В Минске завершается строительство линии компостирования растительных отходов

Біялогія замест хіміі

Восень — на рэдкасць прыгожая пара дзякуючы палітры лістоты, ад ярка-жоўтай да бардова-чырвонай. Далёка не кожны гараджанін задумваецца, што ўтылізацыя апалага лісця можа стаць невырашальнай праблемай альбо, наадварот, прынесці карысць, калі прымяніць правільныя тэхналогіі. У Мінску прыдумалі экалагічны метад утылізацыі апалага лісця і не толькі — лінію кампаставання раслінных адходаў. Яе будаўніцтва абумоўлена тым, што ў краіне існуе праграма па скарачэнні аб’ёмаў пахавання адходаў і ўключэнні іх у другасны абарот. За аснову бралі лініі ў іншых краінах, якія адказваюць самым высокім патрабаванням экалагічных нормаў. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці.

Забяспечваць увесь тэхналагічны цыкл на аб’екце змогуць усяго пяць супрацоўнікаў.

Будаўніцтва лініі кампаставання раслінных адходаў пачалося ў кастрычніку мінулага года. Аб’ект размясціўся ў прамзоне на вуліцы Мантажнікаў. Яго будуе «Мінскзелянбуд» для скарачэння колькасці расліннага смецця і ўключэння яго ў другасны абарот. Сыравінай для вытворчасці кампосту стануць раслінныя рэшткі ад уборкі сталічных паркаў і сквераў. Сярод такіх рэшткаў — лістота, трава, абламаныя галінкі дрэў.

— Раней раслінныя адходы вывозілі на палігон для пахавання. Такім чынам, яны не былі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот, — тлумачыць перадумовы для з’яўлення аб’екта начальнік вытворчага аддзела УП «Мінскзелянбуд» Андрэй Працук. — З уводам новай лініі сітуацыя зменіцца. Яе магутнасцей хопіць для перапрацоўкі ўсёй травы, лістоты і галінак, якія з’яўляюцца на тэрыторыях, што абслугоўваюцца «Мінскзелянбудам» і прадпрыем­ствамі УП «Зелянбуд» раёнаў Мінска. Таксама разглядаем магчымасць прыёму раслінных адходаў ад арганізацый ЖКГ горада.

Андрэй Працук нагадаў, што ў адпаведнасці з тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Адходы. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі», які ўступіў у сілу год таму, лістота адносіцца да раслінных адходаў і падлягае перапрацоўцы, а не пахаванню на палігонах.

Аб’ект практычна гатовы. Ус­та­ноў­лены ўсе ачышчальныя збудаванні, зроблены навесы для тэхнікі і кампосту, пракладзена дарога. Цяпер рыхтуецца ўся неабходная дакументацыя па ўводзе аб’екта ў эксплуатацыю. Лінія ўяўляе сабой збудаванне плошчай каля двух гектараў з бетонным пакрыццём. Зараз завяршаюцца работы па яго ўзвядзенні. Менавіта сюды будуць звозіцца адходы з уборкі паркаў і зялёных тэрыторый горада.

Усё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне для функцыянавання аб’екта закуплена. Гэта пяць адзінак тэхнікі — здрабняльнік, трактар з навясным варушыльнікам, барабанны прасейвальнік і пагрузчык.

Лінія ўяўляе сабой збудаванне плошчай каля двух гектараў з бетонным пакрыццём.

Андрэй Працук апісаў тэхна­лагічны ланцужок:

— Галінкі будуць падавацца на малатковую драбнілку, якая здробніць іх да дранкі, фракцыя — каля пяці сантыметраў. Затым здробненыя драўняныя адходы перамяшаюць з расліннымі — лістотай і травой. Усю масу закладуць у бурты, дзе непасрэдна праходзіць працэс кампаставання. Спецыяльная ўстаноўка на працягу пэўнага часу будзе варушыць сыравіну, каб яна насычалася кіслародам і працэс кампаставання паскараўся. Пасля таго як адбудзецца хімічная рэакцыя, гатовы кампост прасейваецца праз спецыяльную барабанную ўстаноўку. Дробная фракцыя — гэта і ёсць гатовы прадукт. Больш буйная адпраўляецца ў бурты для дагнівання.

Побач з лініяй кампаставання раслінных адходаў знаходзіцца ўчастак прадпрыемства, на якім наладжана вытворчасць урадлівай глебы. Зараз яе робяць з даданнем торфу. З уводам новага аб’екта торф плануюць замяніць на той самы кампост. Яшчэ гатовы кампост плануецца выкарыстоўваць для ўзбагачэння зямель пад кветнікі і маладыя пасадкі, павышэння ўрадлівасці глеб гадавальніка.

Штогод аб’ект зможа прымаць 70 тысяч кубаметраў раслінных адходаў, з якіх на выхадзе будзе атрымлівацца 28 тысяч кубаметраў кампосту. Чакаецца, што станцыя кампаставання раслінных адходаў «Мінскзелянбуда» пачне працаваць ужо ў гэтым месяцы. Забяспечваць увесь тэхналагічны цыкл на ёй змогуць усяго пяць супрацоўнікаў.

Увосень апалай лістоты поўна, таму лінія відавочна будзе загружаная. А што ў астатні час года? Андрэй Працук патлумачыў напрыканцы:

— Вядома, некаторыя сезонныя асаблівасці ў працы пункта будуць, але кансерваваць аб’ект на зімовы перыяд не плануем. Напрыклад, мы рэгулярна праводзім абразанне дрэў, таму прыёмка матэрыялу ў выглядзе галінак і вецця будзе ісці нават зімой. Увосень, канешне, будзем перапрацоўваць у асноўным лісце, летам — скошаную траву. Аднак хімічная рэакцыя ў зімовы перыяд не адбываецца, таму назапашаны матэрыял перагнівае пры плюсавой тэмпературы.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter