Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прыгажосць гэтага дзівоснага месца ў Батанічным садзе ў Мінску ў поўнай меры бачна менавіта веснавой парой

Бэзавы рай

Ад міфаў да кампрэсаў

Н. Македонская — захавальніца калекцыі Бэзавага саду
Тут, у Бэзавым садзе, здзіўляюць і зачароўваюць колеры, пахі, нават людзі, якія прыйшлі сюды. Бэз — прыгожая расліна, прычым ахутаная рознымі міфамі. У пошуках праўды-ісціны звернемся да Наталлі Македонскай, галоўнай захавальніцы калекцыі Саду бэзу, што ў Батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук  Беларусі. Яна — вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат біялагічных навук. “Міфы заўсёды ёсць там, дзе з’яўляецца нешта цікавае, прыгожае, і бэз — не выключэнне, — разважае навукоўца. — Скажам, пад час цвіцення бэзу часам бачу дзяўчат, што з асаблівай увагай углядаюцца ў суквецці: шукаюць пяціпялёсткавыя кветкі. Лічыцца, што яна здольная выканаць усе твае жаданні. “Шчасліўку” раяць засушыць і пакласці ў кнігу, ці з’есці на шчасце”. Чараўніцтва!

Ёсць шмат легенд і пра самое паходжанне бэзу — скандынаўскае, балканскае, ангельскае, кітайскае.... Але, мабыць, старажытнагрэцкая версія бліжэй да ісціны. Чаму? Бо з галінак бэзу атрымліваюцца нядрэнныя дудачкі... “Ёсць паданне аб прыгажуні-німфе Сірынгу, якая, ратуючыся ад дамаганняў бога палёў і лясоў Пана, пераўтварылася ў трыснёг, — распавядае Наталля Македонская. — Потым Пан зрабіў з таго трыснёга Салодкую жалейку і назваў яе: Сірынгу. Так імя німфы й дало назву сирени-бэзу”. А вось што праўда, дык тое, што бэз — гэта і прыгажосць, і лекі. З кветак бэзу спрадвеку заварвалі гарбату, яе пілі пры прастудзе, камянях у нырках, нават пры сухотах. Дарэчы, і сёння, прадаўжае субяседніца, у Бэз-садзе яна часам бачыць, як бабулькі ўпотайкі адрываюць кветкі бэзу. Кажуць, бэзавыя кампрэсы дапамагаюць пры болях у каленях…

Доўгія гады радзімай бэзу лічылі Персію, кусты ж называлі “персідскімі”. Але цяпер вядома: розныя віды бэзу маюць тры незалежныя і далёкія адзін ад аднаго ачагі натуральнага росту: Карпацкі, Азіяцкі ды Гімалайскі. У Еўропу бэз трапіў у XVI стагоддзі дзякуючы каланізатарам, аднак расліна была не надта папулярная: кароткі перыяд цвіцення, ды і суквецці — так сабе… А ў 1870 годзе французкі садоўнік Віктор Лемуан атрымаў шляхам скрыжавання некалькі дзясяткаў гатункаў з прыгожымі, шчыльнымі суквеццямі розных адценняў, з пышным рэгулярным красаваннем. І Францыя стала еўрапейскім цэнтрам селекцыі гэтага хмызняку. За сто гадоў дынастыі Лемуанаў удалося вывесці больш за 200 гатункаў бэзу.

З Парыжа па свеце

Прыгожыя кусты французкага бэзу пайшлі па Еўропе, трапілі таксама і ў Беларусь. Што да Расіі, то сапраўдная “русская сирень” з’явілася там дзякуючы Леаніду Калеснікаву. Селекцыянер-самавук стварыў звыш 300 гатункаў бэзу, за што ў 1952 годзе і атрымаў Сталінскую прэмію. Гэта быў адзіны выпадак у гісторыі СССР, калі высокую дзяржаўную ўзнагароду далі за бэз. На жаль, пасля смерці селекцыянера многія гатункі бэзу ў Расіі былі беззваротна згубленыя. Але, кажуць, у Амерыцы, у скверы побач з будынкам кангрэса ЗША, кожную вясну пышным кветам распускаюцца два гатункі калеснікаўскага бэзу з арыгінальнымі назвамі: “Путь коммунизма” і “Знамя коммунизма”…

Што да нашага Батанічнага саду, то ў яго бэз трапіў у 1933-м: тады сад і ствараўся. Класічныя гатункі французкай селекцыі прывезлі з Масквы, з Цэнтральнага батсада. Скрыжоўваць розныя віды бэзу ў Беларусі пачалі ў 1963-м. Праз пяць гадоў нашы селекцыянеры стварылі 14 гатункаў, сярод іх “Канстанцін Заслонаў”, “Партызанка”, “Мінчанка”, “Палеская легенда”. Сёння, па словах Наталлі Македонскай, у сиренгарии (па-беларуску мы б назвалі: бэзарыі…) Батсаду — больш за 200 гатункаў, з іх 16 беларускай селекцыі. “Мне дасталася вельмі добрая спадчына, — не без гонару распавядае Наталля Віктараўна. — Вось у гэтым Садзе бэзу расце дзясятая частка ўсяго сусветнага асартыменту. Калекцыйны фонд бэзу налічвае 268 таксонаў і мае сваю арыгінальнасць — бо тут ёсць шэраг рэдкіх гатункаў айчыннай і сусветнай селекцыі. У нас захаваліся ўнікальныя гатункі бэзу, і мы з задавальненнем дзелімся імі з іншымі батсадамі”. Нядаўна да беларусаў звярнуліся французкія селекцыянеры, папрасілі падзяліцца з імі вельмі рэдкім французкім гатункам Лібельт. У Францыі такога не змаглі знайсці, як і гатунак Карл X. Беларусы яго збераглі ды вярнулі як быццам бы на радзіму. Вось якія цікавыя гісторыі расказала мне галоўная захавальніца бэзавай калекцыі ды аўтар яшчэ аднаго бэзавага шэдэўра — пад назвай “Мінская прыгажуня”.

“Бэзавы рай” зараджаецца ў прабірцы

Кажуць, прыгажосць трэба альбо знайсці, альбо — стварыць. У нашым Батанічным садзе такія работы не спыняюцца ўжо 60 гадоў. Беларускія вучоныя не толькі шукаюць, але і паспяхова вырошчваюць велізарную колькасць пасадачнага матэрыялу розных гатункаў. Мы ж хочам жыць у прыгажосці! То й розных раслін патрэбна шмат. Але адкуль яны бяруцца? Аказваецца — з прабіркі...

Як расказала Наталля Македонская, зыходны матэрыял для навукоўцаў — вегетатыўны пупіх (па-руску: почка) расліны. З пупіха бярэцца маленечкі кавалачак тканкі: памерам 0,1 міліметра. І праз месяц ужо з тых кавалачкаў у спецыяльным пажыўным асяроддзі развіваюцца парасткі вышынёй 2-5 сантыметраў. Так атрымліваюцца “маткавыя кусты”, якія навукоўцы потым выкарыстоўваюць для масавай вытворчасці саджанцаў: сотняў і тысяч.

Месца тысячы ўсмешак

Хутка ў Цэнтральным батанічным садзе афіцыйна адкрыецца летні сезон. Такое “бэзавае баляванне” як правіла, прыпадае на сярэдзіну мая. Зрэшты, сёлета вясна халодная, то можа тое будзе й пазней. Звычайна ў дні, калі цвіце бэз, паглядзець на прыгажосць прыязджаюць тысячы людзей: з усіх куткоў Беларусі, нават з замежжа. Тут, калі настроіцца адпаведным чынам, вялікую асалоду атрымаць можна. Гэта ж сапраўднае шчасце: любавацца дзівоснай прыгажосцю, удыхаць яркія водары пышных суквеццяў. Яшчэ можна пашукаць “чароўную” кветку-пяцёрачку — і абавязкова ўсміхнуцца не раз у царстве бэзавай раскошы. Вось тады, кажуць, усе жаданні абавязкова спраўдзяцца. Ну не проста ж так у народзе мінскі Бэз-сад празвалі: Месца тысячы ўсмешак.

Голас Радзімы № 17 (3521), пятніца, 5 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter