе мы жывём. Да нядаўніх часоў не было на нашым рынку такога эфектыўнага натуральнага лекавага сродку, як чага, вядомага сваім эфектам пры лячэнні раку. Цяпер яго вытворчасць наладжана. У мінулым годзе тут выпусцілі і першую партыю дуброўкі белай, якую выкарыстоўваюць пры захворванні шчытападобнай залозы.

— Прыемна, калі нам тэлефануюць і асабіста прыходзяць з удзячнасцю людзі, якім мы дапамаглі.

Натуральныя лекі пачынаюцца з расліннай сыравіны. Яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі была выбудаваная сістэма нарыхтоўкі дзікарослых лекавых траў. Тады любы жадаючы мог збіраць іх на лузе або ў лесе, здаваць у аптэкі або нарыхтоўчыя пункты спажыўкааперацыі, зарабляючы на гэтым грошы. Цяпер сітуацыя змянілася, прэрагатыва збору і нарыхтоўкі перайшла да фермераў, колькасць нарыхтоўчых арганізацый скарацілася ў дзясяткі разоў, а лекавую сыравіну ў прамысловым маштабе прымаюць лічаныя фармацэўтычныя кампаніі, у тым ліку і “Біятэст”. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці размешчана і адзіная ў краіне гаспадарка, якая вырошчвае лекавыя травы, — саўгас “Вялікае Мажэйкава”. Паводле ацэнкі спецыялістаў, сёння ў рэспубліцы нарыхтоўваецца толькі каля пяці працэнтаў магчымага аб’ёму гэтай натуральнай сыравіны. У перспектыве ж краіна можа цалкам забяспечыць сябе ўласнымі лекавымі раслінамі і лекавымі прэпаратамі, вырабленымі на іх аснове. Ад імпарту перайсці да экспарту. Што датычыць кампаніі “Біятэст”, яна пастаўляе ўжо ў краіны Балтыі фітачаі і плануе выйсці на рынак Мытнага саюза.


Будучы бізнесменам, Мікалай Дарашкевіч застаецца вучоным. Яго думкі і спадзяванні занятыя не толькі тым, як развіваць уласную вытворчасць, дзе ўжо працуе каля сотні чалавек і практычна няма цякучасці кадраў, але і падняць з забыцця такую навуку, як фітатэрапія:

— У Беларусі фітатэрапія пакуль знаходзіцца на нізкім узроўні. Для грунтоўнага яе развіцця трэба перш за ўсё, каб лекавыя травы былі стандартызаваны. Наша кампанія стварыла такую аснову. А далей, на маю думку, павінны працаваць медінстытуты па падрыхтоўцы выкладчыкаў і студэнтаў у гэтым кірунку.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter