Ці спраўляецца міжнародная супольнасць са сваёй адказнасцю за пацярпелых?

Без дапамогі ніхто не застаецца

Апошнім часам маштабы ўцёкаў і выгнання значна ўзраслі. Дзесяць гадоў назад ва ўсім свеце налічвалася каля 38 мільёнаў  чалавек, якія сталі  альбо бежанцамі, альбо ахвярамі выгнання па прычыне праследавання, канфлікту, насілля або парушэння правоў чалавека. Да канца 2013 года, згодна з сусветнай статыстыкай, гэта колькасць павялічылася да 51 мільёна. Колькасць канфліктаў узрасла, пры гэтым старыя крызісы застаюцца неўрэгуляванымі. Патрэба ў гуманітарнай дапамозе тым часам пастаянна расце.

Jean Yves Bouchardy
Жан Іў Бушардзі

Наўрад ці можна адчуваць аптымізм з нагоды таго, што тэндэнцыя ў бліжэйшай будучыні зменіцца: у міжнародным плане існуе проста вельмі мала магчымасцяў для недапушчэння і вырашэння крызісаў. Такія фактары, як рост колькасці насельніцтва, змена клімату, недахоп прадуктаў харчавання і вады пагаршаюць гуманітарную сітуацыю. Важна, аднак, што права на прыстанішча — за некаторымі выключэннямі — у асноўным паважаецца і што большасці людзей удаецца знайсці абарону ад канфліктаў і праследавання. Толькі грамадзянскія войны ў Сірыі ды Іраку прывялі да гуманітарнай катастрофы.

Ці спраўляецца міжнародная супольнасць са сваёй адказнасцю за пацярпелых? Гатоўнасць гуманітарных донараў дапамагаць значная, аднак патрэба настолькі вялікая, што гэтая гатоўнасць не можа задаволіць нават невялікую колькасць рэальных патрэбаў. Не гаворачы ўжо пра наступствы сірыйскага канфлікту — у плане палітыкі бяспекі — для ўсяго рэгіёна, суседнія краіны моцна пакутуюць з-за адных толькі маштабаў перамяшчэння бежанцаў. Каб мець магчымасць дапамагаць бежанцам, трэба дапамагаць і краінам, якія прымаюць іх. Клопат, які зваліўся на іх інфраструктуру, бальніцы, школы, дзяржаўныя бюджэты, занадта вялікі. Цяпер, каб стабілізаваць сітуацыю, патрэбна супрацоўніцтва ў мэтах развіцця.

У Беларусі не такія даўнія традыцыі прадастаўлення прыстанішча. На фоне цяперашніх  крызісаў многія грамадзяне актыўна выступаюць за тое, каб з гатоўнасцю сустракаць шукальнікаў абароны і праяўляць з імі салідарнасць. Гэта заслугоўвае высокай ацэнкі, паколькі прадугледжвае наяўнасць шырокага грамадскага кансэнсусу. Але ж калі гаворка ідзе пра тое, каб прадастаўляць людзям прыстанішча па нармальных чалавечых стандартах, то тут патрэбны, натуральна, не проста ложак на адну ноч. Важна  ўсведамляць выклікі, якія маюць вынікам рост колькасці тых, хто шукае прыстанішча. 

Вось такая адпраўная інфармацыйная пляцоўка для інтэрв’ю з Прадстаўніком  Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь Жанам Івам Бушардзі.

— Чым, уласна, займаецца  Прадстаўніцтва УВКБ ААН  у Беларусі?

— Удакладнім: УВКБ ААН расшыфроўваецца як Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў. Гэта тое агенцтва ААН, галоўнай мэтай якога непасрэдна з’яўляецца абарона правоў бежанцаў і клопат пра іх дабраабыт. Хоць у  распараджэнні УВКБ ААН знаходзяцца і іншыя катэгорыі асобаў — асобы без грамадзянства, прымусовыя перасяленцы, рэпатрыянты і асобы, якія шукаюць прыстанішча.

Прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі вядзе адлік з 1995 года. Яго роля заключаецца ў рабоце з Урадам над удасканаленнем умоў міжнароднай абароны ў краіне. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца павышэнню якасці дзяржаўнай працэдуры вызначэння статусу бежанца.
Варта адзначыць яшчэ, што УВКБ ААН  надае вялікае значэнне інтэграцыі прызнаных бежанцаў. З дапамогай сваіх няўрадавых арганізацый-партнёраў  мы прадастаўляем  экстранную (аднаразовую) і штомесячную фінансавую дапамогу найбольш уразлівым бежанцам і асобам, якія шукаюць прыстанішча, дапамагаем у пошуку працы праз прафесійнае і моўнае навучанне, садзейнічаем развіццю індывідуальнага прадпрымальніцтва сярод бежанцаў.  Прадстаўніцтва УВКБ ААН  у Беларусі таксама праводзіць розныя мерапрыемствы па інфармаванні насельніцтва, закліканыя зрабіць грамадскую думку больш спагадлівай да праблемы інтэграцыі бежанцаў. 

— Як можна ахарактарызаваць сітуацыю з бежанцамі ў Беларусі?

— На працягу многіх гадоў сітуацыя заставалася даволі стабільнай: прыкладна 150 чалавек хадайнічалі аб прадастаўленні прыстанішча ў Беларусі ў 2010-2012 гадах. Паказчыкі змяніліся ў 2013 годзе, калі ў сувязі з павелічэннем колькасці вымушаных мігрантаў з Сірыі колькасць асобаў, якія шукалі прытулку, дасягнула 208 чалавек. А ў 2014 годзе, з прычыны крызісу ва Украіне і прадаўжэння нестабільнасці ў Сірыі, адбылося чатырохразовае павелічэнне — 867 замежнікаў звярнуліся па прадастаўленне прыстанішча ў Беларусі (у тым ліку 663 грамадзяніны Украіны, 95 — Сірыі і 34 — Афганістана). Такім чынам, вы можаце бачыць, што колькасць асобаў, якія шукаюць прытулку, рэзка ўзрасла.

Вы, напэўна, заўважылі, што я выкарыстоўваю розныя тэрміны, гаворачы пра людзей, з якімі УВКБ ААН працуе ў Беларусі. Дазвольце мне даць некаторыя дадатковыя тлумачэнні, каб усе ясна разумелі, пра каго ідзе размова.

Усім вядома слова “бежанец”, якое часта выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі. У сваім агульным сэнсе яно ахоплівае ўсе катэгорыі замежнікаў, з якімі працуе УВКБ ААН. Але гэта тое, што ляжыць на паверхні. Калі ж мы крыху паглыбімся ў пытанне, то ўбачым дзве канкрэтныя групы, якім дапамагае УВКБ ААН. Імі з’яўляюцца “асобы, якія шукаюць прыстанішча” або замежнікі, якія толькі што прыбылі ў краіну, хадайнічалі аб прадастаўленні прытулку і цяпер чакаюць рашэння па сваіх хадайніцтвах. А яшчэ ёсць тыя, хто ўжо атрымаў абарону — “бежанцы” або “прызнаныя бежанцы”. У кантэксце Беларусі апошні тэрмін выкарыстоўваецца ў адносінах да людзей, якім Урад Беларусі прадаставіў адну з існуючых формаў абароны — статус бежанца або дадатковую абарону. Пры гэтым галоўнае адрозненне заключаецца ў статусе замежніка. Гэта значыць, у статусе асобы, якая звярнулася з хадайніцтвам і не атрымала па ім рашэння [адпаведнага органа], у параўнанні са статусам асобаў, якія атрымалі станоўчы адказ. У астатнім мы можам у цэлым называць усіх бежанцамі. Бо, згодна з дактрынай УВКБ ААН, чалавек не становіцца бежанцам у выніку яго прызнання ў якасці такога, але з’яўляецца бежанцам у выніку таго, што ён вымушана апынуўся ў пэўнай сітуацыі. 

І нарэшце, я хацеў бы дадаць, што ў Беларусі таксама зарэгістравана амаль шэсць з паловай тысяч  асобаў без грамадзянства. 

A Syrian refugee, employed in OJSC “Vitebskkhlebprom”  within the framework of a joint project of UNHCR  and Vitebsk Regional Executive Committee
Сірыйскі бежанец, працаўладкаваны ў акцыянернае таварыства “Віцебскхлебпрам” у плыні сумеснага праекту УВКБ ААН і Віцебскага аблвыканкама

— Хто можа звярнуцца па дапамогу ў вашу арганізацыю?

— Калі коратка, то ў нашу арганізацыю можа звярнуцца любы чалавек, калі ён  баіцца вяртацца ў сваю краіну. І  хацеў  бы прасіць аб прадастаўленні прыстанішча, спадзеючыся  атрымаць яго. Вядома, мы выкарыстоўваем азначэнне “бежанец”, каб у кожным канкрэтным выпадку прыняць рашэнне аб тым, ці мае дадзеная асоба падставы атрымліваць дапамогу з боку УВКБ ААН. Асноўныя крытэрыі такія. Замежнік або асоба без грамадзянства за межамі сваёй краіны, якая мае абгрунтаваную асцярогу падвергнуцца праследаванню ў гэтай краіне па пэўных прычынах — расы, грамадзянства, веравызнання, палітычных пе­ракананняў і прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы. І не мае магчымасці або жадання скарыстацца абаронай сваёй уласнай краіны. Што мы павінны зрабіць для такога чалавека ў самым пачатку? Сустрэцца з ім, выслухаць  і дапамагчы хадайнічаць аб прадастаўленні прытулку ў Беларусі. Калі ён гэтага хоча. І, вядома, прадаставіць яму як можна больш інфармацыі пра правы ў краіне знаходжання і магчымыя вынікі хадайніцтва аб прадастаўленні прыстанішча.

Тое, што я толькі што пералі­чыў, — усяго толькі кароткая схема. На практыцы ж замежнік павінен прайсці спецыяльную працэдуру. Мы называем яе працэдурай вызначэння статусу бежанца. Яна  прадугледжвае падачу ў кампетэнтны дзяржаўны орган хадайніцтва аб прадастаўленні прыстанішча; прадастаўленне дакументаў і доказаў, якія пацвярджаюць хадайніцтва аб прадастаўленні прыстанішча, падчас гутаркі. І нарэшце, рашэнне органа дзяржаўнай улады, які займаецца пытаннямі бежанцаў. У Беларусі гэтыя пытанні адносяцца да кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў, а менавіта яго Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. ДГіМ можа прыняць станоўчае або адмоўнае рашэнне. Я падкрэсліваю гэта, паколькі кожны павінен разумець, што хадайніцтва аб прадастаўленні прыстанішча не азначае аўтаматычнага прадастаўлення абароны. Са свайго боку мы ажыццяўляем маніторынг асобных спраў. Калі УВКБ ААН бачыць, што нейкае канкрэтнае хадайніцтва аб прадастаўленні прыстанішча сапраўды заслугоўвае статусу бежанца або адпавядае крытэрыям прадастаўлення дадатковай абароны, але ўлады схіляюцца да таго, каб адмовіць у прадастаўленні абароны, мы можам умяшацца: выказаць наш пункт погляду па справе, перадаць інфармацыю, якая абгрунтоўвае неабходнасць прыняцця станоўчага рашэння, і, калі асобе, якая шукае прыстанішча, у канчатковым выніку ўсё ж адмаўляюць, то прадаставіць яму адваката, паслугі якога аплачваюцца УВКБ ААН і які будзе прадстаўляць яго ў судзе на стадыі абскарджання.

— Якую дапамогу вы можаце аказаць бежанцам?

— УВКБ ААН дапамагае бежанцам і іншым падмандатным асобам, перш за ўсё, праз партнёрскія арганізацыі. Ёсць чатыры асноўныя няўрадавыя партнёрскія арганізацыі, якія мы фінансуем і з якімі супрацоўнічаем.

Нашым буйнейшым партнёрам з’яўляецца Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, якое прадастаўляе сацыяльную і гуманітарную дапамогу. Там найбольш уразлівыя асобы, якія шукаюць прыстанішча, і бежанцы могуць атрымаць харчовыя і гігіенічныя наборы, аднаразовую экстранную і штомесячную фінансавую дапамогу, таксама ім можа быць аплачана да 80 працэнтаў кошту іх медыцынскіх расходаў.

Другі партнёр — “Беларускі рух медыцынскіх работнікаў”. Яны рэалізуюць  наш праект “Служба па кансультаванні бежанцаў”. Прадастаўляе асобам, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі УВКБ ААН, кансультатыўна-прававую дапамогу па самых розных пытаннях. Напрыклад, па ўсім, што датычыцца працэдуры вызначэння статусу бежанца, складання заяў і абскарджання рашэнняў дзяржаўных органаў, звароту па прадастаўленне і атрыманне дазволаў на пастаяннае і часовае пражыванне, працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання і г.д.

І, вядома ж, ёсць “Эўрыка” — адукацыйны цэнтр для дзяцей і падлеткаў, які праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на сацыялізацыю дзяцей-бежанцаў і іх інтэграцыю ў беларускае грамадства. Там дзеці могуць наведваць заняткі па рускай мове, удзельнічаць у загарадных летніх лагерах і прымаць удзел у шырокім спектры іншых пазашкольных мерапрыемстваў. 

— Як Беларусь спраўляецца з міграцыйнымі плынямі апошняга часу з Украіны? Ці ёсць праблемы?

— Улады спраўляюцца добра, асабліва ўлічваючы, што гэта сапраўды востры крызіс, якога ніхто не чакаў. Па стане на сённяшні дзень каля 110 000 украінцаў атрымалі розныя віды дазволаў на пражыванне ў Беларусі. Гэтая лічба не адлюстроўвае сапраўднай колькасці ўкраінцаў, што прыбылі ў Беларусь у 2014 — лютым 2015 года, паколькі на самай справе яна, верагодна, большая. Гэта — вялікая нагрузка. Бо гэта, як мінімум, яшчэ адзін дадатковы працэнт да ўжо існуючага беларускага насельніцтва. Складана ігнараваць падобную акалічнасць.

У жніўні мінулага года Прэзідэнт Беларусі выдаў вельмі важны ўказ. Гэта Указ №420, які прадугледжвае прадастаўленне спецыяльнай дапамогі асобам, якія прыбылі з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Указ аблягчае некаторыя аспекты атрымання дазволаў на пражыванне, працаўладкаванне, афармленне даведак аб стане здароўя і наяўнасці адукацыі для гэтай групы людзей. Вядома, усё гэта было вельмі важным захадам і істотнай нагрузкай на Беларусь.
У цэлым, можна сказаць, што каля 80-90 працэнтаў украінцаў здолелі нядрэнна асталявацца ў Беларусі. Увогуле, цяпер удаецца добра кіраваць гэтай сітуацыяй. 

An Afghan refugee, who got a tractor within the framework of UNHCR project aimed at support of business initiatives  and self-employment initiatives
Афганскі бежанец атрымаў трактар у плыні праекту УВКБ ААН па падтрымцы бізнес-ініцыятыў ды ініцыятыў па самазанятасці

— Ці ёсць якія-небудзь праблемы?

— Зыходзячы з вынікаў апытання грамадзян Украіны, праведзенага намі ў снежні мінулага года, мы мяркуем, што каля 10-20 працэнтаў (гэта 10-20 тысяч) украінцаў можна аднесці да ліку ўразлівых катэгорый насельніцтва, гэта значыць тых, хто знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Уразлівыя групы ўключаюць, напрыклад, пенсіянераў, якія не атрымліваюць пенсіі, жанчын, што прыехалі з маленькімі дзецьмі, людзей з асаблівымі медыцынскімі патрэбамі.

У 2014 — лютым 2015 года толькі каля 800 чалавек звярнуліся па прадастаўленне прытулку. Гэта малая доля ў параўнанні з прыкладна 110 000 украінцаў, якія на працягу таго ж перыяду іншымі спосабамі ўрэгулявалі сваё знаходжанне ў краіне. Што датычыцца пенсіянераў і медыцынскіх паслуг, то наяўнасць у каго-небудзь толькі часовага статусу ў Беларусі азначае, што ён не мае права на атрыманне пенсіі, медыцынскага абслугоўвання нараўне з грамадзянамі і замежнікамі, якія маюць дазвол на пастаяннае пражыванне. Менавіта таму мы лі­чым, што ў бліжэйшыя месяцы гэтай групе ў 10-20 тысяч  чалавек — як Ураду,  так і УВКБ ААН — варта надаваць асаблівую ўвагу.

Існуе яшчэ адна катэгорыя, якая цяпер патрабуе асаблівых адносінаў.  Гэта асобы, якія асцерагаюцца праследавання з прычыны нежадання служыць у арміі і прымаць удзел у баявых дзеяннях. У пэўных абставінах хадайніцтвы аб прадастаўленні прыстанішча такіх людзей могуць адпавядаць крытэрыям прадастаўлення статусу бежанца. Мы, як УВКБ ААН, павінны надаваць асаблівую ўвагу гэтым людзям у святле цяперашняй сітуацыі ва Украіне.

— Наступнае  пытанне — пра супрацоўніцтва паміж УВКБ ААН і Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі (МАМ). Не маглі б Вы падрабязней расказаць пра сумесныя праекты, сумесныя ініцыятывы, пра тое, што агульнага маюць гэтыя дзве арганізацыі і дзе іх інтарэсы перасякаюцца?

— Прымаючы да ўвагі крызіс ва Украіне, УВКБ ААН і МАМ пачалі прадпрымаць сумесныя паездкі ў рэгіёны для правядзення сустрэч з грамадзянамі Украіны. Паколькі МАМ з’яўляецца арганізацыяй, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць праз рэалізацыю розных праектаў, і ў нас ёсць мемарандум аб узаемаразуменні, мы вывучаем магчымасць распрацоўкі сумеснага праекта, у рамках якога УВКБ ААН і МАМ змогуць “злучыць” свае мандаты — аказанне дапамогі як вымушаным, так і звычайным мігрантам. І такім чынам забяспе­чыць эфектыўнае рэагаванне ў плане аказання дапамогі ўкраінцам, якія прыбываюць у Беларусь у сувязі з крызісам у іх краіне.

У бліжэйшыя тыдні мы разам падрыхтуем праектную прапанову, якая будзе ўключаць у сябе садзеянне некаторым доўгатэрміновым рашэнням для ўкраінцаў, якія прыехалі ў Беларусь. Гэта важна, таму што па выніках праведзенага намі апытання грамадзян Украіны каля паловы рэспандэнтаў заявілі, што яны плануюць застацца ў Беларусі на працяглы перыяд часу.

Людзі хочуць пачакаць і пагля­дзець, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне. Вы і самі бачылі  ў праграмах навін, цяпер там разбурана нямала будынкаў, жылых дамоў. Каб іх аднавіць, спатрэбяцца гады. Таму многія ўкраінцы застануцца ў Беларусі. І таму некаторым з іх — і тут мы вяртаемся да пытання пра ўразлівыя групы — можа спатрэбіцца дапамога. Вось чаму УВКБ ААН і МАМ хацелі б вырашыць гэтае пытанне больш комплексна шляхам рэалізацыі сумеснага праекта.

Children of refugees, pupils of ‘Evrika’, an educational centre for children and adolescents, within the framework  of a joint project with UNHCR aimed at integrating the refugee children into the Belarusian society
Дзеці бежанцаў — выхаванцы адукацыйнага цэнтра “Эўрыка” , які дзейнічае паводле сумеснага з УВКБ ААН праекта па інтэграцыі бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь

— Што Вы можаце сказаць пра сваю нядаўнюю паездку ў Віцебск? Вы  ездзілі ў гэты горад разам з прадстаўнікамі МАМ. 

— У Віцебску ў нас ёсць пункт часовага пасялення. Гэта будынак, дзе асобы, якія шукаюць прытулку, могуць пражываць бясплатна, калі яны не ў стане знайсці  жыллё за свой кошт. Цэнтр можа адначасова ўмяшчаць каля 30 чалавек. На жаль, у ім няма цяпер свабодных месцаў. Мы пагутарылі з людзьмі, якія жывуць у ПЧП, як мы яго называем.

Таксама мы наведалі ўкраінцаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Мы мелі магчымасць убачыць, як яны жывуць, як спраўляюцца з новай  сітуацыяй. Сустрэліся з пенсіянерамі і маладымі сем’ямі. Адзін прыклад. Мужчына з маладой сям’і раней працаваў шахцёрам ва Украіне. Цяпер ён працуе ў сельскай гаспадарцы, як і яго жонка. Я думаю, гэта — станоўчая перамена.

Другая сям’я складаецца з двух пажылых людзей, пенсіянераў, і іх двух сыноў, у кожнага з якіх ёсць праца. Паколькі жанчына нарадзілася ў Беларусі і ў яе ёсць тут блізкія сваякі, то яна атрымала дазвол на пастаяннае пражыванне. Гэта дазваляе ёй прэтэндаваць на перавод пенсіі з Украіны ў Беларусь. Яе муж збіраецца звярнуцца па прадастаўленне дазволу на пастаяннае пражыванне і затым таксама будзе вырашаць пытанне са сваёй пенсіяй.

Мы таксама сустрэліся з групай украінцаў у офісе Службы па кансультаванні бежанцаў — гэта наш сумесны праект з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі рух медыцынскіх работнікаў”, якое я ўжо згадваў. Мы абмяркоўвалі розныя пытанні, у тым ліку  праблему доступу да медыцынскага абслугоўвання. Там была маленькая дзяўчынка, якой тэрмінова патрэбныя былі акуляры, мы тут жа вылучылі сродкі на іх набыццё. Іншыя пытанні, якія ўзнікалі, датычыліся працаўладкавання, жылля і г. д.

— Аб’екты такога тыпу ёсць у кожным буйным горадзе?

— Не, іх толькі тры. Адзін у Брэсце, адзін у Віцебску і адзін у Гомелі.

— Ці ёсць неабходнасць адкрыць яшчэ?

— Так, калі б у нас было больш фінансавых сродкаў, мы б, напэўна, адкрылі адзін у Мінску. Але ў цяперашні час няма пункта часовага пасялення ў Гродне, як няма і такой установы ў Магілёве.
Па-першае, яны неабходныя там, паколькі асобы, якія шукаюць прыстанішча, ёсць ва ўсіх абласцях. Па-другое, палітыка ўлад заключаецца ў тым, каб размясціць гэтых людзей. Калі ўсе яны прыбудуць у Мінск, напрыклад, то ўсе яны не могуць быць там сканцэнтраваныя. Таму важна разгрупаваць іх і размеркаваць агульную нагрузку паміж усімі абласцямі.

— Як беларусы ўспрымаюць бежанцаў і асобаў, якія шукаюць прытулку?

— На жаль, няма ніякіх актуальных афіцыйных дадзеных, якія дазваляюць адказаць на гэтае пытанне. Таму Міжнароднае грамадскае аб’яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах “Развіццё”, яшчэ адзін партнёр УВКБ ААН, плануе правесці  сёлета даследаванне ўспрымання і адносінаў беларусаў да бежанцаў і асобаў, якія шукаюць прыстанішча.
Але ў цэлым тое, што мы бачылі дагэтуль на тэлебачанні або ў некаторых публікацыях у прэсе, сведчыць аб тым, што беларусы былі даволі шчодрыя да ўкраінцаў. Я чуў шмат гісторый пра тое, як беларусы дапамагалі ім. Калі я бываю  ў рэгіёнах, многія ўкраінцы гавораць: “Гэта ўсё дзякуючы беларусам,  якія дапамаглі  знайсці кватэру, дапамаглі  знайсці працу…”. У цэлым няма ніякага адчування дыскамфорту з-за такой колькасці лю­дзей, якія раптам прыехалі ў краіну.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter