Драники, «картофельные» блины... Блюда из тёртого картофеля стали историко-культурной ценностью Беларуси

Без бульбы і стол не стол

Гартаючы старонкі гісторыі беларускай кухні, варта згадаць такі анекдот. Мужык быў у цара на абедзе. Калі вярнуўся дадому, жонка ў яго пытае: «Ну як?» Той адказвае: «Усё добра, аднак дранікаў не хапала…» Нават народны гумар падкрэслівае: бліны і аладкі з бульбы яшчэ стагоддзі таму былі адной з галоўных страў на стале беларусаў.

Фота Аляксандра Кулеўскага

Шмат страў беларускай нацыянальнай кухні гатуецца з бульбы. У нашых краях яна з’явілася ў XVII стагоддзі і хутка заняла пачэснае месца ў рацыёне беларусаў. Яе варылі, смажылі, тушылі, запякалі… У наш час толькі з цёртай бульбы беларускія гаспадыні гатуюць больш за 200 страў.

Назва «дранікі» паходзіць ад слова «драць», што значыць «церці». Цеста вырабляюць з сырой бульбы, якую націраюць на буйной або дробнай тарцы. Даўней, калі выбару не было, бульбіны дралі на завостранай дошцы. У цеста дадаюць соль, яйкі, муку. У некаторых рэгіёнах гатуюць без мукі, замест яе выкарыстоўваюць манныя крупы. Па жаданні ў цеста могуць дадавацца цыбуля і часнок. Атрыманую масу перамешваюць і ў выглядзе бліноў смажаць на патэльні на свіным тлушчы або алеі. Дранікі традыцыйна падаюць гарачымі са смятанай, сметанковым маслам, топленым свіным салам.

Страва досыць каларыйная. Таму нашы продкі звычайна елі яе на сняданак, а потым ішлі працаваць у поле. У некаторых рэгіёнах бульбяныя бліны гатавалі загадзя на абед і вячэру, складвалі адзін на адзін у чыгунок і ставілі ў печ, каб яны заставаліся цёплымі.

У савецкія часы шырокае распаўсюджванне атрымалі рэцэпты дранікаў з начынкай з мяснога фаршу. У сучасных кулінарных кнігах сустракаюцца дранікі з дабаўленнем у цеста соды, дражджэй, мукі, тварагу, яек. У якасці начынкі выкарыстоўваюць сардэлькі, грыбы, гарбуз, сыр, вараную моркву і нават мак. Аднак абавязковыя інгрэдыенты для ўсіх рэцэптаў — соль і чорны перац. Менавіта яны не парушаць натуральнага смаку славутай стравы. Можна падаць да дранікаў і традыцыйную беларускую мачанку, якую гатуюць з маленькіх кавалачкаў вэнджаных каўбас, сала.

СМАЧНА ЕСЦІ

Акрамя дранікаў, існуе шмат іншых «бульбяных» рэцэптаў. Ведаеце, што такое бульбяныя пызы, калдуны, бабка, капытка беларуская, клёцкі бульбяныя?.. Калі з якімі-небудзь з гэтых страў вы яшчэ не знаёмы, пры магчымасці абавязкова паспрабуйце. Гарантуем — будзе смачна! 

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter