Без руля і ветразяў

Спартыўны аўтамабiль “Рамбел 812 Смоўж” прызнаны лепшым на 21-й рэспублiканскай выставе тэхнiчнай творчасцi навучэнцаў, якая праходзiла ў Рэспублiканскiм Палацы дзiцячай творчасцi.
А стваральнiкi незвычайнага транспартнага сродку — з Мыслевiцкай базавай школы, што на Маладзечаншчыне: Сяргей Зялкоўскi, Мiхаiл Кудзiн, Сяргей Радкоўскi, Дзянiс Ляшок i iх кiраўнiк — настаўнiк фiзiкi, фiзiчнага выхавання i выяўленчага мастацтва Аляксандр Мiкалаевiч Цярэшка. Усе яны ўзнагароджаны Дыпломам першай ступенi ў раздзеле “Навуковае даследаванне i эксперымент” i крыштальным кубкам. Школа атрымала грашовую прэмiю для работы гуртка. I яна вельмi дарэчы, бо майструюць у Мыслевiцах ужо новую тэхнiку — буйнагабарытную мадэль самалёта “Лайцiнг”. Размах яго крылаў дасягне двух метраў. Над гэтай мадэллю працуюць ужо iншыя школьнiкi, бо вынаходнiкi “Смаўжа” закончылi базавую школу.
Аўтамабiль, якi здзiвiў i ўразiў многiх наведвальнiкаў рэспублiканскай выставы, — гэта не мадэль вядомых марак. Гэта прынцыпова новы сродак перамяшчэння, створаны на аснове вузлоў i дэталей ужо iснуючых аўтамабiляў: мiнскага матацыкла (ад яго ў “Смаўжа” рухавiк), матаролера, веласiпеда, машыны для iнвалiдаў i “Запарожца”. Усе дэталi сабраны з непатрэбнай тэхнiкi, а канструктарскае рашэнне і дызайн — смелы палёт творчасцi настаўнiка i яго вучняў. У аўтанавiнкi няма руля, упраўленне нажное, як у самалёце. Набiраць хуткасць i тармазiць трэба з дапамогай джосцiка, левай рукой. Правай пераключаюцца перадачы i выцiскаецца счапленне.
Галоўнай перавагай свайго вынаходнiцтва Аляксандр Мiкалаевiч Цярэшка лiчыць надзвычай простае кiраванне. Усе яго выхаванцы, нават чацвёрта-
класнiкi, лёгка манеўравалi на аўтамабiлi па школьным стадыёне. Рухацца “Смоўж” можа з хуткасцю 60—65 кiламетраў у гадзiну — якраз дастаткова для язды па горадзе. Таму вынаходнiкi i лiчаць сваё дзiця паўнацэнным транспартным сродкам. Па габарытах машына невялiкая, нешта сярэдняе памiж картынгам i багi.
Акрамя работы над самалётам юныя мыслевiцкiя канструктары зараз задумалi зрабiць са старой тэхнiкi сучасны маладзёжны матацыкл — байк i арыгiнальны мiнi-трактар, на якiм можна апрацоўваць прышкольны ўчастак. На заняткi гуртка хлапчукi збiраюцца штодня, i ўсё нешта прапануюць, выдумляюць, робяць... Ён ведае, чым iх зацiкавiць, школьны настаўнiк i вынаходнiк, фiзiк з душой творцы. У свой час Аляксандр Цярэшка пачынаў вучыцца ў Вышэйшым ваенным авiяцыйным iнжынерным вучылiшчы, потым скончыў тэхналагiчны унiверсiтэт. А захапленне мастацтвам — гэта ўжо iмкненнi яго творчай i летуценнай душы. У школьнай настаўнiцкай вiсiць карцiна, якую намаляваў Аляксандр Цярэшка. А калегi “выдалi” i яшчэ адно яго захапленне: ён умее вельмi праўдападобна парадзiраваць галасы людзей.
Нават двухпакаёўка, у якой жыве Цярэшка ў Маладзечне, не падобная да стандартнага жытла. Спачатку яна нагадвае музей, i толькi потым разумееш, як функцыянальна яна абсталявана. З дзяцiнства Аляксандр Цярэшка захапляўся кiтайскай культурай. Перачытаў шмат кнiг, перагледзеў мноства фiльмаў, нават мову спрабаваў самастойна вывучаць. Часта, пераглядаючы вiдэафiльмы пра кiтайскую культуру, браў у рукi аловак i занатоўваў — то элемент iнтэр’ера, то цiкавы арнамент. Адзiн з пакояў яго кватэры перабудаваны пад кiтайскае жытло — з усiмi неабходнымi элементамi яго, з усходнiмi матывамi ва ўпрыгожаннях.
А яшчэ ў Аляксандра Цярэшкi ёсць мара на перспектыву. Ён хоча стварыць на базе гуртка спартыўна-тэхнiчны клуб, у якiм маглi б займацца не толькi вучнi, але i моладзь з суседнiх вёсак, тыя, хто вучыцца ў горадзе. Сабраць пад сваiм крылом захопленую моладзь i працаваць з ёй — такiя яго планы. I ў гэтай справе ён разлiчвае на падтрымку i дапамогу з боку спонсараў. Яны знаходзяцца. Падтрымку аказваюць Маладзечанскае аддзяленне Беларускага фонду бяспекi дарожнага руху, мясцовая дзяржаўтаiнспекцыя. Школьнiкам перадалi тры старыя картынгi, iх гурткоўцы зараз аднаўляюць. Калi заасфальтаваць паблiзу школы пляцоўку, тут можна праводзiць спаборнiцтвы, адпрацоўваць элементы ваджэння.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter