Бiскуп, якi заўсёды сярод людзей

За шэсць гадоў свайго бiскупства ардынарый Вiцебскай каталiцкай дыяцэзii Уладзiслаў Блiн адкрыў дзесяткi новых прыходаў, а ў касцёлах ды каплiцах з усёй паўнатой сваёй загучала беларускае слова. Мой дэвiз, — гаворыць ксёндз-бiскуп, — заўважыць кожнага чалавека.
Калi ў 1999 годзе пробашч Магiлёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi Уладзiслаў Блiн узначалiў Вiцебскую каталiцкую епархiю, вiцябчане пачулi ад сваiх суседзяў: як жа вам пашчасцiла, маўляў, з такiм пастырам на Вiцебшчыне пачнецца новая эра культурна-рэлiгiйнага жыцця. Дагэтуль на Магiлёўшчыне прыгадваюць ксяндза Блiна, па iнiцыятыве якога там з’явiўся цудоўны фестывальны праект “Магутны Божа”.
На адной з першых сваiх прэс-канферэнцый у Вiцебску (дарэчы, пастаянныя сустрэчы з журналiстамi сталi для ксяндза-бiскупа традыцыяй) мы даведалiся пра адзiн даволi цiкавы факт з бiяграфii Яго Эксцыленцыi. Продкi i бацькi Уладзiслава Блiна жылi на Глыбоччыне. Яшчэ падчас вайны з Напалеонам у 1812 годзе яго прапрадзеда, маладога французскага жаўнера, якi быў паранены, выратавала беларуская маладзiца, з якой ён ажанiўся i застаўся на Беларусi. Таму вёску Задарожжа ў Глыбоцкiм раёне бiскуп Уладзiслаў лiчыць сваёй сапраўднай радзiмай, заўсёды заязджае туды, а тамтэйшыя насельнiкi сустракаюць яго як самага роднага чалавека.
Ксёндз-бiскуп у адносiнах з людзьмi i святарамi нiколi не падкрэслiвае, што займае высокую пасаду, ён заўсёды iмкнецца быць звычайным чалавекам сярод звычайных людзей, як дасканалы псiхолаг выклiкае давер i прыхiльнасць кожнага. Пiсьменнiк Франц Сiўко неяк падзялiўся са мной сваiмi назiраннямi:
— За вiцебскiм бiскупам цiкава паназiраць падчас нефармальных сустрэч. Ён сам з задавальненнем разлiвае ўсiм прысутным гарбату цi каву i нiколi не сядзе за стол, пакуль не сядуць усе прысутныя, пакуль не ўпэўнiцца, што ўсiм зручна i камфортна. Такi стыль паводзiнаў, такая жыццёвая пазiцыя.
З асаблiвай любоўю ксёндз-бiскуп ставiцца да дзяцей i моладзi. Заўсёды распытае кожнага малога пра яго бацькоў, пра сям’ю i вучобу, пажартуе, калi будзе момант, дапаможа добрым словам, шчырай парадай. Бiскуп упэўнены: каб нацыя развiвалася, трэба больш увагi ўдзяляць праблемам сям’i. У кожнай нашай сям’i павiнна выхоўвацца трое дзяцей. Тады дзяржава расквiтнее.
— Шчырасць у зносiнах, клопат пра чалавека — гэта выражэнне пастырскай любовi бiскупа Уладзiслава Блiна, — лiчыць ксёндз Аляксандр Амяльчэня i распавядае пра тое, як падчас вiзiтацыi, калi бiскуп наведваў усе парафii вобласцi, яны спынiлiся па дарозе ў Лужкi ў адной маленькай вёсачцы. — Не было нiкога, акрамя адной бабулькi, якая сядзела каля сваёй хаты. Бiскуп устрывожыўся: куды ўсе падзелiся? А бабуля адказвае, што паехалi ў касцёл, а яе пакiнулi, бо месца ў аўтобусе не было. Пастыр запрасiў жанчыну да сябе ў машыну. I толькi калi яны апынулiся ля касцёла, жанчына зразумела, што падвозiў яе сам ксёндз-бiскуп, якога яна так марыла ўбачыць...
— Мы, святары i сёстры законныя, заўсёды павiнны помнiць пра самотных, пакiнутых, хворых, пра тых, каму Божая ласка найбольш патрэбная, — не перастае гаварыць бiскуп i сваiмi справамi дэманструе жыццядзейнасць мiласэрнасцi. Па яго iнiцыятыве на Вiцебшчыне плённа дзейнiчае аддзяленне мiжнароднага гуманiтарнага каталiцкага фонду “Карытас”, якi дапамагае дамам дзiцяцi, iнвалiдам i састарэлым, арганiзуе для iх падарункi да святаў, абеды ў дабрачыннай сталоўцы.
— Добрых iнiцыятыў у каталiкоў Вiцебшчыны вельмi многа, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “НГ” старшыня савета па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей Вiцебскага аблвыканкама Мiкалай Сцепаненка. — Бiскуп Уладзiслаў Блiн — адзiн з самых энергiчных сярод прадстаўнiкоў духавенства Беларусi. Шматлiкiя культурна-хрысцiянскiя мерапрыемствы, якiя ладзяцца пад яго апекай, маюць грамадскi i мiжнародны рэзананс. Да прыкладу, фестываль хрысцiянскага кiно i тэлепраграм “Магнiфiкат”, якi штогод праходзiць у Глыбоцкiм раёне, — аб iм ведаюць далёка за межамi нашай краiны. У жнiўнi ўпершыню ў Браславе касцёл сабраў хрысцiянскую моладзь на свята Мацi Божай Валадаркi Азёр. Добрыя водгукi атрымалi i Днi хрысцiянскай культуры, што ладзiлiся на Каляды ў Вiцебску ўжо пяты раз. Сумесна з вучонымi Вiцебскага медыцынскага дзяржунiверсiтэта курыя арганiзуе мiжнародныя канферэнцыi “Праблемы ўрачэбнай этыкi ў сучасным свеце”. Ва ўсiх гэтых справах — заслуга каталiцкага епiскапа Уладзiслава Блiна.
Прапаганда здаровага ладу жыцця з’яўляецца адной з асноўных мэт прапаведнiкаў i багасловаў. Але варта рабiць гэта так, каб слова святара было пачута i тымi, хто яшчэ няўпэўнены ў сваёй веры, хто вагаецца на шляху да яе. Ксёндз-бiскуп разважае штодня над гэтымi пытаннямi, шукае на iх адказ. Ён у кожным сваiм праяўленнi — гуманiст, асветнiк, дарадца, псiхолаг, арганiзатар.
— Людзi павiнны знаходзiць дарогу да храма, бо толькi ў iм чалавек можа зразумець сутнасць сапраўднай любовi i шчасця, — кажа Уладзiслаў Блiн. — Здаецца, гэта так проста — прыйсцi ў храм. Але колькi яшчэ людзей не знаходзяць у сабе гэтай патрэбы...
Сёння на Вiцебшчыне ўзводзiцца 25 новых каплiц i касцёлаў, прычым на тых гiстарычных месцах, дзе яны стаялi сто, дзвесце i трыста гадоў таму. Сярод iх — санктуарый Мацi Божай Фацiмскай у Шумiлiне, касцёлы ў Вiцебску i Оршы. За шэсць гадоў больш чым напалову вырасла колькасць каталiцкiх парафiй у вобласцi, зараз iх 87. I што адметна — службы ў iх адпраўляюцца пераважна на беларускай мове, па адзiным каноне — беларускамоўны iмшале, якi не так даўно быў выдадзены ў Ватыкане.
Летам мінулага года вiцебскi бiскуп абраны намеснiкам старшынi Канферэнцыi каталiцкiх бiскупаў у Беларусi. Адначасова ён з’яўляецца старшынёй экуменiчнай камiсii, а таксама камiсii агульнага душпастырства епiскапату Беларусi.
Адна з уплывовых газет метафарычна назвала святара Блiна “епiскап-агонь”. I патлумачыла: агонь, якi сагрэе душу i асветлiць розум. Трапнае выказванне. Яго любоў, яго малiтва — за нас з вамi, за Беларусь, за будучыню. I будзе яна пачутая!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter