Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Беларуская мова вылучаецца процілеглымі фанетычнымі працэсамі, якія паслядоўна адлюстроўваюцца на пісьме. Гаворка ідзе пра выпадкі, калі ў слова ўстаўляецца нейкі гук, часцей [в] і [й]: пав?ук, ців?ун, карав?ул, Лявон, Ларывон, Радзівон, Матэвуш, Навум, Навумаўка, Тадэвуш, аксіёма ([йо]), дыета ([йе]), хімія ([йа]). Устаўка ў сярэдзіну слова гука называецца эпентэзай (з грэч. epenthesis — устаўка). У словах тыпу сэрца, абласны, позна назіраем адваротнае — пэўныя гукі выпадаюць са слова. Такую з’яву прынята называць дыярэзай (з грэч. diaresis — выпадзенне). У падручніках яна падаецца як спрашчэнне груп зычных. Могуць выпадаць не толькі гукі, але і склады. Гэты працэс атрымаў назву гаплалогіі (з грэч. gaplos — просты; чысты, сапраўдны і logos — веды, слова). Прадстаўлена ў словах мінералогія (замест мінералалогія), знамяносец (замест знаменаносец), военачальнік (замест ваеннаначальнік). Заўважым, што ў самім слове гаплалогія выпадзення “лішняга” складу не назіраецца.
Спрашчэнне некаторых груп зычных адбылося яшчэ ў агульнаславянскую (дапісьмовую) эпоху і было выклікана дзейнасцю закону адкрытага складу, а ў пісьмовую пару — стратай рэдукаваных галосных. У агульнаславянскім *съпнъ першы склад быў закрытым, яго “замыкаў” зычны, што знаходзіўся перад наступным зычным. У выніку дзейнасці закону адкрытага складу першы зычны п выпаў, усе склады сталі адкрытыя: сънъ, што ў пісьмовую эпоху (пасля страты рэдукаваных) дало сон (з сънъ).
У агульнаславянскую эпоху змяніліся такія групы зычных, як бв Ы б (*обвозъ — обозъ — абоз), бн Ы н (пагібель, гінуць), дн Ы н (кідаць, кінуць), дм Ы м (плод, племя). У гісторыі славянскіх моў вядома таксама спрашчэнне ў спалучэннях зычных як з’ява не агульнаславянская, а ўсходнеславянская (Ф.Янкоўскі). Маюцца на ўвазе спалучэнні дл (кладу і клала), тл (мяту і мяла) і дм (седмъи). У апошнім слове яшчэ ў дапісьмовую пару ва ўсходніх славян зычны д выпаў, атрымалася сем (рус. семь). У рускай мове седьмой — са стараславянскай мовы. У беларускай і ўкраінскай мовах ужываецца заканамерная ўсходнеславянская форма без д: сёмы і сьомий. Параўнаем: балг. седем, польск. siedem.
Гісторыя сведчыць, што спрашчэнне груп зычных пачынае адбывацца яшчэ ў дапісьмовую эпоху. Інтэнсіўны працяг яго прыпадае на час, калі з’яўляецца пісьмо. І гэта натуральна, бо абазначэнне слоў літарамі патрабавала эканомнасці: гукі, якія гублялі сваю “інфарматыўнасць”, знікалі з пісьма. “Выгнанне” невымаўляльных зычных з пісьма — даволі прагрэсіўны ход развіцця мовы. Як бачым, дыярэза паслядоўна адлюстроўваецца ў мовах агульнаславянскай эпохі: у пісьмо трапляюць ужо спрошчаныя формы. Гэты працэс прыпыняецца ў пісьмовую эпоху, напрыклад, у рускай мове: агентство (агенцтва), гигантский (гіганцкі), дилетантский (дылетанцкі), костный (косны), ненавистный (ненавісны), счастливый (шчаслівы), тростник (траснік), хлестнуть (хляснуць), целостный (цэласны), яростный (ярасны).
Пісьмо не “церпіць” лішніх літар. Канечне, толькі пры ўмове, што не губляецца сэнс слова. Як далёка можа пайсці гэты працэс? Пэўны адказ на пытанне дае гульня “Зрокавыя ілюзіі, ці На што здольны наш мозг”, калі падаецца тэкст з хаатычным размяшчэннем літар у слове, акрамя першай і апошняй. Пры беглым чытанні тэкст распазнаецца, хаця напісаны зусім не па правілах: “Мзог члаевка за лчіаныя скеудны ўлкчюае саве рзэеврныя свузяі, дабуўвадоючы солва”. Галоўнае, каб для чалавека пададзеныя словы былі звыклымі, добра вядомымі. Не заклікаю да такога “правапісу”, аднак ён можа праілюстраваць натуральнасць узнікнення дыярэзы: выпадзенне адной літары не шкодзіць асэнсаванню слова. Напрыклад, у слове птаства з ранейшых дзесяці гукаў засталося сем.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” маецца істотнае ўдакладненне, якое тычыцца запазычаных слоў са спалучэннем зычных стн. У “Правілах” 1959 года была зроблена заўвага: у прыметніках, утвораных пры дапамозе суфікса -н- ад назоўнікаў іншамоўнага паходжання з канцавым ст, спалучэнне літар стн захоўваецца. На сёння гэтае выключэнне ліквідавана.
Гістарычныя спалучэнні здн, згн, ждн, кдз, лвт, рдн, рнч, стн, скн, стл вымаўляюцца як зн, жн, дз, ўт, рн, нч, сн, сл, што і адлюстроўваецца на пісьме:
здн — зн: праязны, выязны (параўн.: прыезд, выезд), позна, спазніцца, Познышаў;
згн — зн: бразнуць (параўн.: бразгаць);
ждн — жн: кожны (параўн.: рус. каждый);
къд — кдз — дз: дзе (параўн.: къде);
лвт — ўт: паўтара (параўн.: полвътора);
рдн — рн: міласэрны, міласэрнасць (параўн.: сардэчны);
рнч — нч: ганчар (параўн.: гърньчаръ);
стн — сн: бязлітасны (параўн.: літасць), пачэсны (параўн.: чэсць), ненавісны (параўн.: нянавісць), існаваць (параўн.: істота), скарасны (параўн.: скорасць), колькасны (параўн.: колькасць), абласны (параўн.: вобласць), капусны (параўн.: капуста), посны (параўн.: пост), гуснуць (параўн.: густы, гусцець), абвесны (параўн.: абвестка, абвясціць), месны (параўн.: змястоўны, месца);
тое ж у запазычаннях: кантрасны (параўн.: кантраст), кампосны (параўн.: кампост), фарпосны (параўн.: фарпост);
скн — сн: бліснуць (параўн.: бліскаць, бліскавіца, бляск), пырснуць (параўн.: пырскаць), пляснуць (параўн.: пляскаць), ляснуць (параўн.: ляскаць), трэснуць (параўн.: трэскаць); але: віскнуць, націскны;
стл — сл: жаласлівы (параўн.: жаласць), шчаслівы (параўн.: шчасце), карыслівы (параўн.: карысць), няўрымслівы (параўн.: урымсціцца), помслівы (параўн.: помста), паслаць (параўн.: пасцялю, пасцель).
Спалучэнні зычных ск, ст, c’ц’ на канцы кораня слова могуць чаргавацца з шч, што і перадаецца на пісьме: воск — вашчыць, густы — гушчар, хрысціць — хрышчоны. Калі каранёвае с стаіць побач з суфіксальным к, якое можа чаргавацца з ч, то спалучэнне гукаў [с] і [ч] (у вымаўленні — [шч] перадаецца як сч. Напісанне сч захоўваецца і ва ўсіх вытворных словах: пясчынка, пясчанік, супясчаны, супясчанік, брусчатка.
Па традыцыі спалучэнне зычных дт на канцы слоў іншамоўнага паходжання перадаецца праз т: Гумбальт, Кранштат, Брант, Рэмбрант, Шміт, Клот, Клімт, Шарт, Рохштат, Гольдшміт, фарштат.
Дзень добры! Як правільна перакласці на беларускую мову словазлучэнне за бескорыстный труд. Буду вельмі ўдзячны за аператыўны адказ. golas-09
— Трэба адрозніваць міжмоўныя амонімы: карыслівы, што адпавядае рускаму корыстный, і карысны, які адпавядае рускаму полезный. Часам няправільна дзякуюць за бескарысную працу, чытай: бесполезную. Асабліва гэта не да месца, калі так пішуць у некралогу, што не раз даводзілася бачыць. Правільна: за бескарыслівую працу.
Добры вечар! Скажыце, калі ласка, які корань у словах сон і спаць? Дзякуй.
— На сёння гэтыя словы не ўспрымаюцца як словы аднаго кораня, хаця яны паходзяць ад *съп-. Мы ўжо гаварылі пра спрашчэнне групы зычных спн. Выпадзенне п з агульнаславянскага *пн адбылося яшчэ ў дапісьмовую эпоху. Пасля страты рэдукаваных суфікс -н- стаў неаддзельны ад кораня: *съпнъ Ы сънъ Ы сон. У слове спаць корань съп- страчвае толькі рэдукаваны ъ: съп Ы сп. Такім чынам, сёння мы выдзяляем корань сон/сн- (з улікам беглай галоснай) у слове сон і сп- у слове спаць.
Добрага часу сутак! Як правільна вымаўляецца прозвішча Рэмбрандт? Націск падае на першы ці другі склад? vika
— Вы не зусім правільна напісалі гэтае прозвішча. Па-беларуску трэба пісаць Рэмбрант. Націск падае на першы склад.
Добры дзень! Як правільна напісаць па-беларуску словазлучэнне согласно Ништадтскому договору? Дзякуй. johen
— Правільна: згодна з Ніштадскай дамовай.