Без моўных бар’ераў

Міжнародны з’езд славістаў упершыню пройдзе ў Беларусі

Міжнародны з’езд славістаў упершыню пройдзе ў Беларусі

XV Міжнародны з’езд славістаў адкрыецца ў Мінску 21 жніўня. У Беларусі гэты аўтарытэтны форум праводзіцца ўпершыню і абяцае стаць адной са знакавых падзей у навуковым і культурным жыцці рэспублікі. Паводле слоў старшыні Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца, падобныя мерапрыемствы маюць вялікае значэнне для развіцця навукі, падтрымкі славянскай ідэнтычнасці, а таксама садзейнічаюць развіццю і назапашванню ведаў аб славянах сярод прадстаўнікоў неславянскіх краін.

Для работы на юбілейным з’ездзе ў беларускай сталіцы чакаюць больш за 600 навукоўцаў з 35 краін свету, у тым ліку з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі і іншых дзяржаў.

Праграма з’езда на працягу тыдня ўключае пленарныя і секцыйныя даклады, круглыя сталы, пасяджэнні спецыяльных камісій. Удзельнікі абмяркуюць праблемы развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фальклору.

Разам з тым для іх падрыхтавана насычаная культурная праграма з наведваннем экскурсійных маршрутаў, музеяў, канцэртаў.

З першага дня з’езда яго спадарожнікам стане выстаўка найбольш важных славістычных выданняў апошніх пяці гадоў. Па традыцыі яна будзе працаваць да заканчэння форуму, а прадстаўленыя на ёй кнігі перададуць у дар краіне, якая праводзіць з’езд.

У цяперашні час славістыка як комплексная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё і перспектывы славянскай супольнасці, займае моцныя пазіцыі ў свеце. Міжнародныя з’езды славістаў праводзяцца кожныя пяць гадоў у розных краінах, пачынаючы з 1929 года. У рабоце з’ездаў прымаюць удзел вядомыя навукоўцы не толькі славянскіх краін, але і многіх іншых дзяржаў свету, дзе вывучаюцца славянскія мовы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter