Без гісторыі няма будучыні

ІІІ беларускі аўтакруіз “Замкавая Беларусь — сувязь часоў і пакаленняў”, які пройдзе з 24 па 26 жніўня, пазнаёміць яго ўдзель-нікаў з цудамі Сінявокай.

Прызнанне ў любові да Радзімы нельга назваць сапраўдным, калі чалавек, які гаворыць пра патрыятызм, не імкнецца ведаць гісторыю сваёй зямлі, перададзеныя ў спадчыну ад прадзедаў традыцыі. Ідэю яшчэ раз “дакрануцца” да велічнасці нашай мінуўшчыны, а можа, і адкрыць у, здавалася б, вядомых фактах гісторыі нешта незвычайнае, захапіцца прыгажосцю беларускіх гарадоў і мястэчак, пазнаёміцца з іх жыхарамі і тым самым паспрыяць развіццю ўязнога турызму ў Беларусі вырашылі ажыццявіць члены дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана”, якія і сталі арганізатарамі гэтай культурна-асветніцкай акцыі.
Як расказаў старшыня папячыцельнага савета фонду Аляксандр Галубовіч, адпраўным пунктам круізу будзе сталіца, а потым турыстычны маршрут для больш як 100 удзельнікаў праляжа праз Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ліду, Жыровіцы, Ружаны, Косава, Бярозу, Брэст, дзе будуць праведзены экскурсіі па ўсіх адметных мясцінах. Члены гісторыка-патрыятычнага клуба “Рыцарскі род Снежнага барса” пазнаёмяць астатніх удзельнікаў аўтакруізу са сваёй калекцыяй сярэднявечнай зброі, а клуб “Салдаты Перамогі”, які створаны пры дабрачынным фондзе дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана”, пазнаёміць са зброяй часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter