Без песні свет цесны

На Міншчыне праходзіць конкурс самадзейнасці спажыўкааперацыі

На Міншчыне праходзіць штогадовы абласны конкурс самадзейнай мастацкай творчасці работнікаў спажыўкааперацыі. Сёлета ён прысвечаны 75-годдзю Мінскага спажыўтаварыства

Першы тур прайшоў у Мар’інай Горцы. Трэба сказаць, што конкурс мае асобы статус сярод шматлікіх творчых, спартыўных, аздараўленчых і іншых мерапрыемстваў. Таму, што, бадай, самы шматгадовы. Таму, што не проста выяўляе, а ўзгадоўвае таленты. І, нарэшце, таму, што развівае эстэтычны густ і ўзбагачае культуру тых, хто штодня працуе з людзьмі. 

«Адметна, што ў нашай сістэме ўжо склаліся трывалыя творчыя традыцыі і калектывы. У спажыўкааперацыі шмат яркіх людзей, якія не толькі прафесійна працуюць у сваёй сферы, але і валодаюць самабытнымі талентамі», — расказала старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі Алена Дзеравяшкіна. Першы конкурсны дзень не падмануў спадзяванняў. Гэта быў сапраўды яркі калейдаскоп творчага самавыяўлення. Фальклорны каларыт, энергія танцавальных калектываў, лірыка рамансаў, сучасныя песні, жывая музыка, мастацкае чытанне, дасціпны гумар беларускіх прыпевак. Часам і не верылася, што на сцэне былі повары, прадаўцы, бармены, эканамісты, будаўнікі і нават ветэраны працы спажыўкааперацыі. «У цэлым праграмы паказалі добрую жанравую разнастайнасць. Нямала нумароў, якія выдзяліліся яркімі вобразамі. Пасля занальных аглядаў журы вызначыць пераможцаў і лаўрэатаў ва ўсіх намінацыях. У час конкурсу мы не толькі выбіраем лепшыя нумары, але і ацэньваем, наколькі павысіўся ўзровень самадзейнага мастацтва ў спажыўкааперацыі», — падзялілася сваімі ўражаннямі старшыня журы, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Міншчыны «Жывіца» Ірына Карнаухава.

У прафесійнага журы — свае функцыі. Эмоцыі эмоцыямі, але конкурс ёсць конкурс. Ён паказаў, што выканаўчы ўзровень быў розным, артысты змаглі не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець. Несумненна, поспех залежыць не толькі ад творчых здольнасцей, якімі, бясспрэчна, валодаюць усе ўдзельнікі, але і ад работы над выканаўчым майстэрствам, рэпертуарам, рэжысурай, вобразам, музычным суправаджэннем і гэтак далей. Што ж, патурання тут не можа быць. Калі ты выйшаў на сцэну, значыць, ты артыст і павінен цалкам адпавядаць гэтаму статусу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter