Як змянiўся дэтэктыўны жанр у беларускай лiтаратуры?

Бейкер–стрыт знаходзiцца ў Мiнску

Калiсьцi Уладзiмiр Караткевiч кiнуў клiч: «Хлопцы, давайце пiсаць дэтэктывы!» Такiм чынам ён спадзяваўся прымусiць людзей чытаць на беларускай мове. Безумоўна, дэтэктыўны жанр заўсёды мае чытачоў. Вось толькi цi ствараецца класiка жанру на беларускай мове ў апошнiя гады? Пра гэта зайшла гаворка на «круглым стале» «Пра жывую лiтаратуру», якi быў надрукаваны ў «СБ» 27 снежня 2017 года. Тады нават узнiкла вострая спрэчка памiж удзельнiкамi... I вось у музеi Максiма Багдановiча падчас прэзентацыi кнiгi маладой пiсьменнiцы Ксенii Шталянковай «Губернскi дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах» таксама адбылася дыскусiя, з якой мы прапануем пазнаёмiцца нашым чытачам.


Людмiла Рублеўская
Людмiла Рублеўская, пiсьменнiца, крытык: Сёння жанр дэтэктыва рэабiлiтаваны. Ён, вядома, можа заставацца ў межах «масавай лiтаратуры». Але могуць быць у iм i глыбокiя пласты, i метатэкст. Урэшце, «Iмя ружы» Умберта Эка знешне — дэтэктыў. Сакрэт удалага дэтэктыўнага праекта — запамiнальны персанаж сышчыка. Вось у Ксенii Шталянковай з’явiлася панна Пракшына, дзяўчына–эмансiпе, якая жыве ў Мiнску XIX стагоддзя, папiсвае раманы i расследуе забойства ў татавым маёнтку.

М.Бараноўскi, навуковы супрацоўнiк музея М.Багдановiча: Так, калi згадваеш пра замежны дэтэктыў, адразу з’яўляюцца iмёны — Пуаро, Фандорын, Шэрлак, айцец Браўн... А калi размова пра беларускую лiтаратуру, трэба пастарацца згадаць сышчыкаў. Гадоў дзесяць таму я хацеў напiсаць дэтэктыў. Але ў мяне так i не знайшлося персанажа, якi стаў бы галоўным героем. У дэтэктыўнай лiтаратуры «непалохаючая функцыя». Ты проста бярэшся чытаць захапляючую гiсторыю. Мушу прызнацца, што ўвогуле да чытання мяне завабiлi дэтэктывы. А менавiта серыйная кнiжка пра Эраста Фандорына.

Мiхал Бараноўскi
Л.Рублеўская: Мяне прывабiлi да беларускай лiтаратуры гiстарычныя дэтэктывы Уладзiмiра Караткевiча.

М.Бараноўскi: Сюжэтаў у нас хапае. Ёсць гiстарычная загадка, якую мы, супрацоўнiкi музея Максiма Багдановiча, даўно хочам разгадаць. Адзiн свой верш Максiм Багдановiч напiсаў, гледзячы на абгортку цукеркi, на якой быў малюнак–загадка: знайсцi Купiдона. Нядаўна я наведаў музей Багдановiча ў Яраслаўлi i пабачыў там такiя старадаўнiя абгорткi з малюнкамi–iлюзiямi. Я вельмi стараўся... Але, як i Багдановiч, так i не знайшоў выявы Купiдона.


Ксенiя Шталянкова
К.Шталянкова: У мяне часта пытаюцца, якiя героi беларускiх вострасюжэтных кнiг мяне натхнялi... Шчыра скажу, што прыпомню мала. Хiба «Чорны замак Альшанскi». Не скажу, што мне вельмi сорамна, бо заўважыла, што калi шмат чытаеш па сваёй тэме, пачынаеш гэтак жа i пiсаць.

Вiктар Шнiп, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура»: У нашым выдавецтве выходзiла серыя дэтэктываў... Калi пачалi серыю, думалi, аўтары зараз актыўна панясуць рукапiсы. Але выйшла некалькi кнiжак, i ўсё на тым скончылася. Цяпер часам нешта дасылаюць, але сёння ў бiблiятэках поўна класiчных дэтэктываў, i новыя не закажуць.

Вiктар Шнiп
М.Бараноўскi: З нядаўняга прыпомню дзве кнiжкi — Мiраслава Адамчыка «Замак» i Адама Глобуса «Карона». Яшчэ раман Мiхася Клiмковiча i Уладзiмiра Сцяпана «Тэолаг»...

Л.Рублеўская: Мiж тым кнiг з дэтэктыўнай iнтрыгай пiшацца дастаткова. Напрыклад, «Iмя грушы» Сяргея Балахонава.

Наста Грышчук, крытык: Гэта нельга назваць чыстым дэтэктывам. Дэтэктыўная iнтрыга ў беларускiх раманах звычайна патрэбная толькi для таго, каб аўтар распавёў пра нейкую праблему, якая ўпiраецца ў беларусацэнтрычнасць, каб яе ў даходлiвай падачы чытачу падсунуць. Той чытае i разумее раптам, што ў салодкай абалонцы — горкая такая пiлюлька пра Беларусь. Гэта манiпуляцыя на свядомасцi чытача. А павiнна быць проста добрая гiсторыя, якая напiсана на беларускай мове не таму, што «трэба несцi чытачу беларускую мову». У гэтым, дарэчы, вялiкi плюс кнiгi Шталянковай «Губернскi дэтэктыў». Нацыянальнае пытанне ўсё роўна ўзнiкае, але няма завыванняў «невясёлая старонка наша Беларусь», якiя цягнуцца ўжо гадоў дзвесце.

Аляксандра Дварэцкая
Аляксандра Дварэцкая, перакладчык, журналiст: Наконт пiлюлькi, пра якую Наста казала... Ёсць украiнская пiсьменнiца Сафiя Андруховiч. Яе раман «Фелiкс Аўстрыя» стаў лепшай кнiгай года ва Украiне. Там, можа, не чысты дэтэктыў, але балючыя рэчы пададзеныя праз дэтэктыўную iнтрыгу. I гэта лепш, чым, як часта ў нас бывае, чытачу прапаноўваюць нейкiя iдэi–слупы, на якiя ён лезцi не хоча.

В.Шнiп: Дэтэктыўны жанр складаны, адзiн з цяжэйшых. Каб нешта новае напiсаць, трэба прачытаць, што напiсана да цябе. Мода на жанры прыходзiць i сыходзiць. Як на караблi, нехта крыкнуў: «Якi прыгожы бераг!» — i ўсе кiнулiся на адну палубу, карабель пахiлiўся да дэтэктываў. Тады крык з другога боку — i карабель пахiлiўся да берага нон–фiкшн. Некалькi чалавек пры гэтым заўсёды застануцца на сваёй пазiцыi.

Н.Грышчук: Каб напiсаць добры дэтэктыў, трэба ведаць канонныя правiлы. Напрыклад, ёсць прыём — злачынцам аказваецца хтосьцi непрыкметны, на каго не падумаюць.

Наста Грышчук
К.Шталянкова: Я вельмi не люблю, калi ты сочыш за гiсторыяй, а потым аўтар не ведае, як скончыць, нехта ўскоквае ў сюжэт, i высвятляецца, ён i ёсць злачынец. Многiя аўтары дэтэктываў бяруць сiтуацыi амаль дакладна з архiваў, з жыцця. Мне больш прыемна ствараць гiсторыю выдуманую. Яшчэ ў класiчным дэтэктыве звычайна няма любоўнай лiнii. Шэрлака Холмса толькi аднойчы ўразiла жанчына. У Эркюля Пуаро была дама сэрца, але гэтая акалiчнасць згубiлася на фоне прыгодаў. Але я падумала, што гэта немагчымая сiтуацыя — зусiм без кахання, i яно стала адной з галоўных лiнiй у маёй кнiзе.

В.Шнiп: Усплёск класiчных беларускамоўных дэтэктываў быў у дзевяностыя. А рускамоўны дэтэктыў у нас iснаваў i дагэтуль, пiшацца i цяпер, можна згадаць шэраг аўтараў ад Мiкалая Чаргiнца з ягоным маёрам Ветравым да Вольгi Тарасевiч. Мы выдавалi дэтэктывы Сяргея Трахiмёнка, Анатоля Разановiча...

М.Бараноўскi: У 1990–я ў серыi «Першая кнiга празаiка» выйшаў раман Максiма Клiмковiча — класiчны герметычны дэтэктыў. Дэтэктыўныя апавяданнi Адама Глобуса таксама запомнiлiся.

Л.Рублеўская: Кнiга Мiраслава Шайбака «Забойства на Каляды» — класiчны дэтэктыў. Дзеянне адбываецца ў закрытай прасторы, старажытная сядзiба шляхцiца Антона Кастравiцкага, забойца — нехта з прысутных. Праўда, разгадка нечаканая, у духу 1990–х: злачынцу знайшлi, але высветлiлася, што прычынай забойства была... беларуская мiфалогiя.

М.Бараноўскi: Горкая пiлюлька, пра якую згадвалася?

А.Дварэцкая: У рамане «Ноч Цмока» Валерыя Гапеева яна таксама ёсць. Хаця напачатку сюжэт класiчнага дэтэктыва: на ўзараным полi знойдзена цела дзяўчыны, а вакол нiякiх слядоў. У Алеся Пашкевiча ў «Сим победиши» дэтэктыўная iнтрыга таксама ёсць.

М.Бараноўскi: Помню, у «ЛiМе» друкавалiся апавяданнi пад псеўданiмам. Вось там быў запамiнальны следчы, рэстаўратар у капелюшы...

Л.Рублеўская: Так, разумею, што ты маеш на ўвазе. Тэафiлiя Сабоцкая i Уладзiмiр Сакалоў — калектыўныя псеўданiмы Мiраслава Адамчыка, Адама Глобуса i Максiма Клiмковiча. А вось нядаўна з’явiўся аўтар, Уладзiмiр Мажылоўскi. У яго ёсць i гiстарычныя дэтэктывы, i сучасныя. На лiтаратурным конкурсе, прысвечаным 100–годдзю беларускай мiлiцыi, ягоны твор пра пошук украдзенага старажытнага пярсцёнка заняў першае месца. Чула, нехта сёння ўзяўся за персанажа, якога згадвае Уладзiмiр Караткевiч у «Чорным замку Альшанскiм» — следчага XVI стагоддзя Станкевiча. Шмат забытага... Неяк пiсала пра Эдуарда Самуйлёнка, у яго быў такi раман — «Тэорыя Каленбрун», пра шпiёнаў i дыверсантаў. Колькi такога не перавыдавалася!

М.Бараноўскi: Згадваюцца яшчэ «Афганская шкатулка» i «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкi, дэтэктывы для падлеткаў.

Л.Рублеўская: Тое ж — «Прынцэса тусоўкi» Яўгена Хвалея.

М.Бараноўскi: А вось чаму няма ў нас свайго «В августе 44–го»? Дзiўна, пра вайну напiсалi шмат, а з вострасюжэтным дэтэктыўным замутам — не згадаю.

Л.Рублеўская: Быў нейкi час вельмi папулярны касмiчны дэтэктыў — разблытванне злачынства ў антуражы навуковай фантастыкi. У дзяцiнстве чытала такое Мiколы Гамолкi, пра шпiёнаў на Месяцы. Ёсць фэнтэзi–дэтэктыў, як у Макса Фрая. У шведскай пiсьменнiцкай школе нам казалi, што самы папулярны ў Швецыi жанр — дэтэктыў для дзяцей. Нават для самых маленькiх, у комiксах. Трэба, напрыклад, адгадаць, хто ўкраў з музея мумiю. Ёсць у тых кнiжках следчыя–дзецi... Вось гэтая нiша ў нас практычна не запоўненая.

В.Шнiп: Можа быць, у нас мае перспектывы вясковы дэтэктыў. Сышчыкам там можа быць настаўнiк. Альбо вясковы паштальён — нiхто ж не западозрыць, што ён вядзе расследаванне. Карацей, беларускi дэтэктыў павiнен адлюстроўваць нашу асаблiвую, беларускую ментальнасць. А выдаўцы чакаюць.

rubleuskaja@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter