21 уголовное дело с начала года: что движет лжеминерами и какое наказание они могут понести за свои шалости

Без міны вінаватыя

Днямi ў Мінску зноў «замініравалі» будынак. На гэты раз — Нацыянальны банк. На месца здарэння выязджалі сапёрна-піратэхнічная і следча-аператыўная групы. Трывога зноў аказалася фальшывай. Выбуховыя прылады спецыялісты не знайшлі. Па факце паведамлення аб «мініраванні» ўзбуджана крымінальная справа. Яна далёка не першая ў гэтым годзе — 21-я. Вiдаць, стала модным не задумвацца аб наступствах сваіх учынкаў. А як яшчэ растлумачыць дзеянні тых, хто «мініруе» ўласныя кватэры і цэлыя жылыя дамы, гандлёвыя цэнтры і станцыі метро? Прычым іх не бянтэжаць ні вялізныя штрафы, ні нават рэальныя тэрміны абмежавання свабоды. Чаму так адбываецца i што мiлiцыянеры супрацьпастаўляюць эпiдэмiі фальшывых паведамленняў, даведалася карэспандэнт «Р».

Па кожным выпадку «мініравання» праводзіцца дасканалая праверка. 

Жарты запаволенага дзеяння

Чыгуначны вакзал, гандлёва-забаўляльныя цэнтры ў розных раёнах Мінска, станцыі метро і Нацыянальны аэрапорт. Усе гэтыя аб’екты ў розны час «мініравалі». Толькі ў Мінску з пачатку года паступіла 6 паведамленняў аб небяспецы. Лічбы прыводзіць намеснік начальніка крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Зюзёнак. І ўдак­ладняе: не ўсе гэтыя выпадкі рэзанансныя. Бываюць, я так бы іх назвала, бытавыя «мініраванні». Калі сямейны дэбашыр, звычайна ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе, што заклаў бомбу па канкрэтным адрасе. Так, у мінулым годзе ў Савецкае РУУС Мінска патэлефанаваў мужчына. Ён паведаміў, што атрымаў ад незнаёмца запіску з інфармацыяй пра тое, што замініраваны дом па адрасе: Мірашнічэнкі, 16. Інфармацыя гэта, на шчасце, не пацвердзілася. Таксама некаторыя пагражаюць адкрыць газавы вентыль і падняць у паветра цэлы пад’езд. Асобы зламыснікаў у такіх выпадках вызначаюць хутка.

— Рэагуем на ўсе звароты аб мініраванні,
— удакладняе Яўген Зюзёнак. — Па кожным выпадку праводзім дасканалую праверку.

І ўсё ж усеагульную ўвагу прыцягваюць рэзанансныя выпадкі. Такія, як ілжэмініраванне ў канцы сакавіка чыгуначнага вакзала і двух буйных гандлёвых цэнтраў. Ці ў красавіку — Нацыянальнага аэрапорта, гатэля, гандлёва-забаўляльнага цэнтра або мінскага метро. У мінулым годзе такога «жартаўніка» затрымалі на адной са станцый па сіняй ветцы. Нецвярозы мужчына сцвярджаў, што ў яго заплечніку бомба. Інтраскоп высвеціў незразумелую прыладу з правадамі. Супрацоўнікі метрапалітэна выклікалі сапёраў. Група размініравання нічога забароненага не выявіла. Затое «ўзнагарода» хутка знайшла свайго «героя». Мужчыну арыштавалі на два месяцы. Плюс выставілі кампенсацыю выдаткаў за выезд сапёрна-піратэхнічнай групы.

Ва ўсіх выпадках трывога, на шчасце, была фальшывай. Праўда, з вельмі адчувальнымі расходамі з бюджэту. Толькі работа сапёрнай групы абыходзіцца ў сярэднім у 300 рублёў. Свой рахунак выставіць кожная служба, якую задзейнічалі ў праверачных мерапрыемствах: МНС, кіналагічная служба і сапёрна-піратэхнічная група ўнутраных войскаў МУС. А яшчэ, калі выклікалі, то «хуткая дапамога» і спецпадраздзяленне «Алмаз». Плюс кіраўніцтва «замініраваных» аб’ектаў можа падлічыць нанесены ўрон. Выходзіць даволі значная сума. А заадно і крымінальная адказнасць.

— Пакаранне за правапарушэнне — ад штрафу да пазбаўлення волі, — удакладняе Яўген Зюзёнак. — Усё залежыць ад цяжару наступстваў або памеру шкоды. Да цяжкіх наступстваў можна аднесці парушэнне работы грамадскага транспарту, вакзала і іншых стратэгічна важных аб’ектаў, зрыў масавых мерапрыемстваў. Буйны ўрон — ад 250 базавых велічынь (сёння гэта 6375 рублёў). 

Без ананімнасці ў сетцы

Ёсць яшчэ адна катэгорыя «мінёраў». Некаторыя мяркуюць, што ў «сусветнай павуціне» згубіцца прасцей простага, таму і шлюць свае паведамленні праз інтэрнэт. Апошні выпадак паказальны. Паведамленне пра тое, што будынак Нацыянальнага банка замініраваны, паступіла менавiта на электронную пошту. Яўген Зюзёнак запэўнівае: схавацца не атрымаецца нават за мяжой. Проста на пошукі хулігана прыйдзецца выдаткаваць трохі больш часу.

Дарэчы, дзевяць з дзесяці «мінёраў» — нецвярозыя грамадзяне, тыя, хто мае псіхічныя парушэнні, або дзеці. Так, у 2016 годзе ў МНС з мабільнага тэлефона паступіў званок аб мініраванні аэрапорта. Чалавек запатрабаваў 1 мільён долараў і верталёт — усё, як у крутым баевіку. «Жартаўніком» аказаўся падлетак з Мазыра. Па факце распачалі крымінальную справу. Таму што адказнасць перад законам за загадзя лжывае паведамленне аб небяспецы наступае з 14 гадоў. Дарэчы, пакаранне такім «жартаўнікам» выносіць суд. Так, нядаўна мінчанін атрымаў штраф у 200 базавых велічынь (гэта 5,1 тысячы рублёў) за «мініраванне» станцыі метро «Малінаўка». Акрамя таго, ён павінен прайсці прымусовае лячэнне ад наркаманіі. У момант здзяйснення правапарушэння быў п’яны (у крыві выяўлена 1,72 праміле алкаголю).

Вернемся да «мініравання». Сілавікі ведаюць, як змагацца з такой навалай. Усе іх дзеянні адпрацаваны да аўтаматызму. Таму, калі бачыце, што супрацоўнікі міліцыі эвакуіруюць людзей з будынка, ведайце: гэта сапраўдная трывога.

— Праводзіць вучэнні ў такіх маштабах няма неабходнасці, — тлумачыць спецыяліст. — Цалкам эвакуіраваць людзей з 5—6-павярховай пабудовы, напрыклад з гандлёва-забаўляльнага цэнтра, ніхто не будзе. Але, паўтару, на кожны зварот аб мініраванні мы будзем рэагаваць: эвакуіраваць, праводзіць агляд грамадзян, абмяжоўваць допуск у будынак. Гэта сусветная практыка. Таму што бяспека важней за ўсё.

Вынікі такой рэакцыі ёсць. За 4 месяцы гэтага года ўзбуджана 21 крымінальная справа па артыкуле 340 КК. Больш за ўсё — у Мінску і Гомельскай вобласці. Статыстыку прыводзіць афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. У мінулым годзе за гэты перыяд узбуджана 6 крымінальных спраў, за ўвесь год — 23.

Спецыяліст нагадвае: заведама лжывае паведамленне аб небяспецы — выбуху, падпале і іншых дзеяннях, якія ствараюць пагрозу для жыцця і здароўя людзей, — цягне за сабой крымінальную адказнасць, якая наступае з 14 гадоў. Максімальнае пакаранне згодна з артыкулам 340 Крымінальнага кодэкса — 7 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, заканадаўства прадугледжвае кампенсацыю вінаватым усіх выдаткаў, якія панеслі экстранныя службы пры рэагаванні на лжывае паведамленне.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter