Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Журналіста і пісьменніка Навума Гальпяровіча натхняюць на творчасць мясціны роднага краю

Безумоўнае шчасце паэта

Ягоны трохгадовы ўнучак Мацейка ведае: з дзядулем трэба размаўляць па-беларуску. Нядаўна ж, хваліўся Навум Якаўлевіч на прэзентацыі сваёй новай кніжкі “Час лістападу” ў мінскім Доме дружбы, малы нават склаў для яго вершык: “Мой дзядуля самы лепшы./ Мой дзядуля піша вершы”. Што ж, цёплы і пяшчотны “тыл” ёсць у паэта, журналіста, кіраўніка замежнага вяшчання Беларускага радыё Навума Гальпяровіча.

Навум Гальпяровіч
Пасля такой вечарыны захацелася мне зноў пашукаць адказ на вечнае пытанне: што ж такое шчасце? Зрэшты, нам усім такое ўласціва. Зусім нядаўна я дапускала, што абсалютнай гармоніі з Сусветам, задаволенасці ад жыцця не існуе. Аднак, пабываўшы на творчым вечары спадара Навума (з нагоды яго 70-х угодкаў ды выхаду ў свет новага зборніка вершаў), зразумела: такое бывае. Безумоўна шчаслівым падаўся мне Навум Якаўлевіч. У ягоным жыцці ёсць каханне, якое пранеслі яны праз гады разам з жонкай. З цеплынёю згадваў ён, як аднойчы сустрэўся з прыгажуняй Марыяй Гавяйновіч у родным Полацку, як забіраў яе пад вянец больш за чатыры дзесяцігоддзі таму — з будынка разбуранага на той час манастыра, дзе яна “кватаравала”. Казаў з замілаваннем і пра вёску Кажан-Гарадок (Лунінецкі раён Брэстчыны), з якой родам ягоная Марыя Іванаўна. Дый сваёй таксама роднаю мясцінай лічыць тое селішча паэт: там жывуць сваякі, а ў мясцовай царкве Гальпяровічы хрысцілі дачку Волю і сына Максіма.

Дзеці — асаблівы гонар бацькі. Пайшлі па яго слядах. Дачка стала радыёжурналісткай, працуе цяпер у Кітаі. Сын узначальвае “Беларускі гістарычны часопіс”. У сям’і Максіма і падрастае любімы ўсімі Мацейка, дзядуліна ды бабуліна радасць. “Хачу, каб унук стаў добрым, шчаслівым чалавекам”, — казаў на вечарыне Навум Якаўлевіч.

Ён вядомы як пісьменнік, журналіст, перакладчык. Перакладаў з рускай, украінскай, армянскай, кітайскай, нават цыганскай моваў. Ён — старшыня Таварыства “Беларусь—Арменія” і сябра Таварыства “Беларусь—Кітай”. Можна доўга пералічваць звесткі з біяграфіі: дзе вучыўся, кім працаваў... Ды лепш не скажаш, чым напісаў сам пра сябе аўтар у кнізе “Час лістападу”: “Нарадзіўся я ў цудоўным і слаўным горадзе Полацку. І першае, што ўбачыў, — вежы Сафійскага сабора, бо вокны радзільні выходзілі на гэты велічны храм. (...) А яшчэ — працаваў на заводзе, карэктарам у газеце, карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, рэдактарам заводскага радыё... Амаль шаснаццаць гадоў аб’язджаў розныя куткі Віцебшчыны ў якасці ўласнага карэспандэнта Рэспубліканскага радыё, затым была сталіца, цікавая і адказная работа ў часопісе, літаратурнай газеце, у Саюзе пісьменнікаў. Потым — зноў радыё і ўжо дырэктарская пасада... Ганаруся, што маю медаль Францыска Скарыны, удзячны землякам, якія ўшанавалі мяне званнямі Ганаровага грамадзяніна Полацка і Наваполацка”.

Пра юбіляра як майстра слова, журналіста, кіраўніка замежнага вяшчання Беларускага радыё (у эфіры якога, дарэчы, шмат год выходзіць і перадача “Беларусы ў свеце”), казалі яго сябры. Сярод гасцей былі пісьменнікі Мікола Мятліцкі, Зіновій Прыгодзіч, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Пазнякоў, Іван Карэнда, іншыя. Анатоль Бутэвіч, напрыклад, адзначаў: “Сёння на вершы Навума Гальпяровіча гучаць песні. А не на кожны верш можна песню напісаць. Трэба, каб у слове было тое патаемнае, што само па сабе спявае”. 

Сапраўды, паэзіяй юбіляра натхняліся кампазітары Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі, Валеры Іваноў, Алег Елісеенкаў, Алег Сямёнаў... Сам жа Навум Якаўлевіч захапляецца прыгажосцю маляўнічых куткоў Бацькаўшчыны. “Беларусь для мяне — не малая. Яна вялікая, неаб’емная, — прызнаецца паэт. — Кожная мясціна цудоўная ў сваёй непаўторнасці. Зразумець гэта дапамагла праца карэспандэнта. З любоўю і замілаваннем успамінаю Шаркаўшчыну, Германавічы, Браслаўшчыну... А якія таленавітыя людзі жывуць там! Самародкі-майстры Пятро Зяляўскі, Пётра Карэнік... І гэта ўсё наша зямля. І я вельмі яе люблю!”

Дарэчы.

Калі артыкул рыхтаваўся да друку, свае нататкі ў сувязі з юбілеем Н. Гальпяровіча даслала і намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Яна піша: “…З Міхасём Пазняковым нам пашанцавала, як нікому, калі ехалі ў мінулым годзе на Дзень беларускага пісьменства. Здарылася тое ў апошні дзень лета. У Полацку надвячоркам сустрэў нас Навум Гальпяровіч і запрасіў у падарожжа па родным горадзе, па тых мясцінах, дзе прайшло ягонае дзяцінства, юнацкія гады, дзе набываў вопыт, “шліфаваў” журналісцкае майстэрства. Гэта быў Полацк вачыма Навума Гальпяровіча, і ў нас з’явілася яшчэ большае прыцягненне да горада. Старажытны, загадкавы Полацк стаў для нас бліжэй, і яшчэ больш вабным сваімі таямніцамі, затоенымі ў ценях старадаўніх вуліц, збудаванняў, помнікаў… 

Навум Гальпяровіч — сапраўдны палачанін. У тым лёгка пераканацца нават па рубрыцы ў газеце “ЛіМ”, якую вядзе ён, як журналіст і пісьменнік, прысвячаючы свае публікацыі адметным землякам. Да таго ж, ужо 13 гадоў ён — дырэктарам міжнароднага радыё “Беларусь”, шчыруе над радыёпраектамі “Штрыхі”, “Беларусь ад А да Я”, праграмай “Зямля, што дадзена нам лёсам”. Адным з улюбёных і вельмі папулярных застаецца яго радыёблог “Роздум” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, а таксама тэлепраект “Дыяблог. Пра мову”.

Навум Гальпяровіч — адзін з найбольш адметных творцаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар больш дзесяці кніг. Ягоныя творы перакладаліся на польскую, балгарскую, румынскую, рускую, англійскую, іншыя мовы. Навум Якаўлевіч здзіўляе сваёй няўрымслівай энергіяй, ён выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры, перадае свой багаты вопыт маладым калегам.

На творчых імпрэзах, з якіх распачаўся юбілейны для Навума Гальпяровіча год, гучаць паэтычныя радкі, прасякнутыя любоўю да Беларусі, мовы, культуры.

Ён гаворыць, што ідзе па шляху да сябе. І таму хочацца пажадаць вялікаму жыццялюбу, каб шлях гэты быў доўгім, а творчасць — гэткай жа плённай”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 7 (3559), чацвер, 15 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter