Без віны вінаватыя

Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Прэзідэнце: час унесці змены ва Указ аб ілжэпрадпрымальніцкіх структурах

Не прайшло і месяца з моманту першага пасяджэння абноўленага Савета па развіцці прадпрымальніцтва, як ён выступіў з першай заявай. А менавіта арганізацыя лічыць неабходным унесці змены ва Указ № 488 «Аб некаторых мерах па прадухіленні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў». Адпаведную запіску з аналізам сітуацыі, якая склалася, савет накіраваў у Адміністрацыю Прэзідэнта. Сутнасць прапа-наваных змен — нанесцi ўдар па лжэпрадпрымальніцкіх структурах, дакладней, па абставiнах, якiя спрыяюць з`яўленню такiх арганiзацый. З тэкстам прапановы азнаёмілася карэспандэнт «Р».

Пытанне, якое хвалюе бізнес: як даведацца наперад, што твой партнёр парушыць закон?
Фота Zanmedia.kz

Прадстаўнікі бізнесу гэтае пытанне ўздымалі даўно. Маўляў, з-за недасканаласці заканадаўства пакутуюць і рызыкуюць добрасумленныя гульцы, якіх могуць пакараць за супрацоўніцтва з ілжэпрадпрымальніцкай структурай. Нават калі здзелка была заключана за некалькі гадоў да прызнання такой кампаніі нячыстай на руку, рызыка патрапiць пад удар падатковай iнспекцыi вялiкая. Таму прапановы членаў савета такія: абмежаваць часам тэрмін прымянення норм указа, забяспечыць рэалізацыю прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці арганізацый падчас праверак. Пакуль жа тым, хто здзейснiў здзелкі з фірмамі, прызнанымі пазней ілжэпрадпрымальнікамі, прыходзіцца папацець, каб адстаяць сваё добрае iмя і даказаць, што ў іх і ў думках не было нешта парушаць.

На жаль, сёння механізмаў засцерагчы сябе ад магчымых парушальнікаў і пазбегнуць чорнай плямы на рэпутацыі ў добрасумленных гульцоў практычна няма. Як варыянт — працаваць на прадухіленне: маніторыць рэестр камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай здзяйснення правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Вядзе «чорны спiс» Мiнiстэрства па падатках i зборах, доступ да даных адкрыты, інфармацыя абнаўляецца рэгулярна. На канец кастрычніка там знаходзілася больш за 7,8 тысячы суб'ектаў.

Акрамя гэтага, спецыялістам даводзіцца ў літаральным сэнсе «капаць» пад патэнцыяльнага партнёра, збіраць водгукі пра яго, правяраць паўнамоцтвы прадстаўнікоў кампаніі, наведваць офіс, удакладняць нумары тэлефонаў і іншую інфармацыю. Словам, людзі губляюць час і сілы на вывучэнне рэпутацыі контрагента, становішча яго спраў. Не бiзнес, а расследаванне нейкае атрымліваецца.

Але нават такая папярэдняя праверка не гарантуе непрымяненне санкцый, калі партнёр усё ж пазней «праколецца» і з'явіцца ў рэестры. У гэтым выпадку Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю выносіць прадпісанне ўсім арганізацыям, якія калі-небудзь здзяйснялі здзелкі з унесенымi ў «чорны спіс». Пасля атрымання прадпiсання юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік абавязаны самастойна палічыць і выплаціць у поўным аб'ёме падаткі і пошліны. Плюс прадставіць у інспекцыю МПЗ удакладненую дэкларацыю і на працягу 20 рабочых дзён з даты атрымання такога прадпісання паведаміць у ДФР аб прынятых мерах з прыкладаннем пацвярджальных дакументаў. Члены савета настойваюць: тым самым у арганізацыі з'яўляецца прамы абавязак добраахвотна прызнаць сябе правапарушальнікам. Прадпісанне можна абскардзіць. Але тады трэба рыхтавацца да праверкі. А гэта ставіць пад пагрозу дзелавую рэпутацыю сумленнай кампаніі.

Яшчэ адно спрэчнае пытанне — крытэрыі ўнясення ў рэестр ілжэпрадпрымальнікаў. Большасць з іх, мяркуючы па акумуляванай пазіцыі членаў савета, можна прызнаць несумленнымi з высокай доляй умоўнасці. Па некаторых ацэнках, больш за дзве траціны фірм, якiя апынулiся ў рэестры, трапляюць туды за тое, што фактычна не знаходзяцца па сваім юрыдычным адрасе. Напрыклад, маглі пераехаць і забыць паведаміць пра гэта. І толькі прыкладна 3—5% арганізацый суд прызнае лжэпрадпрымальніцкімі. З-за таго, што неабходнасць правяраць знаходжанне партнёра па яго юрадрасе з'явілася з 2013 года, а часовых меж прымянення Указа № 488 няма, то пад сумненне аўтаматычна могуць трапіць любыя здзелкі, учыненыя раней.

ПАЗІЦЫЯ


Уладзімір КАРАГIН, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

— Прапанаваныя саветам змены вельмі актуальныя. На іх настойваюць усе бізнес-асацыяцыі без выключэння. Наша пазіцыя такая: нельга, каб заднім днём адбывалася пакаранне. Бо інакш атрымліваецца як: чалавек заключыў сумленную здзелку, прадаў тавар ці аказаў паслугу, а пасля той, каму ён гэта зрабіў, прызнаецца лжэпрадпрымальнікам па нейкіх крытэрыях. І за 3—4 гады адбіраецца прыбытак у сумленнага партнёра, ён плаціць штрафы. Такое недапушчальна. Іншая справа, калі фірма вісіць у «чорным спісе». А так атрымліваецца, што абвінавачваюць арганізацыі ў тым, што яны не прадбачылi, што контрагент стане злачынцам. Мы што, экстрасэнсы? Сваю пазіцыю мы не раз даносілі да Дзяржкантролю, Генпракуратуры, але маем пакуль тое, што маем.

Акрамя таго, на сустрэчах мы прапаноўвалі таксама перагледзець пытанне субсiдзiярнай адказнасці — у кіраўнікоў яна не абмежаваная. Гэта негатыўна адбіваецца на ўмовах вядзення бізнесу, падаўляе дзелавую ініцыятыву, адпужвае інвестараў. Яшчэ адна праблема ў тым, што ў краіне няма афіцыйных адкрытых рэгістраў прадпрыемстваў па відах дзейнасці, па іх тэрытарыяльным размяшчэнні. Іх трэба стварыць. І наогул у нас шмат закрытай інфармацыі — ні расследаванне правесці, ні даведкі навесці, ні аб фінансавым стане патэнцыяльнага партнёра дазнацца. У пацвярджэнне вось вам факт: Мінфін у апошні год перастаў публікаваць інфармацыю аб стане адкрытых акцыянерных таварыстваў — гэтыя даныя наогул павінны быць даступнымi.

ДАВЕДКА

Па якіх прычынах кампаніі могуць трапіць у рэестр iлжэпрадпрымальнiкаў?

1. Суд пастанавіў, што праца кампаніі або ІП ілжэпрадпрымальніцкая ці іх бланкі строгай справаздачнасці або рахункі выкарыстоўваліся для незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

2. Выручка ад рэалізацыі тавараў паступіла на рахунак, але арганізацыя не адлюстроўвае яе ў падатковай дэкларацыі ці не падае падатковую дэкларацыю на працягу двух справаздачных перыядаў запар.

3. На рахунак кампаніі паступілі грошы ў суме больш за 5 тысяч базавых велічынь за адзін месяц і кіраўнік не валодае інфармацыяй пра абставіны здзелкі.

4. Ад імя кампаніі або прадпрымальніка дзейнічае не ўпаўнаважаная ва ўстаноўленым парадку асоба.

5. Арганізацыя знаходзіцца не па юрадрасе, не паведаміла аб яго змене і пры гэтым не падае без уважлівых прычын дакументы, запытаныя МПЗ, КДК, Мінфінам, МУС, судамі, выканкамамі.

Як адбываецца ўключэнне ў рэестр

Калі Мiнicтэрства па падатках i зборах атрымлівае інфармацыю аб наяўнасці падстаў для ўключэння кампаніі або ІП у рэестр, ведамства на працягу трох рабочых дзён паведамляе ім пра гэта. І на працягу дзесяці рабочых дзён з моманту атрымання паведамлення можна падаць пярэчанні ў МПЗ. Кампанію могуць выключыць з рэестра, калі яе ўключылі туды памылкова ці фірма хадайнічала аб выключэнні і падала інфармацыю пра тое, што выправiла прычыны, па якіх яе туды ўнеслі.

druk@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?