Які рэзон бізнесоўцу Пятру Каралю ўкладваць сродкі ў пастаўскую вёску Жылінскія

Без прымусу, па наказе продкаў

ВЁСКА Жылінскія, што ў Пастаўскім раёне, трапіла ў разрад так званых неперспектыўных, паступова абязлюджвалася і, напэўна, згасла б зусім. І тады прадпрымальнік з Полацка, былы жыхар гэтай вёскі Пётр КАРОЛЬ (на здымку) вырашыў дзейнічаць — спачатку аднавіў хату сваіх продкаў, а потым узяўся і за сядзібы некаторых былых аднавяскоўцаў.

З Пятром мне давялося сустрэцца падчас міжнароднага турніру па касьбе, які праходзіў якраз у вёсцы Жылінскія. На той момант яна была як з прыгожага малюнка: дагледжаныя, у квецені садоў сялянскія сядзібы, ля якіх скублі сакавітую траву козы і авечкі. У садку плавалі качкі, гусі. З новай лазні каля штучнага азярка курыўся шызы дымок. І з цяжкасцю верылася, што ўсяго колькі год таму апусцелыя хаты тут былі зарослыя кустамі, быллём у рост чалавека.

– МАЕ бацькі, Кароль Павел Адамавіч і Леакадзія Баляславаўна, з гэтай жа вёскі, — пачаў расказ Пётр Паўлавіч. — Мелі яны чатырох дзяцей: трох сыноў і дачку. Жылі ў невялікай хаціне. Бацька меўся зрабіць большую, але яму не дазволілі. Маўляў, вёска неперспектыўная. Перабірайся на цэнтральную сядзібу і будуйся там! Аднак бацька нікуды не пажадаў з’язджаць. Ён быў брыгадзірам, а маці — цялятніцай. Мы, дзеці, бегалі дапамагаць ім на ферме. Ніхто нас не прымушаў. І муку раздавалі цялятам, і паілі іх, і канюшыну касілі. І праца гэта была нам не ў цяжар. Наадварот, мы ўдзячны бацькам за такое спартанскае выхаванне.

Да арміі Пётр Кароль паспеў закончыць Гарадоцкі тэхнікум. Пасля службы, хоць і прасілі застацца, прапаноўваючы немалы аклад, вярнуўся дахаты. Уладкаваўся загадчыкам майстэрні ў Юнькі, дарос да галоўнага інжынера, але потым лёс распарадзіўся так, што давялося пераехаць у горад.

Аднак свае Жылінскія не забываў. Часта наведваўся да бацькоў, дапамагаў ім па гаспадарцы. З сумам заўважаў, што ўсё больш пустых хат і што вёска гіне.

ПЕРШАЕ, што ён зрабіў, — купіў у дваюраднага брата дом, які быў напалову развалены. Выразаў наўкола кусты, склаў печ. Усё падладзіў як мае быць. Такім жа чынам прывёў у парадак яшчэ 6 пакінутых сядзіб.

Выкапаў невялікае азярко, у якое запусціў рыбу.

— Вёска без жыўнасці — нешта штучнае, — сцвярджае Кароль. — Мы завялі кароў, коз, авечак і іншую жыўнасць. Вельмі карыснае казінае малако: і нам, дарослым, і дзецям асабліва. Наогул натуральны прадукт ёсць натуральны. Мой бацька ў гэтым плане быў філосаф: крый божа, каб на сваім агародзе пасыпалі якія там угнаенні. “Няхай вырасце меней, — гаварыў, — адну палавінку чарвяк з’есць, затое другая застанецца ня шкоднай”.

Усёй немалой падсобнай гаспадаркай загадвае Галіна Міхновіч, якая пераехала сюды на жыхарства з Пастаў. Сёння ў яе 9 кароў, 3 цялушкі, 6 коз. З малака робяць па старадаўніх сялянскіх рэцэптах вельмі смачныя сыры. Рэшткі яго прадаюць дзяржаве.

У сапраўднай рускай печы пякуць хлеб па рэцэптах бабуль.

— Для гэтага, — раскрывае Галіна некаторыя сакрэты тэхналогіі, — цеста гатуем у дубовай дзяжы, у якой пастаянна трымаецца закваска. Дрожджы не прымяняем.

Бываючы ў вёсцы Жылінскія, нельга не заглянуць у музей бытавых сялянскіх прылад. Пётр Кароль прынёс сюды тое, чым карысталіся ягоныя бацькі, а штосьці насабіраў у старажылаў па акрузе. Ёсць нават жорны, на якіх цалкам можна змалоць зерне. Для музея адвялі асобны пакой у адным з дамоў.


СЁННЯ ў “распрацоўцы” Пятра Паўлавіча яшчэ два апусцелыя дамы. Аднак, як ён лічыць, немалаважна не толькі аднавіць пакінутае жыллё, але і падтрымліваць парадак у зробленым. Не ўсюды дойдзеш з трактарнай касілкай. Ды і не прызнае Кароль механізацыі ў такой справе. І тут захоўвае ўклад продкаў: заместа механічнай касы — ручная, дзедаўская. Мала таго, стаў арганізатарам традыцыйнага міжнароднага фестывалю касцоў у Жылінскіх, аб чым расказвала сваім чытачам “Сельская газета”.

У адроджаную вёску прыязджаюць на пастаяннае жыхарства людзі. Так, Алена Голуб са сваёй дачкой Анастасіяй не толькі пасяліліся, але і завялі падсобную гаспадарку. Летам з’яўляюцца дачнікі.

Карэнная жыхарка Людміла Браніславаўна Несцяронак не можа стрымліваць слоў удзячнасці Пятру Каралю:

— Я ж была тут ужо адна на ўсю вёску. Сумна было. Дочкі клікалі да сябе. Мусіць бы і падалася да іх, калі б не Пётр Паўлавіч, які ўгледзеў вёску, дапамагае жыць. Бізнесмены па большасці сваёй пад сябе грабуць. А ён для людзей стараецца...

— Нічога не мог бы зрабіць такога, каб не мой бізнес у горадзе, каб не тыя грошы, якія зарабляе мой калектыў у фірме “Вікінг”, — сціпла гаворыць у сваю чаргу Кароль. — Мне нярэдка задаюць пытанні: “Навошта табе ўсё гэта? Ты ж ніякага прыбытку з гэтага не маеш і наўрад ці будзеш мець?” Так, мяне ніхто не прымушае рабіць гэта. Меў бы свой дом тут як дачу, ніякіх табе лішніх клопатаў. Але нешта іншае, больш глыбокае пераважае. Гэта зямля тваіх продкаў, прадзеда Кайтана і прабабкі Адэлі, зямля дзядоў і бацькоў. Ёсць нейкая нябачная, але моцная сувязь з гэтай зямлёй, якая падпітвае, лечыць душу!

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter