Рамонт у кватэры - вялікае выпрабаванне для малых

Без шуму і пылу

З чым толькі не параўноўваюць рамонт: і з пажарам, і з патопам. Але цяжка выстаяць перад спакусай змяніць сваю кватэру, зрабіўшы яе больш камфортнай і ўтульнай. Аднак любыя рамонтныя работы нязменна парушаюць звыклы лад жыцця, а часам і ўвогуле ператвараюцца ў сапраўднае выпрабаванне. Далёка не кожная сям’я мае магчымасць часова пажыць у іншым месцы. А што рабіць з маленькімі дзецьмі, арганізм якіх асабліва адчувальны да такіх стрэсавых сітуацый?

фота dreamstime-com

Урач-педыятр Аліна Шарамецьева раіць пачаць рамонт з памяшкання, найбольш аддаленага ад таго месца, дзе спіць малое:

— У такім выпадку да моманту, калі справа дойдзе да гэтага пакоя, дзіця ўжо злёгку прывыкне і да пахаў, і да шуму, якія непазбежна суправаджаюць рамонт. І не будзе рэагаваць на іх востра.

Удзень, калі ў кватэры стаіць грукат, можна больш часу праводзіць з малым на свежым паветры або адправіцца ў госці. Бо для дзяцей небяспечна дыхаць пылам, які накрывае густым воблакам усё вакол, калі зрываюць старыя шпалеры, рэжуць керамічную плітку, штрабуюць сцены або свідруюць у іх нейкія адтуліны. Да таго ж занадта моцныя гукі могуць напалохаць дзіця. Таму перш чым прыступаць да тых ці іншых работ, паспрабуйце псіхалагічна настроіць малое на тое, што будзе адбывацца ў кватэры ў бліжэйшы час.

А калі трэба будзе фарбаваць сцены або вокны, клеіць шпалеры, у гэты дзень лепш наогул пераначаваць у сваякоў ці знаёмых. Як правіла, да раніцы падобныя пахі страчваюць сваю з’едлівасць і насычанасць, а то і зусім знікаюць (многія сучасныя фарбы хутка сохнуць і практычна не маюць паху).

Галоўнае правіла такога рамонту — выбар бяспечных будаўнічых матэрыялаў, асабліва для дзіцячых пакояў.

Перад многімі бацькамі часта стаіць пытанне: сцены афарбоўваць ці абклейваць шпалерамі? Афарбоўка — найбольш практычны варыянт. Тым больш калі ў доме падрастае юны мастак. Але выбіраць варта ўстойлівыя фарбы, каб можна было лёгка выдаліць са сцен калякі-малякі, якія раптам з’явіліся. Прычым фарбы павінны быць не толькі высакаякаснымі, але і, пажадана, без паху.

Спыніўшы выбар на шпалерах, майце на ўвазе, што для дзіцячага пакоя лепш за ўсё падыдуць папяровыя або флізелінавыя. А вось любімы многімі за практычнасць вініл пакіньце для іншых пакояў.

Клей, фарбу, шпалеры і ўсё астатняе, што неабходна для рамонту, зачыняйце ў іншым пакоі, каб дзіця не дабралася да будаўнічых матэрыялаў.

Даволі часта бацькі аддаюць перавагу афарбоўцы дзіцячага пакоя ў яркія кідкія тоны — сіні, жоўты, аранжавы колеры. Аднак для душэўнага спакою дзіцяці падыдуць адценні нейтральных тонаў. А яркія ноткі можна будзе дадаць, дэкарыруючы пакой. І не выбірайце шпалеры з дробным малюнкам, каб у дзяцей не мітусілася ў вачах. Гэта, як сцвярджаюць дактары-афтальмолагі, негатыўна адбіваецца на зроку.

Тое ж самае тычыцца і столяў — не варта рабіць іх занадта яркімі. Пазбягайце стварэння на столі складаных шматузроўневых кампазіцый. І не перашчыруйце з дзіцячай тэматыкай — тое, што добра для малога, наўрад ці падыдзе нават другакласніку. Дзеці растуць хутка, аднак не ў кожнай сям’і атрымліваецца ладзіць рамонт хоць бы раз у пяць гадоў.

Немалаважны нюанс — асвятленне. Тут можна ўсталяваць падвесныя або ўбудаваныя свяцільні. У рабочай зоне, дзе будзе стаяць пісьмовы стол дзіцяці, прыйдзецца падумаць пра дадатковую падсветку, каб нават увечары яно магло пачытаць або зрабіць урокі. І калі мы кажам пра электрычнасць, паспрабуйце прадугледзець варыянты размяшчэння разетак, каб ваша дзіця было максімальна застрахавана ад паражэння токам. Устанаўлівайце ў дзіцячым пакоі разеткі, у якіх ёсць спецыяльныя шторкі-фільтры.

Цяпер многія абсталёўваюць у дзіцячым пакоі спартыўныя куткі. Але зноў-такі яны павінны быць бяспечнымі і надзейнымі.

Пажадана таксама мець у дзіцячым пакоі ўвільгатняльнік паветра, таму варта прадугледзець, дзе ён будзе ўстаноўлены. Лепш трымаць яго далей ад ложка, раяць спецыялісты.

ПАДКАЗКА

Асаблівую ўвагу надайце дзвярам у дзіцячы пакой — яны павінны быць глухімі. Устаўкі са шкла ці іншага матэрыялу небяспечныя для дзіцяці, якое не заўсёды можа ацаніць гэта, выбягаючы з пакоя і з сілай пляскаючы дзвярыма. Да таго ж глухія дзверы абароняць вашае дзіця ад шуму ў доме.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter