Без «эфекту апошняга дня» не абышлося

Пункты рэгістрацыі на ЦТ-2014 працавалі ў напружаным рэжыме

Напрыканцы мая і ў пачатку чэрвеня пункты рэгістрацыі на ЦТ-2014 працавалі ў напружаным рэжыме. У дзень для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні запісваліся па 4—5 тысяч чалавек. У выніку, па папярэдняй інфармацыі, агульная колькасць жадаючых прайсці ўступныя выпрабаванні ў ВНУ і ССНУ краіны склала больш за 105 500 абітурыентаў.

Як і прагназавалі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, у параўнанні з данымі мінулага года, а тады для ўдзелу ў ЦТ зарэгістраваліся 117 тысяч абітурыентаў, лічба жадаючых праэкзаменавацца ў гэтым годзе знізілася. Прычынай таму дэмагра-фічная «яма», але ні ў якім разе не зніжэнне папулярнасці вышэйшай адукацыі.

У лідарах, як і ў мінулым годзе, застаюцца руская мова — яе пажадалі здаваць 78 тысяч чалавек, матэматыка (яе здадуць 65 тысяч чалавек) і фізіка, на якую запісаліся 30 тысяч чалавек. Далей па спісе — беларуская мова, якую будуць здаваць 26 тысяч абітурыентаў, біялогія — 21 тысяча, англійская мова — 19 тысяч, гісторыя Беларусі — 17 тысяч, хімія — 13 тысяч, грамадазнаўства — 10 тысяч і г.д.

Самі ўступныя іспыты пачнуцца ўжо 14 чэрвеня з беларускай мовы, 15 чэрвеня абітурыенты здадуць рускую мову і г.д. Традыцыйна ўсе экзамены завершацца праз два тыдні — 28 чэрвеня. Рэзервовым днём вызначана 5 ліпеня, на яго трэба зарэгістравацца ў тэрмін з 27 чэрвеня па 1 ліпеня. Усе іспыты будуць пачынацца ў 11.00.

У сувязі з новаўвядзеннямі гэтага года, а менавіта адменай падзелу ВНУ на І і ІІ патокі, падача заяў і сертыфікатаў ЦТ для паступлення будзе адначасовай — з 8-га па 12 ліпеня. Гэта тычыцца бюджэтных месцаў на дзённай, вячэрняй і завочнай, у тым ліку дыстанцыйнай, формах навучання. Толькі па завочнай форме ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю тэрміны падачы дакументаў засталіся ранейшымі — з 1-га па 30 лістапада.

Што тычыцца залічэння абітурыентаў на бюджэтныя месцы, сілавыя ВНУ паведамяць аб гэтым 20 ліпеня, мастацкія — да 26 ліпеня, астатнія ВНУ — да 22 ліпеня. Абітурыенты, якія паступаюць на завочную форму навучання ў ВНУ сельгаспрофілю, атрымаюць гэтую інфармацыю да 25 снежня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter