Бiянале цi трыянале?

Галоўнае  не  перыядычнасць  выставы,  а  яе  змест

Галоўнае  не  перыядычнасць  выставы,  а  яе  змест 

Некалi толькi ад аднаго слова «бiянале» сэрцы беларускiх мастакоў пачыналi бiцца часцей. Творцы нават не марылi ўдзельнiчаць у грандыёзных замежных праектах. Хацелi хаця б проста на свае вочы пабачыць, што робiцца ў свеце колераў, пабыць у асяродку прызнаных майстроў. Сёння ж некалькi нашых жывапiсцаў могуць сказаць: «I мы там былi». Прыемна, што нават ехаць нiкуды не прыйшлося. Усё адбылося ў беларускай сталiцы, у Нацыянальнай бiблiятэцы. Першае мiнскае мiжнароднае бiянале сучаснага жывапiсу «Colorfest» — гэта ўжо факт. Адзiнаццаць краiн-удзельнiц. Амаль паўтары сотнi твораў на любы густ. Такога на Беларусi яшчэ не было. Хочацца ўсхваляць мастакоў, гаварыць узнёслыя словы арганiзатарам праекта. Але ж цi не рызыкавалi яны, калi ўзялiся за бiянале? Гэта замежнае слова абавязвае... Па-першае, абавязвае праводзiць такiя грандыёзныя выставы-конкурсы кожныя два гады. Па-другое — утрымлiваць узятую вышыню i iсцi наперад. 

Куратар мiнскага бiянале Фёдар Ястраб згаджаецца са мной. Але, аказваецца, ён спецыяльна настаяў на такой назве. Гэта такi хiтрык: нават калi будуць апускацца рукi, не спыняцца, а iсцi наперад. 

— Цi будзе такi праект праз год? — перапытвае мяне мастак. — Я нават не сумняваюся, але адразу задумваюся, дзе ж расмесцiцца наступнае бiянале?  Мы павiнны расцi i зрабiць будучы праект больш маштабным. 

У арганiзатара мары не менш грандыёзныя, чым сама выстава. Ён прызнаецца, што зараз ледзь здолелi размясцiць усе карцiны. Больш таго, свядома  абмежавалi колькасць краiн-удзельнiц. Дазволiлi прывозiць не больш за пяць мастакоў. Выключэнне зрабiлi толькi для беларусаў. Дарэчы, гэта адказ тым, хто лiчыць, што можна было б запрасiць i большую колькасць удзельнiкаў. А дзе ж размясцiць палотны? У бiблiятэцы занялi чатыры залы, у тым лiку мабiльную (перасоўную). 

Пачыналася ўсё не надта гладка. Ястраб прызнаецца, што не думаў абмяжоўвацца толькi жывапiсам. Спачатку хацеў арганiзаваць бiянале сучаснага мастацтва. Але ў працэсе iдэя трансфармавалася. На справе атрымлiвалася не так, як на паперы. Прычына не толькi ў грошах. 

— Грамадства яшчэ не падрыхтавана, — разважае Фёдар. — Што такое сучаснае бiянале? Гэта медыяiнсталяцыя ў гора­дзе, культурныя праграмы на разнастайных пляцоўках. Звычайна такiя праекты — нацыянальная падзея. У краiну прыязджаюць мастакi — зоркi сусветнай велiчынi, а ўслед за iмi мноства дылераў. 

А нам хоць бы простых спонсараў знайсцi. Цi ведаеце вы, колькi, напрыклад,  складае бюджэт ташкенцкага бiянале сучаснага мастацтва? Два мiльёны еўра. У каiрскага i iншых ён яшчэ большы. На дадзеным этапе нам дастаткова, каб хоць хто-небудзь дапамагаў дастаўляць карцiны з-за мяжы, вырашаць праблемы з мытняй. 

Па вялiкiм рахунку, мясцовае бiянале атрымалася толькi дзякуючы асабiстым сувязям Ястраба. Ён i аўтар, i мастацкi кiраўнiк, i прадзюсер праекта. Сам шукаў адказных людзей, куратараў у той цi iншай краiне. Яны ў сваю чаргу выбiралi годных прадставiць свае творы ў Беларусi. Эмануэль Вентанi, напрыклад, усе карцiны iтальянцаў прывёз у Мiнск на ўласным аўто. Iншыя кiраўнiкi таксама добрасумленна аднеслiся да адбору твораў, але не мелi магчымасцi самастойна даставiць карцiны ў Беларусь. Прыйшлося Фёдару шукаць спонсараў. Прыемна, што адгукнулiся некаторыя багатыя прыхiльнiкi мастацтва. Магчыма, таму Ястраб так упэўнены, што наступнае бiянале ўсё ж такi адбудзецца! 

— За вялiкi праект можна брацца толькi ў тым выпадку, калi сiстэма адпрацавана на маленькiх выставах, — тлумачыць ён. — Два месяцы таму ў бiблiятэцы арганiзавалi «Арт-лiнiю». Выстава графiкi прайшла на высокiм узроўнi. Замежнiкi зацiкавiлiся нашай краiнай. У мiжнародным журы бiянале ўдзельнiчалi такiя значныя асобы, як Марыо Перонi —  генеральны сакратар Асацыя­цыi сучаснага мастацтва Iталii, i Леанiд Бажанаў — дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва з Масквы. Гэта людзi, якiх ведаюць усюды i якiя ўплываюць на працэсы ў выяўленчым мастацтве. Можна лiчыць, што мы зрабiлi першыя крокi, каб заявiць пра сябе ўсяму свету. Але нам яшчэ трэба ўзводзiць масты, без якiх немагчыма перайсцi мяжу. 

Ястраб лiчыць, а дакладней спадзяецца, што наступнае бiянале i штогадовая выстава графiкi цаглiнка за цаглiнкай будуць закладваць  падмурак новага мiжнароднага праекта. Не выключана, што гэта будзе трыянале сучаснага мастацтва. Чаму трыянале, а не бiянале? Два гады, сапраўды, мала, каб рэалiзаваць маштабны праект сусветнага ўзроўню. Тым больш са сваiм адметным тварам. «Трэба, каб рэха нашага стрэлу адгукнулася па ўсёй Еўропе, — гаворыць Ястраб. — У iншым выпадку не варта за гэта i брацца».

P.S.: Нягледзячы на тое, што вынiкi бiянале ўжо падведзены (гран-пры атрымаў iтальянскi мастак Рафаэль Дэ Роза), выстава будзе працаваць да першага жнiўня. Уваход бясплатны.

На здымку: Фёдар ЯСТРАБ у мастацкай галерэi Нацыянальнай бiблiятэкi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter